Associated Press: Выведка ЗША анансуе ўварванне Расіі ва Украіну
Выведныя службы ЗША, паводле агенцтва Associated Press, валодаюць данымі аб планах Масквы ажыццявіць ваенны наступ на тэрыторыю Украіны ў пачатку 2022 года. Пра гэта інфармуе партал DELFI.

Мяркуецца, што да аперацыі будуць прыцягнутыя да 175 тысяч
расійскіх вайскоўцаў.
Паводле даных амерыканскай выведкі, Расія плануе
ўварванне на тэрыторыю Украіны, магчыма, ужо ў пачатку 2022 года. Пра гэта ў
суботу, 4 снежня, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Associated Press са
спасылкай на неназваную крыніцу ў адміністрацыі ЗША.
Паводле суразмоўцы агенцтва, выведныя даныя кажуць аб
тым, што ў аперацыі павінны ўдзельнічаць да 175 тысяч расійскіх вайскоўцаў,
прычым амаль палова з іх нібыта ўжо разгорнутая ў розных пунктах паблізу мяжы
Украіны.
Выведныя службы высветлілі, што расійскія планы
«прадугледжваюць перакідку 100 батальённых тактычных груп разам з
бронетэхнікай, артылерыяй і абсталяваннем», піша Associated Press,
спасылаючыся на сваю крыніцу.
Напярэдадні кіраўнік Белага дома Джо Байдэн заявіў, што
Вашынгтону ўжо даўно вядома аб дзеяннях Расіі. Падчас віртуальнага саміту з
прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, які, як мяркуецца, адбудзецца на будучым
тыдні, Байдэн мае намер правесці «працяглую дыскусію» аб расійска-ўкраінскім
крызісе.
Закрануўшы патрабаванні Масквы па Украіне, Байдэн заўважыў,
што «не прымае чыіх-небудзь чырвоных ліній». Раней Пуцін указаў, што «чырвонымі
лініямі» для Расіі стануць набліжэнне інфраструктуры NATO да расійскіх межаў,
размяшчэнне ва Украіне замежнай зброі і пагрозы бяспецы РФ.
Паводле Кіева, Расія трымае каля ўкраінскай мяжы больш за
100 тысяч вайскоўцаў і цяжкай тэхнікі. Гэта адбылося пасля маштабных ваенных
вучэнняў у Расіі на пачатку гэтага года, якія выклікалі асцярогі магчымага
ўварвання.
Расія, якая захапіла Крым у 2014 годзе і падтрымлівае гібрыдныя сілы на Данбасе, адмаўляе планаванне нападу і абвінавачвае Украіну і яе заходніх саюзнікаў у эскалацыі напружанасці.
Захад неаднаразова заклікаў Маскву вывесці свае сілы, пагражаючы наступствамі.
Паводле «Свабоды».