Навумчык: Чаму Беларусь цяпер — на перыферыі заходняй палітыкі?
У высокага чыноўніка Белага дому ў момант, калі аддавалася распараджэнне наконт вызвалення палітвязняў з палону і абмену на шпіёнаў, слова «Беларусь» у мазгах не ўзнікла. Палітык і журналіст Сяргей Навумчык у сваім тэлеграм-канале — пра тое, чаму Шольцу было б выгадна прасіць выдачы Марыі Калеснікавай.

Думаю, мае рацыю Павал Латушка, кажучы, што нядаўні абмен быў вынікам супрацоўніцтва ЦРУ, СЗВ (Службы знешняй выведкі РФ) і ФСБ РФ.
Але гэта толькі адзін, тэхнічны ўзровень. Спецслужбы (і ЗША, і РФ) выконвалі палітычную замову вышэйшага кіраўніцтва. За выключэннем двух-трох чалавек з абодвух бакоў, пра якіх спецслужбам маглі быць дадзеныя персаніфікаваныя ўказанні (скажам, Пуцін быў зацікаўлены ў вызваленні Красікава, Байдэн – Гершковіча, Курмашавай і, да яго забойства, Навальнага), наколькі я магу ўявіць, па астатніх даваліся агульныя, не персаніфікаваныя ўказанні, і не на ўзроўні Байдэна – найхутчэй, на ўзроўні Салівана, дарадцы ў справах нацбяспекі.
І ўказанні былі такога кшталту: плюс – пяць-шэсць расійскіх палітычных фігураў, якія ў турмах, якіх канкрэтна – вырашайце па сітуацыі. І калі б было вымаўлена слова «і беларускіх» - перамоўшчыкі са спецслужбаў гэта мелі б на ўвазе. І прапанавалі б далучыць да расійскіх палітвязняў некалькіх беларускіх.
Ва ўсякім разе, журналістаў амерыканкай карпарацыі «Свабодная Еўропа — Свабода», якая фінансуецца Кангрэсам ЗША, Ігара Лосіка (15 гадоў узмоцненага рэжыму) і Андрэя Кузнечыка (6 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама грамадзяніна ЗША Юрыя Зянковіча, — уключыць у спіс прапановы Крамлю былі ўсе падставы.
І я перакананы, што Лукашэнку давялося б іх (альбо некага з іх) вызваляць – як давялося яму адрапартаваць Пуціну: «Будет исполнено, товарищ начальник!» — і вызваляць нямецкага грамадзяніна.
Глядзіце таксама

7Не ведаю нічога пра Зянковіча, але што датычыць Лосіка і Кузнечыка, нават з адкрытых крыніцаў вядома, што і кіраўніцтва карпарацыі Радыё Свабода рэгулярна нагадвае пра іх лёс, і дзяржсакратар Блінкен пра іх казаў, і Святлана Ціханоўская звяртала ўвагу Рады бяспекі ААН.
Але, нягледзячы на гэта, у высокага чыноўніка (ці чыноўнікаў) Белага дому ў момант, калі аддавалася распараджэнне, слова «Беларусь» у мазгах не ўзнікла. Як не ўзнікла ў Шольца думка пра Калеснікаву (хай і не грамадзянку ФРГ, але, як я разумею, сталую жыхарку Нямеччыны, якая там плаціла падаткі – пры тым што яе вызваленне Шольцу было выгодна для апраўдання нямецкаму грамадству выдачы ФСБшнага забойцы).
Глядзіце таксама

І гэта сведчыць пра тое, што Беларусь не тое што не знаходзіцца ў прыярытэце рэальнай міжнароднай палітыкі, але і на першай перыферыйнай лініі ўвагі. Ва ўсякім разе, пакуль што.
Без асэнсавання гэтай ісціны, паўтараю, рухацца далей немагчыма.