Чаму Анджэй Пачобут не патрапіў у спіс на абмен, хаця гэта абмяркоўвалася падчас перамоваў?

Імя беларускага палітвязня Анджэя Пачобута згадвалася падчас перамоваў па абмене паміж Расіяй і Захадам, аднак ён так і не быў вызвалены. Гэта звязана ў тым ліку з «пэўнымі цяжкасцямі» падчас абмеркавання здзелкі, паведаміў у эфіры TVP Info кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Сівера, піша «Люстэрка».

Анджэй Пачобут

Анджэй Пачобут

У турэцкай Анкары 1 жніўня адбыўся буйны абмен зняволенымі паміж Расіяй і Захадам. У ім прынялі ўдзел 26 чалавек, вызваленых са зняволення ў ЗША, Германіі, Польшчы, Славеніі, Нарвегіі, Расіі і Беларусі. У рамках здзелкі Польшча вярнула ў РФ арыштаванага па абвінавачанні ў шпіянажы Паўла Рубцова.

Пасля гэтага ў польскім грамадстве пачало гучаць пытанне, ці магчыма было ў межах здзелкі вызваліць беларускага палітвязня Анджэя Пачобута, паляка па паходжанні, прысуджанага да васьмі гадоў калоніі строгага рэжыму.

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы паведаміў, што імя Пачобута ўсплывала падчас абмеркавання абмену, аднак для Варшавы бокам перамоваў была «не Беларусь, не Расія, а толькі ЗША».

«Маючы ў якасці саюзніка амерыканцаў, нам прыйшлося ставіць умовы і рэагаваць на іх запыты», – распавёў Сівера.

Глядзіце таксама

Ён растлумачыў, што ход падобных перамоваў «заўсёды сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі», сутнасць якіх адмовіўся раскрыць. Аднак дадаў, што Польшча працягвае спрабаваць вызваліць Пачобута.

Сівера таксама адказаў на заяву экс-кіраўніка МУС Польшчы Марыюша Каміньскага аб тым, што, уключыўшы ў абмен Рубцова, польскія ўлады «аддалі расійцам найкаштоўнейшага агента, але нічога не атрымалі ўзамен».

Па меркаванні кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі, ад абмену Рубцова Варшава атрымала больш выгады, чым калі б працягвала трымаць яго ў сябе ў зняволенні.

«Па лініі спецслужбаў — а гэтыя перамовы многія месяцы вяліся ў асноўным спецслужбамі — падобная паслуга з'яўляецца самай каштоўнай валютай. Польшча неаднаразова карысталася гэтай „валютай“ у абмен на звесткі пра шпіёнскія сеткі, якія маюць дачыненне да нападаў, падпалаў і дыверсій на польскай тэрыторыі», — заявіў Сівера.

Ён параўнаў працу па вызваленні Пачобута з «гульнёй на некалькіх фартэпіяна», паколькі ў ёй неабходна звяртацца да эканамічнага і палітычнага ціску на Беларусь, у тым ліку з боку трэціх краін.

Глядзіце таксама

Нагадаем, экс-міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі 2 жніўня, абмяркоўваючы абмен зняволенымі паміж краінамі Захаду, Расіяй і Беларуссю, заявіў, што галоўнай умовай Мінска ў перамовах па вызваленні палітвязня Андрэя Пачобута была выдача экс-чыноўніка, а цяпер аднаго з лідэраў дэмсіл Паўла Латушкі.

Анджэй Пачобут — журналіст і актывіст польскай меншасці. У лютым 2023-га яго прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго судзілі па артыкулах аб закліках да санкцый і распальванні варожасці, а таксама ўнеслі ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Праваабаронцы прызналі журналіста палітычным зняволеным.