Што стала зь беларусамі, якіх судзілі за шпіянаж у іншых краінах?

Неўзабаве ў Варшаве пачнуць судзіць беларуску Дар’ю, якую вінавацяць у шпіянажы на карысьць КДБ. Экспэрты пракамэнтавалі Свабодзе, ці можна беларускіх шпіёнаў у Польшчы абмяняць на Анджэя Пачобута й іншых палітвязьняў.

Марыя М., Уладзіслаў П. Каляж "Радыё Свабоды"

Марыя М., Уладзіслаў П. Каляж "Радыё Свабоды"

«Перадавала КДБ інфармацыю пра беларускую апазыцыю ў Польшчы»

Беларуска Дар’я А. жыла ў Баранавічах. Ёй каля 36 гадоў. Адукацыя — вэтэрынар. З 2018 году кантактавала з апазыцыйнымі арганізацыямі, цікавілася іх дзейнасьцю, прапаноўвала дапамогу. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году стала каардынатаркай ад кампаніі «Гавары праўду» ў зборы подпісаў у Баранавічах. У 2023 годзе пераехала ў Польшчу. Жыла ў Варшаве, пазьней у Лодзі.

Затрымалі: у сьнежні 2023 году ў Лодзі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы.

Абвінавачаньне. Дар’ю вінавацяць у тым, што ў 2023 годзе яна шмат разоў перадавала КДБ Беларусі інфармацыю пра дзейнасьць, структуру і фінансаваньне арганізацыяў, якія падтрымліваюць беларускую апазыцыю. Паводле абвінавачаньня, гэтыя зьвесткі рэжым Лукашэнкі выкарыстоўваў для прапаганды, каб абвінавачваць праціўнікаў у экстрэмізьме, а польскім спэцслужбам прыпісаць замову дывэрсіі на аб’ектах крытычнай інфраструктуры Беларусі.

Чым скончылася справа. 2 жніўня 2024 году справу перадалі ў Акруговы суд Варшавы. Да суду Дар’ю А. трымаюць у ізалятары. Ёй пагражае ня менш за 5 гадоў пазбаўленьня волі паводле арт. 130, § 1 Крымінальнага кодэксу Польшчы («удзел у дзейнасьці замежнай выведкі»).

«Зьбіралі зьвесткі пра вайсковыя часткі Польшчы»

Грамадзяне Беларусі Андрэй Р. і Дзьмітры Н. Андрэю 51 год, вайсковец у адстаўцы, бацька дваіх непаўналетніх дзяцей. Дзьмітрыю 57 гадоў, прафэсія — музыка, ёсьць дарослае дзіця. Паводле інфармацыі польскіх сьледчых, яны прыехалі ў Польшчу пад маркай уладкаваньня на працу кіроўцамі, каб езьдзіць па Эўропе.

Затрымалі: у красавіку 2022 году.

Абвінавачаньне. Андрэя Р. і Дзьмітрыя Н. абвінавацілі ў тым, што з 6 сакавіка па 4 красавіка 2022 году яны ў Познані разам удзельнічалі ў дзейнасьці замежнай выведкі Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі супраць Польшчы. Ім закідалі збор зьвестак пра вайсковыя часткі і цывільныя аб’екты, якія маюць крытычнае значэньне для абароны Польшчы.

Чым скончылася справа. Андрэя Р. асудзілі на 3 гады зьняволеньня. Дзьмітрыя Н. апраўдалі, ён правёў у СІЗА каля месяца. Справу разглядаў акруговы суд у Познані з кастрычніка 2023 году ў закрытым рэжыме. Прысуд агучылі 29 красавіка 2024 году. Суд таксама пастанавіў, каб частку прысуду, якая тычыцца Андрэя Р., апублікавалі ў адным з галоўных незалежных выданьняў краіны — «Gazeta Wyborcza».

«Зьбіралі інфармацыю пра польскіх жаўнераў на мяжы зь Беларусьсю»

Грамадзянін Беларусі і грамадзянін Расеі. Знаходзіліся ў Польшчы на законных падставах. Паводле зьвестак сьледзтва Польшчы, беларус вучыўся ў адной з ВНУ Беластоку. Потым працаваў у сфэры рыхтаваньня да скачкоў з парашутам.

Затрымалі: у красавіку 2022 году, з таго часу яны пад арыштам.

Абвінавачаньне. Беларуса і расейца абвінавацілі ў тым, што яны зьбіралі інфармацыю пра польскія вайсковыя падразьдзелы, іх разьмяшчэньне, аснашчэньне і кадравы склад, а таксама пра «падразьдзелы саюзных войскаў». Мэтай было «выявіць асноўныя элемэнты польскіх Узброеных сілаў і атрымаць інфармацыю пра жаўнераў польскага войска ў раёне мяжы зь Беларусьсю ў сувязі зь міграцыйным крызісам».

Чым скончылася справа. Беластоцкі акруговы суд прыгаварыў беларуса і расейца да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Пра прысуд стала вядома ў лютым 2024 году.

«Вялікая група — украінцы, беларусы і расеец — шпіёніла на карысьць Расеі»

Усяго ў групе былі 16 чалавек — трое беларусаў, адзін расеец, астатнія ўкраінцы. Сярод абвінавачаных на момант затрыманьня былі двое непаўналетніх і адна дзяўчына. Найстарэйшаму ўдзельніку групы 44 гады, наймаладзейшаму — 17. Пазьней вылучылі асобна справу дваіх фігурантаў, у тым ліку беларуса Ўладзіслава П.

Беларусу Ўладзіславу П. 30 гадоў. Раней жыў у Менску. Вывучаў францускую мову ў МДЛУ. Працаваў на Менскім электрамэханічным заводзе. Нейкі час жыў у Маскве, працаваў там апекуном, таксама быў зьвязаны з мадэльнай агенцыяй. У 2020 годзе шукаў працы апекуном у Беларусі.

Беларусцы Марыі М. 20 гадоў. Раней жыла ў Менску. Паступіла на журфак БДУ. Аднак пасьля першага курсу ў 2022 годзе паступіла на паліталёгію ў Варшаву. Была ў блізкіх стасунках з абвінавачаным Уладзіславам П. У сетках дзяўчыны былі фатаздымкі пратэставага характару.

Міхаілу М. 43 гады. Нарадзіўся ва Ўкраіне, жыў у Берасьці. Працаваў намесьнікам дырэктара ў кампаніі, якая забясьпечвала прадпрыемствы высокатэхналягічным абсталяваньнем. Ёсьць двое дзяцей. У Польшчу пераехаў у 2021 годзе. Беларускія прапагандысцкія СМІ прадстаўлялі Міхаіла як «дасьведчанага чаўночніка, дальнабойніка».

Затрымлівалі фігурантаў з сакавіка па жнівень 2023 году ў розных месцах Польшчы.

Абвінавачаньне. Як выявіла служба бясьпекі Польшчы, усе фігуранты займаліся шпіёнскай дзейнасьцю на карысьць Расеі як мінімум з студзеня па чэрвень 2023 году ў Белай Падляскай, Холме, Мэдыцы, Пярэмышлі, Жэшаве, Гданьску і іншых мясцовасьцях. Фігурантаў абвінавацілі ў сачэньні за марскімі партамі, аэрапортамі, чыгуначнымі станцыямі, вайсковымі часткамі Польшчы.

Удзельнікі групы, як выявіла польская пракуратура, усталявалі на чыгуначных шляхах ня менш за 6 камэраў відэаназіраньня, ставілі GPS-перадатчыкі ў цягніках. Такім чынам яны, падобна, хацелі адсачыць дэталі вайсковай і гуманітарнай дапамогі Польшчы для Ўкраіны.

Абвінавачаныя, паводле пракуратуры, вялі таксама прапагандысцкую дзейнасьць: расклейвалі налепкі, улёткі, малявалі графіці з антынатаўскімі і антыўкраінскімі лёзунгамі. Плянам-максымум, паводле матэрыялаў справы, было пусьціць пад адхон цягнік з вайсковым транспартам у Польшчы.

Беларуска Марыя М., паводле матэрыялаў справы, дазволіла пералічваць на свой рахунак грошы для шпіёнскай сеткі. Яна таксама дапамагала распаўсюджваць улёткі, закліканыя распальваць настроі супраць украінцаў.

Чым скончылася справа. У сьнежні 2023 году прайшоў суд у Любліне. Максымальнае пакараньне ў групе — 6 гадоў зьняволеньня. Большасьць фігурантаў ужо да суду пачалі адбываць так званае «добраахвотнае ўзгодненае пакараньне».

Беларуса Міхаіла М. асудзілі на 2 гады турмы і 2,5 тысячы даляраў штрафу. Беларуску Марыю М. — на 1 год і 1 месяц турмы і 1250 даляраў штрафу. Суд пастанавіў вызваліць яе датэрмінова, бо значную частку пакараньня яна ўжо адбыла. Ёй забаранілі выяжджаць з Польшчы. Аднак на суд, дзе мелі прыняць канчатковае рашэньне, Марыя не прыйшла. Абвясьцілі ейны вышук. Пазьней высьветлілася, што яна хадзіла ў суд, каб падтрымаць свайго хлопца Ўладзіслава П. Яе знайшлі і зноў зьмясьцілі пад варту.

Уладзіслаў П. адклікаў згоду на добраахвотнае адбываньне пакараньня, яго справу пачалі разглядаць асобна ў чэрвені 2024 году.

Лукашэнка заяўляў, што Польшча прапаноўвала людзей з гэтай групы для абмену.

Знайшлі ў тэлефоне мапу вайсковых падразьдзелаў на Данбасе

Юры Палітыка — грамадзянін Беларусі, яму 38 гадоў. Адукацыя — юрыст. Працаваў у Менску спачатку адвакатам, потым у банку. У 2017 годзе вырашыў уладкавацца ў Чарнігаве ў лягістычную кампанію. Па дарозе яго затрымалі. Перад гэтым паўгода, з словаў маці, езьдзіў у Чарнігаў.

Юры Палітыка. Архіўнае фота

Юры Палітыка. Архіўнае фота

Затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю, праз падазрэньне ў шпіянажы.

Абвінавачаньне. Юрыя Палітыку абвінавацілі ў шпіянажы (частка 1 артыкула 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны). За гэта ва Ўкраіне можна атрымаць ад 10 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Падчас затрыманьня ў тэлефоне Юрыя знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзелаў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Палітыкі ў Чарнігаве.

Чым скончылася справа. Палітыка адседзеў у сьледчым ізалятары Чарнігава больш за два гады. 4 кастрычніка 2019 году яго абмянялі на асуджанага ў Беларусі на 8 гадоў пазбаўленьня волі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку. Пасьля абмену справу супраць Юрыя Палітыкі не закрылі. На 2022 год заплянавалі некалькі пасяджэньняў, на якіх хацелі прадоўжыць разгляд справы. Судовыя пасяджэньні не адбыліся ні ў 2022-м, ні ў 2023-м, бо Юры Палітыка не зьяўляўся. У 2023 годзе Ўкраіна абвясьціла міжнародны вышук Палітыкі.

Латушка: прэтэндэнтамі на абмен маглі б быць афіцэры спэцслужбаў Беларусі

Свабода запыталася ў экспэртаў, ці можна было б патэнцыйна абмяняць беларусаў, якіх у Польшчы вінавацяць у шпіянажы, на Анджэя Пачобута або іншых беларускіх палітвязьняў.

На думку палітыка Паўла Латушкі, сёньня наўрад ці ёсьць асоба, затрыманая ў Польшчы, якую можна было б абмяняць на Пачобута ці іншых палітзьняволеных. Гэта датычыць і агентаў рэжыму Лукашэнкі, якіх злавілі на шпіянажы.

Прэтэндэнтамі на такі абмен Латушка бачыць афіцэраў спэцслужбаў Беларусі, якіх маглі б затрымаць у Польшчы. Аднак пакуль пра такіх невядома. Ён прыгадаў, што ў 2006 годзе рэжым Лукашэнкі быў гатовы абмяняць супрацоўніка спэцслужбаў Беларусі.

Павал Латушка расказаў, што пытаньне абмену расейскага шпіёна Паўла Рубцова на Пачобута цяпер актыўна задаюць польскім палітыкам і журналістам, у тым ліку тым, хто прымаў рашэньне яго выдаць. Палітык адзначыў, што перамовы пра абмен ішлі перадусім паміж спэцслужбамі Расеі і ЗША.

«Лукашэнка не выконваў у гэтай сытуацыі суб’ектнай ролі. Ён быў толькі інструмэнтам у руках Пуціна… Калі мы разумеем, што гэта адбывалася на ўзроўні спэцслужбаў, то казаць, што дэмакратычныя сілы маглі тут адыграць нейкую ролю, наўрад ці бачыцца магчымым», — пракамэнтаваў Латушка.

Палітык адзначыў, што пытаньне вызваленьня беларускіх палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, пастаянна абмяркоўваецца на сустрэчах з прадстаўнікамі МЗС, МУС, парлямэнту Польшчы. Ён пералічыў пяць інструмэнтаў, празь якія можна дамагацца вызваленьня палітвязьняў у Беларусі. Адзін зь іх — кітайскі кірунак.

«Кітай мае добрыя адносіны з Польшчай. І тут, нават выкарыстоўваючы інструмэнты дыпляматыі, не выкарыстоўваючы інструмэнты ціску, можна дамагацца нейкіх дзеяньняў, якія маглі б прывесьці да вызваленьня палітзьняволеных у Беларусі, у тым ліку Анджэя Пачобута. Наколькі разумею, польскі бок карыстаецца гэтым інструмэнтам», — расказаў Латушка.

Другі інструмэнт, паводле яго, — пагроза закрыць памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю. Латушка мяркуе, што польскі бок карыстаецца і гэтым спосабам. Ён адзначыў, што яны з паплечнікамі казалі папярэдняму і цяперашняму польскаму ўраду пра гэты інструмэнт. У выніку, на думку Латушкі, сытуацыя зь міграцыйным крызісам на беларуска-польскай мяжы крыху палепшылася.

На думку Латушкі, эфэктыўным спосабам ціску на Лукашэнку было б закрыцьцё чыгуначнага пераходу. Таксама ён мяркуе, што санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі маюць свой эфэкт.

Павал Латушка пракамэнтаваў прапанову рэжыму Лукашэнкі абмяняць на Анджэя Пачобута яго самога, Латушку.

«Рэжым павінен зразумець, што я сам буду вырашаць свой лёс. З другога боку, я ўдзячны польскаму ўраду за адназначны падыход па выкананьні міжнародных стандартаў і прынцыпаў аховы асобаў, якія маюць міжнародную абарону на тэрыторыі Польшчы. Я маю статус статус міжнароднай абароны на тэрыторыі Польшчы. Немагчыма сабе ўявіць, што Польшча будзе парушаць адпаведныя міжнародныя канвэнцыі», — сказаў Латушка.

Палітык расказаў, што накіраваў лісты «з просьбай улічыць магчымасьць вызваленьня беларускіх палітзьняволеных» прадстаўнікам ураду Нямеччыны і Бундэстагу. Латушка нагадаў, што 7 лістапада Бундэстаг Нямеччыны прыняў рэзалюцыю аб падтрыманьні эўрапейскага выбару для беларускага народу, у якой адным з галоўных пунктаў было вызваленьне беларускіх палітзьняволеных, акрэсьленае як прыярытэт. Ад дэпутата Томаса Гакера Латушка атрымаў адказ, што той будзе працягваць дзейнасьць у кірунку вызваленьня беларускіх палітвязьняў.

Казакевіч: для Пуціна людзі больш важныя, чым для Беларусі

Палітоляг Андрэй Казакевіч сказаў Свабодзе, што тэму абмену беларускіх палітзьняволеных на людзей, затрыманых у іншых краінах, сталі абмяркоўваць адносна нядаўна — у сувязі з абменам паміж ЗША і Расеяй з удзелам іншых краін.

«Таму цяжка сказаць, наколькі гэта працоўная схема для беларускага боку», — адзначыў суразмоўца.

Ён нагадаў, што звычайна рэжым Лукашэнкі патрабаваў скасаваньня эканамічных санкцыяў у абмен на палітвязьняў. Чаму ж не працуе і такі абмен — людзей на санкцыі? Суразмоўца патлумачыў, што пра такія перамовы нічога не вядома. Да таго ж, каб скасаваць санкцыі, трэба спачатку зьмяніць падставы, на якіх іх увялі. Пакуль гэтага няма.

Казакевіч мяркуе, што рэжым Лукашэнкі мог бы хацець вызваліць кадравых супрацоўнікаў спэцслужбаў. Проста завэрбаваныя агенты, на ягоную думку, для рэжыму Лукашэнкі менш каштоўныя. Казакевіч дапускае, што абмен паміж Расеяй і ЗША, магчыма, стварыў прэцэдэнт, які яшчэ паўторыцца.

На думку палітоляга, расейскага шпіёна Паўла Рубцова, які ўдзельнічаў у апошнім абмене паміж Расеяй і ЗША, патэнцыйна можна было абмяняць на Пачобута. Але, на ягоную думку, тут лепей было б весьці перамовы з Расеяй. Бо, ён мяркуе, «свае» людзі больш каштоўныя для Пуціна, чым для Лукашэнкі. А для Лукашэнкі большую вагу маюць эканамічныя моманты.

Праз вызваленьне сваіх грамадзян, тлумачыць Казакевіч, Пуцін хоча, сярод іншага, павысіць свой аўтарытэт сярод расейскіх спэцслужбаў, якія працуюць за мяжой. Хоча паказаць, што ён змагаецца за «сваіх» людзей, будзе іх «выцягваць», калі нешта здарыцца. На думку Казакевіча, Лукашэнка мае іншыя спосабы, каб забясьпечыць ляяльнасьць да яго.

«Пакуль што ў такую тонкую гульню ён не гуляў», — адзначыў суразмоўца.