77% беларусаў хочуць, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай: вынікі апытання Chatham House

Па выніках сацыялагічнага даследавання, беларусы сталі больш разлічваць на сябе, чым на дзяржаву, і скептычна ставяцца да саюзаў з іншымі краінамі, піша «Салідарнасць».

_belarus_minsk_zyccjo_ekanomika_ljudzi_fota_novy_czas__1__logo.jpg

Каманда Chatham House апублікавала вынікі апытання гарадскога насельніцтва Беларусі. Параўнаўшы цяперашнія даныя з атрыманымі ў 2009 годзе, даследчыкі прыйшлі да наступных высноў.

  • Беларусы больш не разлічваюць, што дзяржава будзе «сацыяльнай», што яна будзе клапаціцца пра дабрабыт людзей і праводзіць патэрналісцкую палітыку. У гэтым сэнсе стары сацыяльны кантракт сёння разарваны.
  • За 15 гадоў адбыўся прыкметны зрух у бок прарынкавых поглядаў. Беларусы атрымалі досвед працы ў прыватным сектары і цяпер часцей аддаюць перавагу рызыцы і адказнасці, чым забяспечаным дзяржавай сацыяльным гарантыям і стабільнасці.
  • Перастаўшы разлічваць, што сацыяльная палітыка дзяржавы забяспечыць ім жаданы ўзровень жыцця, беларусы ўсё часцей чакаюць, што ўлада створыць такія ўмовы, пры якіх людзі самі змогуць забяспечыць свой эканамічны дабрабыт.
  • Толькі 17% беларускіх гараджан лічаць, што краіне не патрэбныя рэформы (у першую чаргу – у эканоміцы). 49%, наадварот, мяркуюць рэформы неабходнымі.
  • Існуе вялікі разрыў паміж чаканнямі грамадства і дзеяннямі дзяржавы, якія пасля 2020 года накіраваны на змяншэнне ўплыву прыватнага сектара ў эканоміцы. Абвастраюцца супярэчнасці, звязаныя з няздольнасцю ўладаў стварыць чаканыя ўмовы, у якіх людзі маглі б самастойна забяспечыць сабе жаданы ўзровень жыцця.
  • Знізілася папулярнасць канцэпцыі «дзяржава забяспечвае мір і палітычную стабільнасць, але абмяжоўвае насельніцтва ў дэмакратыі і свабодзе слова».
  • Стаўленне да знешняй палітыкі з 2009 года значна не памянялася — беларусы хочуць быць незалежнымі і скептычна ставяцца да саюзаў з іншымі дзяржавамі.
  • Колькасць тых, хто лічыць, што Беларусь павінна быць незалежнай дзяржавай, вырасла і дасягнула 77%. Не згодныя з гэтым 5%.
  • Еўрасаюз больш папулярны, чым Саюзная дзяржава з Расіяй. Прыхільнікамі кожнага з варыянтаў з'яўляюцца па 25% рэспандэнтаў. Аднак праціўнікаў саюза з Расіяй прыкметна больш: 47% vs 36%.