«Пачобут не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці туды вярнуцца» — канцылярыя прэзідэнта Польшчы

«Анджэй Пачобут мае на гэты конт сваё меркаванне. І да гэтага трэба ставіцца вельмі сур’ёзна». 

Анджэй Пачобут

Анджэй Пачобут

«Прэзідэнт Анджэй Дуда вельмі заклапочаны вызваленнем Анджэя Пачобута. І магу вас абсалютна запэўніць, што ў гэтым пытанні прыкладаюцца ўсе намаганні», заявіла ў эфіры TVN24 кіраўнічка Канцылярыі прэзідэнта Рэспублікі Польшча Малгажата Папроцкая, піша БАЖ

У праграме «Адзін у адзін» Малгажату Папроцкую запыталі пра журналіста Анджэя Пачобута, зняволенага рэжымам у Мінску ў кантэксце найбуйнейшага абмену палонных часоў халоднай вайны паміж Расіяй, Беларуссю і краінамі Захаду, якая адбылася 1 жніўня ў Турцыі.

У аперацыі ўдзельнічалі 24 чалавекі з турмаў сямі краін. Польшча таксама ўдзельнічала і вызваліла агента расійскай вайсковай выведкі ГРУ Паўла Рубцова.

Малгажата Папроцкая запэўніла, што для вызвалення Пачобута прыкладаюцца ўсе намаганні.

Аднак зазначыла, што «Пачобут мае на гэты конт сваё меркаванне і, перш за ўсё, ён не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці туды вярнуцца. І да гэтага элемента таксама трэба ставіцца вельмі сур’ёзна ў гэтым пытанні».

Папроцкая запэўніла, што «ёсць адпаведныя каналы для кантакту з Пачобутам» і што гэта пытанне, якое пастаянна стаіць на парадку дня прэзідэнта.

Кіраўнічка Канцылярыі прэзідэнта Дуды дадала што «справа спадара Пачобута — справа не васьмі месяцаў, а некалькіх гадоў». Папроцкая спадзяецца, «што гэтая справа неўзабаве знойдзе добры фінал».

Глядзіце таксама

Нагадаем, імя беларускага палітвязня Анджэя Пачобута згадвалася падчас перамоваў па абмене паміж Расіяй і Захадам, аднак ён так і не быў вызвалены. Гэта звязана ў тым ліку з «пэўнымі цяжкасцямі» падчас абмеркавання здзелкі, паведаміў у эфіры TVP Info кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Сівера, пісала «Люстэрка».

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы паведаміў, што імя Пачобута ўсплывала падчас абмеркавання абмену, аднак для Варшавы бокам перамоваў была «не Беларусь, не Расія, а толькі ЗША».

«Маючы ў якасці саюзніка амерыканцаў, нам прыйшлося ставіць умовы і рэагаваць на іх запыты», – распавёў Сівера. 

Ён растлумачыў, што ход падобных перамоваў «заўсёды сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі», сутнасць якіх адмовіўся раскрыць. Аднак дадаў, што Польшча працягвае спрабаваць вызваліць Пачобута.

Сівера таксама адказаў на заяву экс-кіраўніка МУС Польшчы Марыюша Каміньскага аб тым, што, уключыўшы ў абмен Рубцова, польскія ўлады «аддалі расійцам найкаштоўнейшага агента, але нічога не атрымалі ўзамен».

Глядзіце таксама

Па меркаванні кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі, ад абмену Рубцова Варшава атрымала больш выгады, чым калі б працягвала трымаць яго ў сябе ў зняволенні.

«Па лініі спецслужбаў — а гэтыя перамовы многія месяцы вяліся ў асноўным спецслужбамі — падобная паслуга з'яўляецца самай каштоўнай валютай. Польшча неаднаразова карысталася гэтай „валютай“ у абмен на звесткі пра шпіёнскія сеткі, якія маюць дачыненне да нападаў, падпалаў і дыверсій на польскай тэрыторыі», — заявіў Сівера.

Ён параўнаў працу па вызваленні Пачобута з «гульнёй на некалькіх фартэпіяна», паколькі ў ёй неабходна звяртацца да эканамічнага і палітычнага ціску на Беларусь, у тым ліку з боку трэціх краін.