«Узімку зняволеныя часам замярзаюць, а летам, нягледзячы на спякоту, не могуць распрануцца»
Сёння ў Беларусі 1 253 жанчыны асуджаныя паводле палітычна матываваных справаў. 288 з іх асуджаныя да пазбаўлення волі. «Вясна» распытала палітзняволеных, як у калоніі №4 рэгулюецца знешні выгляд і папрасіла юрыстаў даць каментар пра гэта.
Калі жанчыны трапляюць у калонію, у іх забіраюць рэчы, у якіх яны прыехалі. Пакінуць могуць нямногае — і тое чорнага колеру, хоць у інструкцыі прапісана, што можна насіць цёмна-зялёны, цёмна-сіні і карычневы. Цяпер забіраюць нават не чорныя шкарпэткі, хоць раней былі дазволеныя і іншыя колеры, таму, напрыклад, у атрадах ёсць людзі, якія ходзяць у каляровых шкарпэтках.
Наўзамен даюць пераапрануцца ў ружовую сукенку, потым — выдаюць пад подпіс усю форменную вопратку. Часцей за ўсё яна ружовага колеру. Даюць і абавязковую целагрэйку: насіць яе трэба абавязкова, калі абвяшчаюць. Яна вельмі цяжкая, але пры гэтым абсалютна не грэе. Калі тэрмін больш за год, часта даюць новыя рэчы, калі менш — могуць даць ношанае.
— Раней выдавалі хусткі, якія можна было завязаць і кутком прыкрыць шыю, — распавядае адна з палітзняволеных. — Гэта дазваляла ледзь-ледзь захаваць цяпло. Цяпер сталі выдаваць шапкі, якія называюць "гандонкамі": яны прыліпаюць да галавы цалкам, у іх няма адваротаў, шыя голая, каўнер падняць немагчыма. Шыя цалкам голая. У іх было вельмі холадна.
Абутак у калоніі не вельмі зручны: грубыя чаравікі, сланцы і туфлі на плоскай падэшве — іх называюць "чувякамі". Цяжкія туфлі націраюць мазалі. У такім адзенні, што часта не пасуе пад клімат, зняволеным нярэдка даводзіцца стаяць на вуліцы на аглядах. Зімовыя туфлі ўнутры ніяк не ўцепленыя, таму ў іх досыць холадна. Паколькі яны кароткія, ногі ў іх перыядычна мерзнуць.
— Абутак і адзенне могуць даць не па памеры, — успамінае адна з палітзняволеных. — Мне далі зімовыя туфлі на некалькі памераў большыя, я надзела іх адзін раз, бо так трэба было паводле правілаў, на адно з мерапрыемстваў калоніі з удзелам адміністрацыі. На астатні час у мяне былі свае туфлі. Я хадзіла ў іх паўдня — і мне сцерла нагу. Прычым не ў шкарпэтцы або пятцы, а там, дзе матэрыял зверху, на ўзроўні шчыкалаткі. У мяне да гэтага часу ёсць невялікі шнар на назе ад гэтага.
Палітзняволеныя распавядаюць, што вопратку шыюць на мясцовай швейнай фабрыцы разам з адзеннем для мужчынскіх калоній і службовай формай супрацоўнікаў міліцыі.
— Для жаночай калоніі дазваляецца значна больш браку, чым для міліцэйскай формы, — кажа адна з палітзняволеных. — Тканіны закупляюць упрытык, таму практычна любы брак, за выключэннем нейкіх дзірак, можна прапускаць. Калі шыецца форма для супрацоўнікаў міліцыі, так рабіць нельга. Таму часта бывае, што выкрайкі не заўсёды карэктныя.
Можна перадаць рэчы, але яны павінны быць цалкам узгодненымі з інструкцыямі, перш за ўсё — прымаюцца рэчы выключна чорнага колеру. Напрыклад, пальчаткі або шалікі ў калоніі не выдаюць, таму калі сваякі іх не перадалі, даводзіцца абыходзіцца без іх. Каб вырашыць гэтае пытанне, жанчыны выкручваюцца па-рознаму: напрыклад, адна з іх прыдумала завязваць калготкі замест шаліка.
Як зняволеныя мусяць выглядаць, згодна з законам?
Праваабаронцы задалі юрыдычнай службе "Вясны" пытанні аб тым, як рэгулюецца знешні выгляд жанчын у зняволенні.
— Якімі нацыянальнымі нормамі рэгулюецца знешні выгляд зняволеных?
— Знешні выгляд асуджаных рэгулюецца Крымінальна-выканаўчым кодэксам (далей – КВК), Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў і Пастановай Савета Міністраў ад 28 красавіка 2010 г. № 632.
Згодна з ч. 1 арт. 94 КВК, асобам, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах, забяспечваюцца неабходныя жыллёва-бытавыя ўмовы, якія адпавядаюць правілам санітарыі і гігіены. Нормы рэчавага забеспячэння ўстанаўліваюцца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў, зацверджаных пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2000 г. № 174 (далей – Правілы), асуджаныя забяспечваюцца трохразовым гарачым харчаваннем, адзеннем, сподняй бялізнай і абуткам, а таксама пасцельнымі прыналежнасцямі паводле ўстаноўленых нормаў (п. 349). Акрамя таго, у правілах замацоўваецца абавязак асуджаных насіць вопратку ўстаноўленага ўзору, а ў папраўчых калоніях асаблівага рэжыму – спецыяльнага ўзору, нагрудныя і нарукаўныя знакі для асуджаных згодна з дадаткам 4, за выключэннем асуджаных, якія змяшчаюцца ў папраўчыя калоніі-паселішчы (п. 57.8).
Пастановай Савета міністраў ад 28 красавіка 2010 г. № 632 устаноўленыя нормы рэчавага забеспячэння асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах і арыштных дамах.
Жанчынам выдаюцца:
Галаўны ўбор зімовы; Хустка; Паўпаліто ватовае; Касцюм (жакет і спадніца); Сукенка; Блуза; Штаны трыкатажныя; Сарочка (майка); Трусы (панталоны)Трусы (панталоны) уцепленыя (з начосам); Бюстгальтар; Шкарпэткі баваўняныя; Калготкі; Туфлі; Тапачкі; Чаравікі; Боты гумовыя (выдаюцца асобам, якія выконваюць вонкавыя працы і (або) працуюць у халодных памяшканнях); Шкарпэткі паўшарсцяныя.
— Ці парушаюць нормы такога тыпу правы чалавека?
— Адміністрацыя калоніі ўжывае нормы шырока. Так яна аказвае ціск на асуджаных, прыцягваючы іх да адказнасці за злосныя непадпарадкавання законным патрабаванням адміністрацыі, у выпадку нашэння адзення не паводле ўстаноўленай формы. Узімку зняволеныя часам замярзаюць, а летам, нягледзячы на спякоту, не могуць распрануцца. Часам такія пакуты могуць быць расцэненыя як жорсткія, бесчалавечныя або прыніжальныя годнасць абыходжанне і пакаранні.
— Як гэта адлюстроўваецца ў міжнародных нормах? Як яны суадносяцца з нацыянальнымі?
— У Мінімальных стандартных правілах абыходжання са зняволенымі паказана, што зняволеным варта выдаваць адзенне, якое адпавядае клімату і якое дазваляе падтрымліваць здароўе ў здавальняючым стане.
У нацыянальным заканадаўстве не пазначана, што адзенне мусіць адпавядаць клімату і падтрымліваць здароўе ў здавальняючым стане.
— Як з юрыдычнага погляду можна ахарактарызаваць тое, якія пакаранні даюць за неадпаведнасці ў знешнім выглядзе?
— Абавязак насіць адзенне ўстаноўленага ўзору і паводле ўстаноўленай формы ўскладаецца на асуджаных. За невыкананне правілаў унутранага распарадку, асуджаныя прыцягваюцца да дысцыплінарнай адказнасці. У выпадку, калі ў гарачы дзень чалавек захоча зняць частку адзення або расшпіліцца, яго прыцягнуць да адказнасці за парушэнне правілаў. У якасці пакарання могуць ужыць змяшчэнне ў клетку або дысцыплінарнае спагнанне: вымова, пазбаўленне спатканняў, змяшчэнне ў ШІЗА ды іншае (арт. 112 КВК). У выпадку прыцягнення цягам года да дысцыплінарнай адказнасці некалькі разоў, чалавека могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы паводле арт.411 КК і дадаць тэрмін.
Напрыклад, вытрымка з аднаго з прысудаў:
Прысудам раённага суда К. асуджаны за злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК). Згодна з прысудам К. наўмысна, жадаючы аказаць злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі ПУ "ПК", насуперак устаноўленым правілам адбыцця пакарання, на працягу года з дня накладання дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу дапусціў злосныя непадпарадкаванні законным патрабаванням адміністрацыі ПУ "ПК", якія выявіліся, у тым ліку, у тым, што:
13 сакавіка 2019 г. у 20 гадзін 5 хвілін К., які змяшчаецца ў камеры ПКТ № 18, парушыў форму адзення для асуджаных, што ўтрымліваюцца ў ШІЗА, ПКТ: знаходзіўся ў камеры без курткі х/б з нагрудным знакам, законныя патрабаванні прадстаўніка адміністрацыі ПУ "ПК" – кантралёра М. перастаць парушаць форму адзення не выканаў, у 20 гадзін 30 хвілін пры паўторным абыходзе працягваў хадзіць у камеры без курткі х/б з нагрудным знакам, чым парушыў падп. 57.8, у адпаведнасці з якім асуджаныя абавязаны насіць адзенне ўстаноўленага ўзору.