«Сёння заставацца ў Беларусі з актыўнай пазіцыяй — гэта таксама чын супраціву»

Севярын Квяткоўскі на партале «Наше мнение» — пра тое, што Беларусь і беларусы застаюцца абаронай Захаду ад уварвання ў Расію.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___7__logo_1.jpg

У даследаванні сацыялагічнай лабараторыі CBOS 47% палякаў ставяцца да беларусаў з непрыязню. Што праўда, не ўдакладняецца, якія беларусы маюцца на ўвазе. Ці то тыя, хто прыехалі ў Польшчу нядаўнім часам, ці то беларусы ў прынцыпе, ці то беларусы, якія падтрымліваюць Лукашэнку.

Упершыню ў Польшчы з намёкам на ксенафобію я сустрэўся, як ні дзіўна, ў Беластоку. Дзіўна, бо ў памежным рэгіёне грамадзяне Беларусі ўжо трыццаць гадоў ёсць часткай устойлівага краявіду. Так шмат сувязей між людзьмі на ўзроўні малога бізнесу, а таксама сваяцкіх адносінаў.

Я на пару дзён трапіў у шпіталь і выклікаў актыўны інтарэс у персаналу — пісьменнік і журналіст з Беларусі там быў упершыню. Гэта быў адзінаццаты месяц поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і больш за два гады масавых рэпрэсій у Беларусі.

«І што пан далей плануе — у Германію, можа, паедзе?» Я спачатку падумаў, што мяне прынялі за эканамічнага мігранта. Пасля зразумеў, што мясцовых людзей турбуе наплыў бежанцаў рознага кшталту. Украінцаў ад ракет і беларусаў — ад… З размоў стала зразумелым, што ў шпіталі мала хто разумее, што адбываецца ўсяго ў сарака кіламетрах на ўсход.

Польскія медыя актыўна асвятляюць жыццё Беларусі апошніх трыццаці гадоў. І, канешне ж, словам «Лукашэнка» інфармацыя пачынаецца, ім жа і заканчваецца. Але, у адрозненне, ад іншых суседзяў Беларусі, у Польшчы досыць актыўна разглядаецца і беларускае грамадства.

Таму словы «дыктатура» і «рэпрэсіі» у звязку з Беларуссю вядомыя польскім чытачам рубрыкі «У свеце». Калі пачынаеш расказваць пра беларускія рэаліі, звычайна сустракаеш спачувальны погляд і штосьці кшталту «так-так, ведаем». Але справа ў тым, што тое, што было да 2020 года, і тое, што адбываецца цяпер — гэта розныя эпохі.

Беларусы змяніліся настолькі, што з постсавецкага насельніцтва ператварыліся ў сучасную грамадзянскую супольнасць. Магчыма, таму ў сарака кіламетрах на ўсход ад Беластока ўсё яшчэ няма расійскіх танкаў.


Глядзіце таксама

Увосень 2020 года ў польскім урадзе агучылі лічбу ў паўмільёна беларусаў, якіх Польшча рыхтавалася прыняць як бежанцаў. Сёння ведаем, што гаворка прыблізна пра 350 000 усіх, хто выехаў з Беларусі за апошнія тры гады.

Незалежна ад таго, якая партыя пры ўладзе, у Польшчы да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху заўжды было пазітыўнае стаўленне на ўзроўні дзяржавы. Мяркую, таму што беларускае дэмакратычнае ёсць аўтаматычна антыімперскім, саюзным Польшчы.

Дапусцім, што з 350 000 беларусаў, якія выехалі, 200 000 аселі ў Польшчы. З улікам існавання ўкраінскіх бежанцаў — шмат. Але значна менш, чым меркавалася, у тым ліку, чым спадзяваліся «лукашысты».

«Беларусы» і «лукашысты» — так цяпер у размовах беларусы дзеляцца між сабою.

Расійскіх танкаў на мяжы з Польшчай усё яшчэ няма, таму што лукашысты не здолелі змяніць структуру грамадства на сваю карысць.

Што там — за сцяной? Той самай, якую пабудавалі ад штучна арганізаваных мігрантаў з Азіі.

Там, за сцяной, — штодзённыя затрыманні. Людзей забіраюць дзясяткамі за адзін раз. Ёсць справы архітэктараў, медыкаў, адвакатаў, работнікаў таго ці іншага прадпрыемства. Забіраюць шматдзетных бацькоў, забіраюць старых людзей, забіраюць непаўнагадовых.

Гаворка пра каля пяцідзесяці тысяч усіх, хто прайшоў праз адміністрацыйны арышт і каля пяці тысяч тых, хто сядзіць па крымінальных артыкулах. Пра лідараў руху 2020 года мала што вядома, пра некаторых няма звестак, ці яны жывыя.

Так, у Беларусі няма расстрэлаў на вуліцах, як за часамі нацыстаў, але катаванні ў турмах для «палітычных» набліжаюцца да ўзроўню сталінскіх лагераў.

У жніўні 2020 года на поўдзень ад Мінска каля горада Слуцка ўжо быў абсталяваны канцлагер, які праіснаваў тры дні. Пратэст быў такі масавы, што «лукашысты» не ведалі, як утрымліваць вялікую колькасць затрыманых. Але з канцлагерам тармазнулі. Пакуль што.

На шэсць мільёнаў дарослых грамадзян у рэвалюцыйных падзеях 2020 года цягам першых чатырох месяцаў, самых актыўных, узялі ўдзел больш за мільён беларусаў. Дадайце сюды тых, хто падтрымліваў данатамі сем’і арыштаваных, альбо лагістычна, калі хавалі людзей па кватэрах. А колькі спачувалі, хоць не маглі ўдзельнічаць!

Ні ў палітолагаў, ні ў сацыёлагаў няма сумневу, што там — на ўсход ад Беластока, абсалютная большасць людзей не падтрымлівае Лукашэнку. І гэта не абыякавасць, а актыўная пазіцыя.

А значыць, не прымае вайну Расіі супраць Украіны.


Глядзіце таксама

На момант уварвання Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 каток рэпрэсій у Беларусі ўжо набыў татальны характар. Паехаць за краты можна было за чырвоны пас на белых шкарпэтках, за каробку ад тэлевізара на балконе ў бела-чырвоных колерах, за сняжынкі на акне ў бела-чырвона-белым спалучэнні. Нацыянальны БЧБ-сцяг стаў яшчэ і сімвалам змагання за свабоду.

І вось з пачаткам поўнамаштабнай вайны людзі ў Беларусі выйшлі на вуліцы з падтрымкай Украіны, хоць ведалі, што іх затрымаюць і будуць катаваць (збіццё, голад, холад, хлорка на падлозе ў камеры).

У вымушанай эміграцыі мне даводзілася размаўляць з украінцамі, якія выбіраліся з-пад бамбаванняў. І калі мы, беларусы, расказвалі, што «лукашысты» вырабляюць нават з адміністрацыйна затрыманымі, у людзей, над якімі ляталі аскепкі снарадаў, валасы ўздымаліся дыбарам.

Сёння заставацца ў Беларусі з актыўнай пазіцыяй — гэта таксама чын супраціву.

Сярод беларусаў мала хто сумняецца, што падзеі 2020 года адцягнулі пачатак уварвання ва Украіну, бо Пуціну быў патрэбны ціхі тыл.

Але і сёння, у 2024 годзе, Беларусь не назавеш надзейнай тэрыторыяй для імаверных інтэрвентаў у краіны Балтыі і Польшчу.

У беластоцкім шпіталі на пытанне, ці не збіраюся я міграваць далей на Захад, я адказаў, што Беларусь зусім блізка і мне трэба туды.

Цяпер трэба зразумець, якім чынам. Але гэта ўжо не толькі беларускае, але калектыўнае пытанне ўсіх, хто разумее, што Расію, а разам з ёю і Лукашэнку, трэба спыняць.