Квяткоўскі: Беларусы з Беларусі за мяжой не спяшаюцца адмаўляцца ад сваёй беларускасці
Пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі на партале «Наше мнение» піша пра ідэнтычнасць беларусаў і шляхі захавання беларускасці ва ўмовах эміграцыі.
Двое беларусаў у Беластоку. Адзін аўтахтон — яго продкі тут жылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Другі — вымушаны перасяленец. Абодва між сабою гавораць беларускай мовай.
Прыехаў з РБ:
— Слухай, а ў вас у офісе, можа, зарадка ёсць?
— Што?!!!
— Зарадка…
Пасля доўгіх высвятленняў падляскі беларус выдыхае:
— А — łodowarka!
А цяпер наступны паказальны эпізод сутыкнення дзвюх беларускіх, не пабаюся гэтага слова, цывілізацый.
Прыехаў з РБ, таксама «палітычны», але неафіт, знаёміцца з беластоцкім беларусам. Слова за слова, раптам прыезджы кажа:
— Ого, у вас тут такая старая беларуская дыяспара! А калі твае продкі сюды перабраліся?
У 1990-х на Беласточчыне беларусамі сябе называлі больш за 200 000 жыхароў. Сёння яны збольшага самапераназваліся ў «праваслаўных палякаў».
Здавалася б, тэма беларушчыны на Падляшшы паціху сыходзіць ў архіў. Але 2020 год даў Беластоку і ваколіцам вялікую хвалю беларусаў з Рэспублікі Беларусь.
Здаецца, што з дапамогай каманды «Ctrl C» + «Ctrl V» з Гродзеншчыны на Беласточчыну ледзь не адначасова перасяліліся актыўныя людзі са сферы грамадскага актывізму, культуры і малога бізнесу. Плюс з іншых мясцін Беларусі.
«Праваслаўныя палякі» даўно прызвычаіліся да беларусаў з таго боку мяжы. Гаворка пра тысячы прыватных адносінаў на ўзроўні прадпрымальніцтва, а часам і сваяцкіх сувязей.
Тое, што беларусаў паболела, магчыма, далёка не ўсім адразу заўважна. Але працэсы ідуць. У тым ліку такія, што, вывучаючы польскую мову і польскія бытавыя рэаліі, беларусы з Беларусі не спяшаюцца адмаўляцца ад сваёй беларускасці.
Бо гаворка не пра «заробітчанаў», а пра цалкам сабе ідэйных людзей, якія прывезлі сваю ўнутраную свабоду і разам з ёю сваю мару пра Новую Беларусь.
Перад 2020 годам у Польшчы, у тым ліку на беларускай гістарычна-этнічнай частцы Падляскага ваяводства, бачылі пераважна беларусаў заробітчан.
Гэта ўкраінскі тэрмін, які дакладна адлюстроўвае сутнасць з’явы — чалавека, які паехаў за мяжу з эканамічных прычын, генеральна сябе ад радзімы не адразае, хоць за мяжой можа праводзіць большую частку свайго часу.
Нават беларусы з Беларусі, якія прыязджалі ў адукацыйныя, культурныя ці медыйныя арганізацыі Польшчы, і фармальна як бы рушылі беларускую справу, дэ-факта заставаліся заробітчанамі. Бо гаворка ішла найперш пра нармальныя ўмовы працы, а не пра місію беларусаў на тэрыторыі Польшчы.
А беларусы Падляшша і не маглі сабе дазволіць нейкую місію па-за вызначанымі гісторыяй этнічнымі тэрыторыямі — навошта ж канфліктаваць з нацыянальнай большасцю дзяржавы, дзе жывеш?
Тым больш, што польскі нацыяналізм быў і часткова застаецца не толькі крэатыўным, прагрэсарскім, але і цалкам сабе норным, акопным, то-бок, з ухілам у ксенафобію чыстай вады. І акурат на Падляшшы такі дэструктыўны нацыяналізм праяўляўся часцей за ўсё.
І тут масава і амаль адначасова прыбылі рознымі шляхамі палітычныя ўцекачы, палітычныя бежанцы і палітычныя рэлаканты з Беларусі.
Прыехалі не па доўгі польскі злоты, а найперш ратуючыся ад рэальнай ці эвентуальнай пасадкі за краты з усімі перспектывамі: катаванняў, не надання медыцынскай дапамогі, працягнення тэрмінаў зняволення да бясконцасці.
У гэтых беларусаў ад пачатку не было задачы распусціцца бясследна, як цукар у каве, у польскім грамадстве.
Паглядзіце на каляндар беларускіх культурных падзей толькі ў Беластоку — ды ў часы «мяккай беларусізацыі» такой шчыльнасці не было ні ў адным беларускім абласным горадзе! Я ўжо не кажу пра ўсю астатнюю Польшчу, пачынаючы з Варшавы і да самага да Уроцлава.
Задача новапрыбылых, хай сабе інтуітыўная, не прапісаная ў пэўных дэкларацыях, — захавацца, самаарганізавацца, дзейнічаць.
Людзі і дзейнічаюць, хто як можа. Ад згаданых вышэй культурніцкіх падзей да, напрыклад, курсаў па самаабароне для жанчын у звязку з забойствам маладой беларускі Лізы ў Варшаве. Плюс, канешне, збор грошай на дапамогу пацярпелым у той ці іншай сітуацыі суайчыннікам.
Беларусы Падляшша маюць свае грамадскія, грамадска-культурніцкія і нават медыйныя арганізацыі. Гэта сам сабе міні-кантынент у Польскай Рэспубліцы (у назве Rzeczpospolita Polska слова «Polska» — прыметнік, а не назоўнік).
Кантынент падляскіх беларусаў з кожны годам змяншаецца, бо маладым не хочацца асацыявацца са словам «беларус». Шмат для якіх палякаў беларус ёсць сінонімам «лукашыста», а для старых — дык яшчэ і «камуніста». І гэта асобная сумная, але важная тэма з перспектывай на змену ў лепшы бок.
У нашай сітуацыі пакуль больш важна, ці знойдзе паразуменне і магчымасць узаемадзеяння беларускасць Падляшша, і беларускасць Беларусі. Ці нават Новай Беларусі, якую, у сваю чаргу, новапрыбылыя бачаць па-рознаму, у тым ліку некаторыя — без моцнага нацыянальнага складніку. Што, у сваю чаргу, таксама асобная тэма.
Калі згадаем пра новапрыбылых у Польшчу і Літву беларусаў з палітычнымі амбіцыямі, то вымалёўваецца магчымы будучы трохкутнік: нядаўнія і пакуль яшчэ дзеючыя лідары меркаванняў — самаарганізаваныя палітычныя простыя, але грамадскі актыўныя — беларусы Падляшша, якія маюць дзяржаўны статус нацыянальнай меншасці Польшчы, а значыць і Еўрасаюза, адпаведныя юрыдычна аформленыя структуры, але не маюць «свежай крыві» ў сваіх структурах.
Пакуль трохкутнік толькі магчымы, бо пакуль яго тут і цяпер няма. Пералічаныя складовыя часткі беларускай супольнасці ў Польшчы існуюць самі па сабе.
Што да беларусаў Падляшша і новапрыбылых, я больш-менш спакойны за перспектыву. Патрэбны час, каб беларусы з розных цывілізацыйных рэалій прыцерліся адно да аднаго, у тым ліку і на ідэйным, і на прыватным узроўні.
А вось беларусы з палітычнымі амбіцыямі выклікаюць шмат сумневаў.
Напрыклад, шаноўнае спадарства, а вы каго ў Еўрасаюзе рэпрэзентуеце? Калі беларусаў РБ, то хіба на сімвалічным узроўні, і тое толькі Святлана Ціханоўская на 100% можа сабе такую рэпрэзентацыю дазволіць.
Беларусаў у выгнанні? На такое рэпрэзентаванне трэба атрымаць легітымізацыю з боку беларусаў у выгнанні (ці, хутчэй, падарожжы), якія пакуль «цыганы Еўропы», як сказаў знаёмы палітолаг, то-бок, без дакладна абазначанай аселасці.
Што рабіць? Згадаць, што беларусы — даўно адзін з этнасаў Еўропы, і не толькі гістарычна, але тут і цяпер — дзякуючы суродзічам з Беласточчыны.
Гістарычная сустрэча дзвюх галін аднаго этнасу ўжо адбылася. Трэба працаваць так, каб не было пытанняў па «зарядке» і «łodowarcy».