Ад святла да змроку? Як змянілася беларускае грамадства за чатыры гады пасля выбараў

9 жніўня — пасля электаральнай кампаніі 2020-га прайшло чатыры гады. Як за гэты час трансфармаваўся беларускі соцыум?

16 жніўня 2020 года

16 жніўня 2020 года

Чатыры гады таму беларусы жылі надзеяй на хуткія перамены. Спадзяваліся, што вось-вось, і краіна стане дэмакратычнай, адкрытай і яе лёс будуць вызначаць самі грамадзяне. Фантастычны пратэсны ўздым супраць фальсіфікацыі выбараў выразна паказаў, што грамадства перарасло дыктатуру і саспела для развіцця на прынцыпах народаўладдзя. Здавалася, што светлая будучыня ўжо побач і яна непазбежная.

Але дыктатура выстаяла. А пасля пачала варварскі помсціць. Рэпрэсіі трываюць дагэтуль, і праз чатыры гады хіба толькі яны і нагадваюць пра падзеі чатырохгадовай даўніны. У астатнім — пейзаж стэрыльны, лукашэнкаўскі, нібыта цалкам ранейшы.

Ці сапраўды беларусы «перагарнулі старонку»?

Знешне — усё як раней

Прапагандысты любяць падкрэсліваць: Беларусь — спакойная краіна, людзі тут жывуць, ходзяць на працу, гадуюць дзяцей. Калі не паглыбляцца, то гэта сапраўды так. Знешне краіна жыве звычайным жыццём.

Па вуліцах, дзе чатыры гады таму хадзілі шматтысячныя мірныя дэманстрацыі, цяпер ездзяць тралейбусы, збіраюцца ў заторы аўтамабілі. Незалежныя медыя, якія раней дамінавалі ў інфармацыйнай прасторы, крыміналізаваныя, абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і больш не «ачарняюць» беларускую «стабільнасць». Палітвязні сядзяць па турмах, ледзь не штодзень судзяць усё новых, але на тэлебачанні пра гэта не расказваюць.

У Беларусі лета. І калі не лічыць непагадзь, якая часам валіць дрэвы, пускае рэкі па вуліцах і паралізуе сістэму ЖКГ, то людзі цешацца цеплынёй. Шпацыруюць у парках, выязджаюць на прыроду, здымаюць тык-токі. Неўзабаве дзеці зноў пойдуць у школу, дзе ім працягнуць распавядаць пра геніяльнага правадыра з вусамі. Белстат рэгулярна справаздачыцца пра цудоўны дабрабыт беларусаў. У эфіры гучыць бадзёрая лагодная музыка.

Дык што? 2020 год канчаткова сышоў у гісторыю? Вядома, не.

Знешні спакой у грамадстве — штука падманлівая. Пра гэта сведчыць гісторыя: у другой палове 80-х у СССР таксама было спакойна, а потым гэта калос пачаў развальвацца на вачах. У камуністычнай Румыніі добра пачуваўся Чавушэску, а на наступны дзень яго раптам расстралялі без суда і следства. У пастсавецкім Казахстане Назарбаеў ціхамірна сустракаў старасць, як на плошчах пачалі зносіць яго помнікі.

Пра гэта сведчыць і сучаснасць. Відавочцы кажуць, што «звычайным жыццём» жывуць многія гарады Украіны ва ўмовах вайны. Дзеці ў школу, дарослыя на працу, і вось гэта ўсё. Вечарамі ў рэстаране не знойдзеш вольнага століка. Дзякуй УСУ і заходнім сістэмам СПА.

Але ж гэта не значыць, што ўкраінцы пад ціскам расійскіх акупантаў добра сябе адчуваюць і не маюць клопатаў. Не, вайна нікуды не дзелася, яе жахі па-ранейшаму пераследуюць нашых суседзяў. Нашы суседзі вельмі моцна траўмаваныя.

Знешні спакой — асабліва ў дыктатурах — не паказчык спакою ўнутранага, ментальнага. Каб ведаць сапраўдны стан грамадства, трэба глядзець глыбей.

Настроі — сацыялогія бяссільная

У дэмакратычных краінах углыб добра ўглядаюцца сацыёлагі. Іх даследаванні дэманструюць настроі, надзеі і трывогі грамадства. Ад гэтых лічбаў адштурхваюцца палітыкі — як ва ўладзе, так і ў апазіцыі.

У сённяшняй Беларусі з сацыялогіяй бяда. Дзяржаўная з’яўляецца працягам прапаганды, незалежная вымушаная працаваць з-за мяжы — ды яшчэ з аўдыторыяй, якая неймаверна застрашаная. На выхадзе што ў адным выпадку, што ў другім карціна атрымліваецца скажоная.

Зрэшты, нават у такіх умовах незалежныя апытанні паказваюць лічбы, якія наўрад ці спадабаюцца рэжыму.

Напрыклад, паводле даных праекту Chatham House, які праводзіў даследаванне на пачатку гэтага году, беларускае грамадства сёння прынамсі расколатае. Пры гэтым адносная большасць лічыць сябе неабароненай ад самавольства ўладаў, не прымае «моцнай рукі лідара», называе сябе прыхільнікамі рынкавых рэформ і прыязна ставіцца да краін Захаду.

І такія даныя — пасля цэлых гадоў няспыннай агрэсіўнай прапаганды, навязвання культу асобы Лукашэнкі як ратавальніка Беларусі, татальнага знішчэння любой альтэрнатыўнай думкі. Не, неяк не схіляюцца беларусы да дзейнай улады. Неяк не «перавыхоўваюцца» пасля 2020-га. Не іначай, носяць у кішэні дулю, а ў галовах — шкодныя думкі.

Глядзіце таксама

Але глабальна сацыялогія ўсё ж не цалкам рэлевантная ў ацэнцы працэсаў, якія адбываюцца з насельніцтвам Беларусі. Гэта прызнаюць і самі адмыслоўцы. Бо і фактар страху занадта вялікі, і шмат шэрых зон у апытаннях, і дапытвацца ў рэспандэнтаў даводзіцца ўскоснымі методыкамі. Агулам у гэтым кантэксце беларускае грамадства — амаль чорная скрыня.

Эміграцыя — вядомая кожнаму

Чатыры гады таму беларусы спадзяваліся змяніць жыццё ў сваёй краіне. Атрымалася так, што цягам тых жа чатырох гадоў яны па вядомых прычынах масава з’язджаюць за мяжу. Палітычная і працоўная эміграцыя склала сотні тысяч чалавек, самыя смелыя ацэнкі даюць ледзь не да мільёна. Колькі б насамрэч ні было, плынь людзей з краіны стала настолькі заўважнай, што яе прызнае і ўлада.

І ўжо зусім відавочна, што грамадства ўнутры Беларусі ўсвядомлена жыве на фоне гэтай плыні. Прыхільнік ты перамен, «хатаскрайнік» альбо «ябацька» — ты не можаш не бачыць, як твае суграмадзяне абіраюць замежжа для далейшага жыцця і працы. Дакладна можна сцвярджаць, што ў кожнага жыхара «кавалачка зямлі» ёсць блізкія, знаёмыя альбо знаёмыя знаёмых, якія пакінулі радзіму.

Глядзіце таксама

Так, з’язджалі і да 2020-га, але гэта было нечым накшталт «фонавай радыяцыі»: насельніцтва лукашэнкаўскай Беларусі скарачалася шмат гадоў запар. Але пасля выбараў і распачатых рэпрэсій — і пасля расійскага ўварвання ва Украіну — «дазіметры» зашкальваюць, а чэргі на межах не скарачаюцца.

Вядома, што большасць застаецца — бо дома, нягледзячы на ўсе рызыкі і недахопы, усё звыкла. Тут карані, магілы і роднае паветра. Нават з мадураўскай Венесуэлы, дзе да аўтарытарызму дадалася татальная галеча — не стае нават туалетнай паперы — з’ехала меншасць (да 25%). Але справа тут у іншым.

Масавай з’явай у Беларусі становіцца менавіта такое планаванне жыцця, асабліва моладдзю: заставацца ці «валіць». Да 2020-га гэтага не было. Цяпер ёсць, і гэта змяняе стан грамадства. І негатыўна ўплывае на перспектывы Беларусі.

Глядзіце таксама

Трывогі — будучыня невызначаная

Калі браць шырэй, то галоўнай зменай у калектыўнай свядомасці беларускага грамадства варта назваць агульную невызначанасць будучыні. Што будзе заўтра, дакладна не ведае ніхто. Нават тыя самыя «ябацькі» — і нават сам лукашэнкаўскі рэжым.

Ідыялагема хваленай «стабільнасці» разбурылася пад хвалямі рэпрэсій і расійска-украінскай вайны. Калі раней, нягледзячы ні на што, можна было будаваць планы галоў на дзесяць наперад, то цяпер гэта ўяўляецца вялікай раскошай.

З тымі, хто прагне перамен, тут усё зразумела: яны страцілі спакой у 2020-м, і ад той пары жывуць у штодзённай трывозе і наперад не загадваюць. Але і прыхільнікі дыктатуры не маюць душэўнай раўнавагі.

Прапаганда ўсё працягвае нагнятаць: Беларусь у коле ворагаў, напружанне на знешніх контурах узрастае, у краіну лезуць замежная ваеншчына і ўкраінскія дыверсійныя групы. Лукашэнка ўсё часцей выглядае кепска, ужо адкрыта скардзіцца на здароўе і раз-пораз намякае на свой сыход (гэта ў яго называецца «змена пакаленняў»).

«Спецыяльная ваенная аперацыя» ідзе не так, як хацелася б Крамлю і беларускаму рэжыму. Апошнія рэйды УСУ ў Курскай вобласці дэманструюць тую ж крохкасць пуцінскай Расіі, якую паказаў год таму «мяцеж Прыгожына».

Афіцыйны Мінск дасылае на Захад сігналы аб гатоўнасці да дыялогу, але ніхто з ім гаварыць не збіраецца. Залежнасць ад Масквы дасягнула ўжо такога ўзроўню, што даводзіцца абслугоўваць гаспадара на ўзроўні гандлю людзьмі, як было з кейсам Рыка Крыгера.

Куды ўсё гэта коціцца? Ніхто не ведае.

З гэтым няведаннем Беларусы і жывуць. У абодвух палітычных лагерах. Па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. Гледзячы на старога чалавека, які 30 гадоў непадзельна ўладарыць, вычарпаў усе магчымыя тэрміны прыдатнасці і ўсё ніяк не можа «наесціся прэзідэнцтва».