Нацыянальная ідэнтычнасць: метад ад адваротнага

Дзяржава, якая фарміруе нацыянальную ідэнтычнасць метадам ад адваротнага, мае патрэбу ў цынічных, хлуслівых ворагах, якія дэманструюць падвойныя стандарты.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты, — гэта прымаўка больш не працуе. Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова ўключыць тэлевізар. Пра сяброў у беларускай «скрыні» кажуць як пра нябожчыкаў — або добра, або нічога.

Крыху статыстыкі, атрыманай з маніторынгу навінавых праграм тэлеканала «Беларусь 1» за 11 лістапада: агульная колькасць навінавых сюжэтаў — 103; з іх змяшчаюць антызаходнюю крытыку — 50, а прысвечаныя падзеям у Польшчы і на беларуска-польскай мяжы — 38. Што тычыцца сюжэтаў, прысвечаных «нашай Расіі», такіх знайшлося ўсяго 4.

Скажы мне, хто твой вораг, і я скажу, хто ты, — такая сучасная рэдакцыя прымаўкі, аўтарам якой з’яўляецца не народ, а старажытнагрэчаскі драматург і паэт Эўрыпід (480 — 406 да н.э.).

Аб’яднанне статыстыкі з прымаўкай у яе сучаснай рэдакцыі дазваляе разабрацца з нацыянальнай ідэнтычнасцю беларусаў — дакладней, з тым яе складнікам, які спрабуе сфарміраваць дзяржава.

Пачну з вызначэння, запазычанага з кнігі трох расійскіх аўтараў «Цывілізацыйная ідэнтычнасць у пераходную эпоху»: «Нацыянальную ідэнтычнасць можна вызначыць як сукупнасць міфаў, ідэй і наратываў, якія выкарыстоўваюцца пануючай групай для ўтрымання ўлады ў грамадстве».

Нескладана заўважыць, што родная дзяржава выбудоўвае ідэнтычнасць метадам ад адваротнага. У якасці адваротнага выступае аб’яднаны Захад, без нянавісці да якога немагчыма вызначыць каштоўнасць саміх сябе. 50 антызаходніх сюжэтаў — таму відавочнае пацверджанне. Зрэшты, дзень 11 лістапада для маніторынгу абраны мной выпадкова. Прыкладна такія ж суадносіны антызаходніх і прарасійскіх сюжэтаў можна назіраць практычна штодня.

Зразумела, сустракаюцца і выключэнні, падставай для якіх, як правіла, робяцца так званыя беларуска-расійскія саміты на вышэйшым узроўні. Аднак іх жыццё ў медыяпрасторы — як жыццё матылькоў-аднадзёнак.

У якасці адваротнага (прынцыпова Іншага, калі выказвацца навукападобна) для Крамля выступае Амерыка. Прэтэнзія на ролю аднаго з полюсаў сучаснага свету патрабуе спарынг-партнёра адпаведнага маштабу (ВУП Расіі ў 2020 годзе склаў $ 1,5 трыльёна, ЗША — $ 20,8 трыльёна). На Амерыку ў мінскім Палацы Незалежнасці не прэтэндуюць. Прасцей знайсці «мярзотнікаў» у Польшчы. Па-першае, Польшча побач, па-другое, у Еўрапейскага саюза маецца цэлы букет прэтэнзій да ўнутранай палітыкі нашай усходняй суседкі. Дык чаму б не паспрабаваць атрымаць свой маленькі гешэфт з абвастрэння супрацьстаяння?

Ідэнтычнасць ад адваротнага — прыклад негатыўнай ідэнтычнасці. Яна абапіраецца не на гонар за свае дасягненні, а «на здольнасці да пераварочвання ўласных недахопаў і комплексаў непаўнавартаснасці ў станоўчыя якасці, вартасці і перавагу над іншымі» (Леў Гудкоў, сацыёлаг). Адзін з прыкладаў стварэння такога кшталту ідэнтычнасці — «Беларусы — гэта рускія са знакам якасці». Сучаснай Польшчы адведзеная роля люстэрка, у якое глядзіць родная дзяржава і ніяк не налюбуецца на ўласную маральную перавагу. Тым не менш нічога выключна беларускага ў гэтым няма. Унутраная залежнасць ад добрых якасцяў іншых характэрная для краін «мадэрнізацыі, якая даганяе». Калі Беларусь і выбіваецца з агульнага шэрагу, то за кошт адмовы даганяць, за кошт курсу на самаізаляцыю. Аднак гэта асобная тэма.

Сапраўдны твар спецыялістаў па адцягванні канца

Асаблівую значнасць ідэнтычнасць набывае ў эпоху радыкальных сацыяльных пераўтварэнняў, якія прыводзяць да сацыяльнай нестабільнасці. А гэта якраз тое, што беларускай мадэлі доктар прапісаў. 50 антызаходніх сюжэтаў у суткі на адным з тэлеканалаў варта разглядаць у якасці інфармацыйных ін’екцый у Год народнага адзінства.

Але якая эфектыўнасць дзяржаўнай прапаганды? Наколькі пераканаўчымі выглядаюць сюжэты пра амаральнасць еўрапейцаў? Адназначнага адказу на гэтыя пытанні не існуе.

Прычынаў, па якіх адна і тая ж інфармацыя можа ацэньвацца процілеглым чынам, на пальцах адной рукі не пералічыць. Пра адну з іх піша амерыканская журналістка Джулія Галеф у кнізе «Мысленне выведніка. Чаму адны людзі бачаць усё, як ёсць, і прымаюць правільныя рашэнні, а іншыя — памыляюцца».

У кнізе, у прыватнасці, разглядае «светапогляд салдата» («мы падтрымліваем сваіх супраць чужых, выдаём жаданае за сапраўднае, шукаем рацыянальныя адгаворкі, каб апраўдаць свае няўдалыя крокі»), якому супрацьпастаўляецца «мысленне выведніка» («выведнік выходзіць вонкі, аглядае тэрыторыю і вяртаецца з дакладнай картай мясцовасці, яго галоўная мэта — даведацца праўду»).

Суадносіны «салдат» — «выведнік» у Беларусі мне невядомыя, ды яны мяне і не хвалююць. Раскол у беларускім грамадстве ў апошнюю чаргу звязаны са здольнасцю рацыянальна аналізаваць. Галоўная прычына, якая разводзіць беларусаў па розныя бакі сацыяльна-палітычнай барыкады, звязаная з наяўнасцю / адсутнасцю асобасных рэсурсаў.

Іх уладальнікі самастойна выбудоўваюць свае жыццёвыя стратэгіі. У падпорках з боку «моцнай дзяржавы» яны не маюць патрэбы, і таму дылему Усход—Захад звычайна вырашаць на карысць Захаду.

Тыповы прыхільнік Усходу — бюджэтнік і пенсіянер. Зразумець яго нескладана, калі ўспомніць, якую ролю адыгрывае «наша Расія» ў падтрымцы айчынных бюджэтных штаноў.

***
«Цынізм, падвойныя стандарты, хлусня: такі сапраўдны твар Захаду мы бачым цяпер на польскай мяжы». Гэта цытата. Часы мяняюцца. У 1970-я гады «імперыялісты адцягвалі свой канец». У нашы дні яны дэманструюць «сапраўдны твар».

Здымаю перад імі капялюш. Калі б уладальнікаў «сапраўдных твараў» ля нашых заходніх межаў не было, то іх давялося б выдумаць, бо дзяржава, якая фарміруе нацыянальную ідэнтычнасць метадам ад адваротнага, мае патрэбу ў цынічных, хлуслівых ворагах, якія дэманструюць падвойныя стандарты. І такія маюцца.

«Наша Расія» ў выбудоўванні беларускай негатыўнай ідэнтычнасці — не памочнік. Пра яе і не згадваюць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: