Гебрэмарыям: Палітзняволеная з-за кратаў спытала, ці людзі будуць яе цкаваць, калі яна падпіша памілаванне і выйдзе на свабоду, ці дапамогуць ёй беларусы

У дэмакратычных сіл няма адзінай пазіцыі наконт вызвалення палітвязняў. Адна з папулярных пазіцый — «ніякіх перамоў з рэжымам». Прадстаўніца politzek.me і былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям раскрытыкавала бяздзейнасць апазіцыі.

Алана Гебрэмарыям. Фота: tut.by

Алана Гебрэмарыям. Фота: tut.by

4 жніўня ў Вільні на трэцяй канферэнцыі «Новая Беларусь» адна з панэляў была прысвечана тэме палітвязняў — іх вызваленню і рэабілітацыі. Сярод шасці спікераў і спікерак была асуджаная ў 2021 годзе на 2,5 гады калоніі па «справе студэнтаў» Алана Гебрэмарыям. Яна расказала, чаму неабходна пачаць перамовы за вызваленне палітзняволенных. «Медыязона» пераказвае яе прамову.

«"Акно магчымасцей", якім трэба скарыстацца»

— Вітаю ўсіх, мяне завуць Алана Гебрэмарыям, я былая палітзняволеная, таксама супрацоўніца politzek.me і проста неабыякавая беларуска. І сёння я тут не проста як актыўная беларуска, а яшчэ таму, што сэрцам я з людзьмі, якія знаходзяцца цяпер у калоніі на Антошкіна ў Гомелі. Там, дзе сядзела ў тым ліку і я. Дзе сядзелі экс-палітзняволеныя дзяўчаты, якія знаходзяцца тут. Таксама дзякуй вам, што вы тут і вы вытрымалі гэты цяжкі шлях.

Яны стаяць пад спякотным сонейкам на пляцы па 40 хвілін. Яны чысцяць зубнымі шчоткамі фантаны, прыбіраюць лужы анучамі і праходзяць праз гэта кожную хвіліну. Мне не хацелася б, каб мы забывалі пра гэта.

Таму ў тым ліку я сёння з хусткай каланійскай формы — гэта жаночая форма. Я не павязала яе на валасы, каб нікога не траўматызаваць, не трыгерыць. Але вось так людзі выжываюць кожны дзень.

Мы бачым апошнія прэцэдэнты, якія адбываюцца ў свеце. Тут я, канешне, гавару пра расійска-ўкраінскі абмен, пра апошні абмен Расіі з заходнімі краінамі. Трэба сказаць пра як мінімум 19 палітзняволеных, якія выйшлі з беларускіх турмаў. Усе гэтыя працэсы адбываюцца цяпер: яны не заканчваюцца, як пішуць шматлікія тэлеграм-каналы і СМІ.


Глядзіце таксама

Зараз у калоніі прыходзяць супрацоўнікі розных структур: выклікаюць людзей наконт напісання памілаванняў, прызнання віны, інтэрв’ю, у тым ліку просяць выехаць разам з сям’ёй і не вяртацца ніколі больш у Беларусь. Гэта адбываецца кожны дзень. З таго, што мы ведаем ад сваякоў, — большасць людзей прымаюць гэтыя прапановы. І цяпер рыхтуюцца далейшыя вызваленні людзей.

Мяне вельмі расчароўвае, што часта я чую мэседжы на сустрэчах, на канферэнцыях, на разлічных пляцоўках пра тое, што з дыктатурай не можа быць дыпламатыі, што гэтыя людзі зрабілі гераічны ўчынак (гэта праўда) і што яны павінны сядзець, таму што гэта іх выбар. І агулам, што памілаванне і ўсе прызнанні віны — гэта пра здраду, пра неправільныя нейкія дзеянні, што яны павінны стойка вытрымаць гэты шлях.

Нават з тэрарыстамі спрабуюць дамаўляцца, каб дастаць людзей з палону. Людзі цяпер знаходзяцца ў палоне, і мы не павінны забываць, што гэта працягваецца 4 гады. Я лічу, што мы знаходзімся ў тупіку па гэтым пытанні. Цяпер, па сутнасці, адкрылася тое «акно магчымасцей», якім можна скарыстацца. Якім трэба скарыстацца.

Палітзняволеная спытала, ці людзі будуць яе цкаваць за памілаванне

Я вызвалілася у лістападзе 2022 года, але да гэтага часу адчуваю адказнасць за гэтых людзей. Я паабяцала гэтым людзям, што буду рабіць усё магчымае для таго, каб яны выходзілі. І ўнутры там ім няважна, якімі шляхамі гэта будзе адбывацца. Я цяпер гавару пра большасць. Ёсць асобныя людзі, якія, канешне ж, гатовыя сядзець да канца. І гэта іх выбар. І ніхто, ні адзін бок, ні другі бок, не павінны гэта асуджаць.


Глядзіце таксама

Нядаўна дачка адной з палітзняволеных, да якой прыйшлі з памілаваннем, была на кароткім спатканні. І яе маці запытала, ці людзі будуць яе цкаваць, калі яна падпіша памілаванне і выйдзе на свабоду. Ці дапамогуць ёй увогуле беларусы, калі яна захоча з’ехаць. Ці падтрымаюць яе.

Гэта вельмі балюча, калі мне такое перадаюць. У калоніях людзям кожны дзень прыносяць раздрукоўкі — паказваюць, якія дыскусіі адбываюцца ў дэмакратычным полі, што людзі думаюць пра памілаванне, прызнанне віны, што іх асуджаюць, гэтых людзей. Для іх гэта вельмі сур’ёзнае і складанае пытанне.

«Я прашу ў вас дапамогі»

І тут мне здаецца, што мы як дэмакратычна настроенае грамадства павінны пазбавіцца любых ацэнак гэтых дзеянняў. Узвесці жыццё чалавека як самую галоўную каштоўнасць, найвышэйшую. Рэабілітацыя, перадачы, дапамога дзецям і ўсё, што цяпер адбываецца ў дачыненні да палітзняволеных і іх сем’яў, да экс-палітзняволеных — гэта вельмі важна. Трэба працягваць — і дзякуй арганізацыям, якія гэтым займаюцца.

Але самая галоўная наша стратэгічная мэта — гэта перамовы і вызваленне гэтых людзей. Менавіта цяпер гэтым варта займацца нам як супольнасці, як лідарам, у якіх ёсць сувязі з Захадам і з Амерыкай. Таму што, калі не будзе вызвалення, рэабілітаваць будзе няма каго. Гэтыя людзі элементарна не дажывуць. Кожны дзень з’яўляюцца новыя людзі, у тым ліку ў гуманітарным спісе. Апошні выпадак — не магу агучыць прозвішча і захворванне, але чалавек проста перадаў, што ён не дажыве да сазвону, і вельмі прасіў дапамогі ад праваабарончых арганізацый.

На заканчэнне я хацела б сказаць, што цяпер самы лепшы час, каб максімальна паўплываць на працяг працэсу вызвалення. Я звяртаюся да міжнарожных партнёраў. Ёсць таксама меркаванне большасці сваякоў і экс-палітзняволеных, і зняволеных, якія перадаюць просьбы сваякам. Яны хочуць выйсці і просяць дамагчыся гэтага любымі спосабамі. Яны гатовыя на перамовы нават з Лукашэнкам.

Я прашу ў вас дапамогі, каб выцягнуць іх з гэтага пекла, і яны просяць у вас дапамогі. І жывуць яны цяпер толькі гэтай надзеяй, што адкрылася гэтае «акно магчымасцей», пра якое яны ведаюць. Уключыцеся, калі ласка, у гэтыя перамовы. Дапамажыце нам з гуманітарным вызваленнем людзей, таму што гэта самае цяпер важнае.


Глядзіце таксама

І беларускім калегам хочацца таксама сказаць, што «вывучаная бездапаможнасць» — ужо не варыянт для нас. Гаварыць, што мы не можам гэта змяніць, — таксама. Прайшо ўжо 4 гады, і цяпер варта аддзяліць гуманітарную місію ад палітычных амбіцый і адгаворак. Усе свае назапашаныя кантакты і палітычную вагу варта ўключыць у гэтую камунікацыю з нашымі партнёрамі, якія самі выказваюць жаданне дапамагчы нам цяпер, у тым ліку пасля расійскага прэцэдэнта з вызваленнямі.

Я хацела б скончыць, што трэба зрабіць працу па вызваленні людзей прыярытэтам не на словах, а ўсё-ткі на дзеяннях. І нарэшце пачаць сумесна, супольна, без сварак і спрэчак вызваляць людзей, якім мала засталося, якія ўжо не могуць чакаць. І на нас гэтая адказнасць. Дзякуй вялікі.