Хронікі рэпрэсій, 9 жніўня. Затрымалі мужчыну, які 4 гады таму крыкнуў з балкона «пратэсны лозунг»

У Мінску адбудзецца масавы суд па «справе Мачулішчаў». У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 19 чалавек. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна».

Машыну палітзняволенага Андрэя Краўчука будуць прадаваць на аўкцыёне

Маёмасць арыштавана Генеральнай пракуратурай. Таргі прызначаны на 27 жніўня. Пачатковы кошт маёмасці складае 15 200 рублёў, піша «Люстэрка».

Андрэй — 36-гадовы мінчук, яго затрымалі ў студзені 2023 года і асудзілі да 6 гадоў калоніі па артыкулах аб распальванні варожасці (арт. 130 КК), паклёпе (арт. 188 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразе Лукашэнкі і паклёпе на яго (арт. 368 і арт. 367 КК), абразе суддзі (арт. 391 КК).

Мінскага прадпрымальніка затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту

Таксама ён нібыта з сябрамі развешваў «пратэсную сімволіку» на ліхтарах на адной са сталічных вуліц. Паводле інфармацыі

«Медыязона. Беларусь», затрыманы — Раман Цішкевіч.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 19 чалавек — цяпер у ім 4292 прозвішча

9 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі вядучага інжынера «Мінскэнерга» Артура Пядзько, грамадзяніна Расіі Паўла Аляксеева і бізнэсоўцу Уладзіміра Балабановіча.

Судовы працэс па «справе Мачулішчаў» пачнецца 19 жніўня

Разглядаць справу ў Мінскім гарадскім судзе будзе суддзя Валянціна Зянькевіч. Фігуранты справы — Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў, Дзяніс Сакалоў, Аляксандр Азараў, Яўгенія Тачыцкая, Міхаіл Дзёмін, Сяргей Лопараў, Анастасія Пілько, Віталь Якуцік, Мікалай Швец, Ала Яцута. Адзначым, што частка людзей знаходзяцца не ў Беларусі — так, Мікалай Швец быў вызвалены ў чэрвені па абмене. Ім інкрымінаваныя — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК), «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 1 арт. 290-1 КК), «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «агентурная дзейнасць» (ч. 1 арт. 358 КК), «прывядзенне ў няспраўнасць транспартнага сродку» (ч. 4 арт. 309 КК), «акт тэрарызму» (ч. 3 арт. 289 КК), «стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання» (361-2 КК), «незаконныя дзеянні датычна выбуховых рэчываў» (ч. 4 арт. 295 КК), «праходжанне навучання для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці» (арт. 290-3 КК).

У Беларусі затрымалі мужчыну, які 4 гады таму крыкнуў з балкона «пратэсны лозунг»

Пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы.

Мінчук нібыта крычаў «Жыве Беларусь» і «Лукашэнку ў аўтазак». Ягоныя дзеянні зняла сяброўка — па словах мужчыны, яна таксама затрыманая.

Паводле інфармацыі «Медыязоны», затрыманы — Вадзім Фаламетаў.