Хронікі рэпрэсій за 6 жніўня: Мікола Дзядок — амаль два месяцы ў ШІЗА, рэаніматолаг Уладзімір Мартаў — у бяспецы

Завочны прысуд журналісту Алесю Кіркевіча — максімальнае пакаранне з магчымых, палітвязня-анархіста Ігара Аліневіча перавялі з лякарні ў Калядзічах у жодзінскую турму, старонку Франака Вячоркі ва «УКантакце» прызналі «экстрэмісцкай», віцебскі рэаніматолаг Уладзімір Мартаў — у бяспецы. Мастаку Алесю Пушкіну магло б споўніцца 59 гадоў.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Палітзняволенага анархіста, аўтара НЧ Міколу Дзядка амаль два месяцы ўтрымліваюць у ШІЗА

Як паведамляе тг-канал Міколы Дяздка, у чэрвені палітвязня, аўтара Новага Часу, і многіх іншых палітзняволенных гродзенскай турмы № 1 адправілі ў ШІЗА. Мікола знаходзіцца там да гэтага часу. Акрамя гэтага, больш за год палітвязня ўтрымліваюць у адзіночнай камеры.

mikola_dzjadok_2.jpg

Нагадаем, Міколу затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. Яго асудзілі да пяці гадоў зняволення. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у зняволенні на яго аказваецца ціск.

  • Журналіста Алеся Кіркевіча завочна асудзілі да 7 гадоў калоніі і вялікага штрафу за інтэрв'ю незалежным СМІ

У Гродзенскім абласным судзе 2 жніўня ў парадку спецыяльнай вытворчасці вынеслі прысуд журналісту і былому палітвязню Алесю Кіркевічу — сем гадоў калоніі, штраф у памеры 24 тычячы рублёў і арышт на маёмасць. Яму прызначылі максімальнае пакаранне з магчымых.

Арышт на маёмасць быў накладзены 22 лістапада 2023 года, і яе вырашана рэалізаваць у кошт пагашэння штрафу. Гэта 1/3 долі права ўласнасці Кіркевіча на будынак аднакватэрнага жылога дома вёсцы Бычкі Ушацкага раёна.

Журналіста абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Справу з 8 ліпеня завочна разглядаў суддзя Юры Казакевіч. З прысуду стала вядома, што Алеся асудзілі за інтэрв'ю «Радыё Свабода» і «Белсату».

  • Старонку Франака Вячоркі ва «УКантакце» прызналі «экстрэмісцкай»

Адпаведнае рашэнне прыняў суд Бярозаўскага раёну 31 ліпеня. Адзначым, што ў старонцы Франака ва «УКантакце» амаль 4000 сяброў.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

Telegram-каналы і чаты «Мiй Киïв | Свiтло», «Киевский Движ», «Вечерний Жлобин», «MILITANT ZONE»;

Youtube-каналы «УНІАН», «Жыве»;

Старонка ва «Укантакце» «******Жыве Беларусь!******».

  • Ігара Аліневіча перавялі з лякарні ў Калядзічах у жодзінскую турму

Пра гэта паведамляе @a_partisans. Нагадаем, напрыканцы чэрвеня Ігара змясцілі ў лякарню ў Калядзічах. Прычыны пераводу невядомыя.

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

  • Расійскі «Мемарыял» выступіў з заявай пасля вызвалення праваабаронцы Алега Арлова — у ёй выказалі салідарнасць з беларускімі палітвязнямі

«Мы радыя вызваленню невінаватых людзей. Але нельга забывацца на тых, хто застаецца ў няволі.

Гаворка не толькі пра сотні іншых расійскіх палітвязняў, але і пра тысячы ўкраінскіх грамадзянскіх закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў Расіі.

Мы таксама памятаем аб сотнях палітвязняў у Беларусі, якіх трымаюць у няволі, у тым ліку, за кошт супрацоўніцтва дзвюх дыктатур.

Мы выказваем падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у вызваленні і выратаванні жыццяў палітвязняў, усім, хто падтрымлівае людзей, якія пакутуюць ад самавольства. Мы заклікаем не спыняць гэтую барацьбу».

  • Гродзенскую актывістку завочна асудзілі да 2,5 гадоў калоніі
Кацярына Туманава

Кацярына Туманава

Актывістку Кацярыну Туманаву завочна асудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд агучыў суддзя Уладзімір Пазняк.

2 жніўня суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў жанчыну вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Арышт, накладзены на маёмасць Кацярыны, знялі.

  • Прадпрымальніка з Паставаў, які дапамагаў пратэстоўцам, завочна асудзілі да 6 гадоў калоніі
ihar_parunkevicz.jpg

У Мінскім абласным судзе 29-гадовага Ігара Парункевіча, які быў уладальнікам бара ў Паставах, дзе збіралі грошы пацярпелым ад рэпрэсій, завочна асудзілі да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 364 (пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Сутнасць абвінавачвання невядомая. Прысуд вынесла суддзя Алена Бачышча.

Ігар Парункевіч, калі апынуўся ў замежжы, распавядаў, што падтрымліваў Святлану Ціханоўскую і што ў ягоным бары «выставілі каробку для ахвяраванняў для тых людзей, хто пацярпеў падчас акцый пратэсту». Міліцыянтам гэта не спадабалася, яны спачатку пагражалі, а потым і насамрэч завялі на прадпрымальніка крымінальную справу.

Супраць Аляксандра Карнеева распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна

35-гадоваму Аляксандру інкрымінаваны арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Вядома, што Карнееў — актывіст з Маладзечна.

Яго запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага камітэта.

  • За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту затрымалі хлопца і дзяўчыну

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманыя — Сямён Дубовік і Стэфанія Мельнікава.

На відэа бачна, што сілавікі залезлі да іх дадому праз балкон — пара жыве на другім паверсе шматпавярховага дому.

  • Дызайнерку адзення пачалі судзіць у Віцебску
Наталля Крэміс

Наталля Крэміс

У Віцебскім абласным судзе 6 жніўня пачаўся суд супраць Наталлі Крэміс паводле ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) КК. Справу вядзе суддзя Яўген Буруноў. Ён вынес як мінімум 17 палітычна матываваных прысудаў. 

Наталля вядомая сваімі дызайнерскімі вырабамі з ільну, ручным роспісам і вышыўкай, пісаў раней тг-канал «Витебск, я гуляю!».

  • У Брэсце за ўдзел у акцыі пратэсту судзяць двух братоў і яшчэ двух чалавек
braty__averczuki.jpg

У судзе Ленінскага раёна Брэста, сёння, 6 жніўня распачаўсяа чарговы суд паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. На гэты раз судзяць двух братоў Мацвея і Леаніда Аверчукоў. Пра іх затрыманне стала вядома напачатку чэрвеня. Таксама па гэтай справе праходзяць Алег Літвінчук і Алевціна Гудкова. 

Справу супраць берасцейцаў разглядае Андрэй Грушко, на рахунку якога мінімум 29 палітычных прысудаў па крымінальных справах. У 2021 годзе ён адправіў у калоніі на тэрміны ад 3,5 да 5 гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах 13 палітвязняў.

Нагадаем, 30 ліпеня ў гэтым жа судзе за пратэст 10 жніўня 2020 года пачалі судзіць 8 чалавек. Агулам толькі за паўгады за гэтую акцыю асудзілі ўжо больш за 20 чалавек.

  • На беларуска-латвійскай мяжы затрымалі беларуса
Алекс Хахлоў

Алекс Хахлоў

Сцвярджаецца, што мужчына быў адміністратарам шэрагу тэлеграм-каналаў, прымаў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту, пісаў абразлівыя каментары пра Лукашэнку і сілавікоў, а таксама даслаў інфармацыю пра свайго знаёмага ініцыятыве «Чорная кніга Беларусі».

Паведамляецца, што мужчына ехаў з Латвіі ў Беларусь.

У сацсетках затрыманы падпісаны як Алекс Хахлоў.

  • У Мінску пачынаюць судзіць 3D-візуалізатара
 Антон Вайцяховіч

 Антон Вайцяховіч

У судзе Савецкага раёна Мінска 6 жніўня пачынаецца суд супраць Антона Вайцяховіча паводле ч. 1 арт. 342 КК. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэснай акцыі. Справу разглядае суддзя Алена Жуковіч.

Антона затрымалі 19 траўня ў Мінску. У якасці доказаў яго пратэснай дзейнасці ў «палонным» відэа сілавікі паказалі кнігу Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя», якую знайшлі ў хлопца.

  • Сёння Алесю Пушкіну магло б споўніцца 59 гадоў

Алесь Пушкін — вядомы беларускі мастак, быў асуджаны да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).

Прысуд яму вынесла суддзя Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандр Кароль.

У ноч з 10 на 11 ліпеня 2023 года Алесь памёр у рэанімацыі, куды ён трапіў з гродзенскай турмы. Як пазней высветлілася, у Алеся была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.


Віцебскі рэаніматолаг Уладзімір Мартаў знаходзіцца ў бяспецы ў Літве

Мартаў быў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі, але потым яго сталі абвінавачваць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» — за інтэрв'ю і падкаст. Доктар ад пераследу з’ехаў у Расію, дзе быў затрыманы.