Няскончаныя чатыры гады і такія розныя надзеі

Падзеям 2020-га спаўняецца чатыры гады. 9 жніўня 2020 года афіцыйна прайшлі прэзідэнцкія выбары, на якіх, па даных ініцыятывы «Голас» і паралельнага падліку галасоў ужо ў першым туры перамагала Святлана Ціханоўская.

img_3506_2_logo_2_logo.jpg.webp

Псіхолагі кажуць, што шмат беларусаў былі сур’ёзна траўмаваныя тымі падзеямі, і ўжо чатыры гады жывуць у стрэсе і стане рознага роду траўмаў. Яны, тыя псіхолагі, кажуць «прапрацаваць» гэтыя траўмы, з чымсьці змірыцца, нешта «прыняць». Таму што беспрэцэдэнтны ўзровень гвалту і хлусні, які прайшоў па краіне пасля 9 жніўня 2020-га, наўрад ці пакінуў не закранутым каго-небудзь.

Раней, калі пра сталінскія рэпрэсіі казалі, што  «няма такой сям'і, якую б не закранулі рэпрэсіі 1937 года», я лічыў гэта перабольшваннем: мне здавалася, што ў маштабах велізарнага СССР не такога можа быць. Не могуць быць закранутыя рэпрэсіямі ўсе. Але пасля 2020-га рэжым змусіў мяне зразумець, што тыя словы не ёсць перабольшваннем.

Таму што цяпер шмат беларусаў жыве ў краінах, у параўнанні з якімі Беларусь — вялікая краіна. Калі глядзець на Беларусь з Літвы, Латвіі ці Грузіі, разумееш, што наша краіна вялікая як па насельніцтве, так і па плошчы. І атрымліваецца, што сённяшнія рэпрэсіі ў РБ параўнальныя і супастаўныя з рэпрэсіямі 1937 года ў «вялікім СССР».

Глядзіце таксама

Але мы жывем у сваіх «інфармацыйных бурбалках». І, кажучы пра тое, як мы траўмаваныя і як мы гэтыя траўмы перажываем, як з імі спраўляемся, мы маем на ўвазе тых, хто ў 2020-м выходзілі на вуліцу. Размовы пра траўмы, пра іх прапрацоўку зазвычай круцяцца менавіта ў коле тых, хто так ці інакш быў удзельнікам пратэстаў.

І мы зусім не бачым, што адбываецца з іншага боку. Бо, калі «рэпрэсіі закранулі ўсіх», то закранулі і тых, хто стаяў з іншага боку. І на іх 2020-ты таксама адбіўся не лепшым чынам, і там, я мяркую, траўма значна больш сур'ёзная, чым у нас.

Хоць бы таму, што ў тых, хто выходзіў у 2020-м на вуліцы і плошчы, ёсць жалезная матывацыя і моцнае пачуццё праўды. Тыя, хто выходзіў на пратэсты, выходзілі на вуліцы за ўсё добрае, і супраць усяго дрэннага: супраць гвалту, супраць фальсіфікацыі выбараў, супраць парушэння закона. Маральна пратэстоўцы на баку святла, што, безумоўна, дапамагае ім у сваёй устойлівасці. Але гэтага нельга сказаць пра іншы бок, той, дзе заявілі пра «часам не да законаў», і пачалі неабмежаваны гвалт, які скалануў усю краіну.

Глядзіце таксама

«Неверагодныя» (не бачу ніякай негатыўнай канатацыі ў гэтым вызначэнні Марыі Калеснікавай) цяпер прапрацоўваюць свае траўмы. Некаторыя з іх і працягваюць іх атрымліваць — рэпрэсіі не скончыліся і працягваюцца. Але мы працуем, перш за ўсё, над сабою, і — працягваем жыць і працаваць. А вось з іншага боку…

Ці то ўсе псіхолагі з’ехалі, ці што яшчэ, але на баку рэжыму не бачна ніякай працы, апроч заганяння сябе і краіны ў яшчэ больш глыбокую дэпрэсію. У іх — таксама свая «інфармацыйная бурбалка», але ёсць самыя істотныя адрозненні. Тыя «неверагодныя» працягваюць жыць, працаваць, і будаваць нейкія планы на жыццё. У іх ёсць вобраз будучыні. І гэты вобраз нават падмацаваны канкрэтнымі абяцаннямі. «Як толькі Беларусь прыступіць да пераходу да дэмакратыі, ЕС прадаставіць падтрымку для стабілізацыі яе эканомікі і рэфармавання інстытутаў, у тым ліку з дапамогай комплекснага плана эканамічнай падтрымкі на суму да 3 мільярдаў еўра», — гаворыцца ў заяве ЕС да гадавіны выбараў-2020.

Гэта азначае, што ёсць комплексны план эканамічнай падтрымкі. У плане ёсць нейкія пункты. На гэтыя пункты ёсць грошы. Гэта — пытанне будучыні.

«Рэжымнікі» пазбаўленыя менавіта гэтага. Яны жывуць і працуюць, але планаў на будучыню яны пазбаўленыя. Улада ўжо не кажа пра «моцную і квітнеючую Беларусь», улада не кажа нават пра «дзяржаву для народа». Адзінае, што ўрад, распрацоўваючы бюджэт, традыцыйна кажа пра яго «сацыяльную скіраванасць».

Планаў на будучыню ў рэжыму няма, таму што яны не могуць правесці працу над сваімі траўмамі. А тое, што можна было б назваць пэўнай «псіхатэрапіяй», такой, насамрэч, не з’яўляецца. А наадварот, зводзіць улады да яшчэ большай трывожнасці.

Вось, напрыклад, Лукашэнка. За апошні год на кожнай сустрэчы з лідарамі тых дзяржаў і тымі структурамі, якія ўсё яшчэ згодныя з ім сустракацца, ён кажа, што трэба «згуртавацца». Пра гэта ён сказаў і на гэтым тыдні. На гэты раз «згуртавацца» павінны міністры ўнутраных спраў краін СНД — для таго, каб супрацьстаяць «каляровым рэвалюцыям» і санкцыям.

Праўда, пад санкцыі ў нас трапляюць толькі Беларусь і Расія. Навошта «гуртавацца» астатнім шасці краінам — незразумела. Дарэчы так, у СНД цяпер засталося ўсяго восем краін, а ў найбліжэйшай будучыні яшчэ і Арменія можа адваліцца.

Лукашэнка кажа пра «згуртаванасць», бо ведае, што ніхто яму ў крызісным выпадку не дапаможа. Ёсць адзін «саюзнік» у яго, але, як высветлілася, бярэ за сваю дапамогу ён вельмі дорага. Настолькі дорага, што цяпер шмат хто сумняецца: а ці гаспадар Лукашэнка ў Беларусі?

Глядзіце таксама

2020-ты ўладу напужаў да дрыжыкаў. Да такіх, што яна дагэтуль дрыжыць. І будзе дрыжэць надалей, бо працаваць над сваёй траўмай там не ўмеюць. «Хапуны» працягваюцца праз чатыры гады, апошнім часам пачасціліся паведамленні аб «завочных» прысудах тым, каго ўлада палічыла «экстрэмістамі». 

Гэта можна палічыць за спробу тэрапіі і самазаспакаення: маўляў, мы моцныя, мы смелыя, вось як мы завочна асудзілі да пазбаўлення свабоды журналіста Алеся Кіркевіча, або прадпрымальніка з Паставаў Ігара Парункевіча, які дапамагаў ахвярам рэпрэсій!

Але ні Кіркевіча, ні Парункевіча пасадзіць фізічна ў турму не атрымалася — яны па-за дасяжнасцю беларускай улады. І гэта — замест заспакаення — вядзе да яшчэ большай трывожнасці. А раптам калі ў краіне будзе «да законаў»? І давядзецца адказваць перад Кіркевічам і Парункевічам за парушэнне іх права на абарону, напрыклад.

А тут яшчэ і суагрэсія ў дачыненні да Украіны. І прывід Гаагі ў сувязі з «аздараўленнем» украінскіх дзяцей. І не менш трывожныя абвінавачванні ў арганізацыі мігранцкага крызісу. І за ўсё гэта давядзецца калісьці адказаць…

Надзея ў іх толькі на тое, што не давядзецца адказваць, бо яны да гэтага не дажывуць. Але такая «надзея на смерць» — ці гэта добрая надзея?

І пакуль у рэжыму ёсць надзея толькі на смерць, «неверагодныя» беларусы адзначаюць Дзень салідарнасці. 9 жніўня розныя мерапрыемствы пройдуць у Вільні, Варшаве, Берліне, Таронта, Брусэлі, Бостане... 10 жніўня эстафету падхопяць Лондан і Кёльн, 11 жніўня — Нью-Ёрк. Не кажучы ўжо пра тое, што шмат дзе пройдуць і неанансаваныя акцыі.

І вось хто да 2020 года мог падумаць, што беларускія падзеі будуць адзначацца па ўсім свеце?