Імідж беларусаў — які ён? Якія мы?
Севярын Квяткоўскі для партала «Наше мнение» піша пра тое, што беларусам варта пераасэнсаваць 2020 год і стварыць сабе новы імідж у цяперашніх умовах.
Ішоў па цэнтры Прагі і згадваў, што калісьці параўноўваў распаўсюд беларусацэнтрычнасці з россыпам пацерак на мапе Беларусі. Некаторыя людзі гэтыя невялікія асяродкі называлі словам «гета», а я ўжываў паняцце «крэпасць».
У 2020 годзе россып пацерак зліўся ў адно вялікае цэлае, якое на мапе заняло далёка больш за 50%.
Але вось я іду па цэнтры чэшскай Прагі, прыехаўшы туды з польскай Варшавы з прэзентацыяй літаратурнага праекта пра грузінскі Батумі.
Зноў на мапе беларусы — як архіпелаг Беларусь, карыстаючыся назвай адной з кніг філосафа Валянціна Акудовіча.
Толькі архіпелаг гэты, будучы за мяжой і па дакументах эмігранцкім, прэтэндуе на суб’ектнасць. Эмігранцтва, уцякацтва і дыяспарнасці шмат каму з беларусаў недастаткова.
Беларускую супольнасць за мяжой можна параўнаць, напрыклад, з Тайванем. Толькі без сваёй зямлі пад нагамі. Але з усімі шанцамі, як і непрызнаны большасцю свету востраў, атрымаць свой дыпламатычны статус.
Пакуль не надышоў 2025 год, год пяцігоддзя пасля выбараў 2020-га, адзіны чалавек, які легітымна рэпрэзентуе беларусаў, гэта Святлана Ціханоўская. У яе ёсць час, каб уплываць на тыя ці іншыя падзеі менавіта як у асобы, законна абранай прэзідэнткі, якая хай сабе і не прайшла праз інаўгурацыйную працэдуру.
Важна, як мы сябе рэпрэзентуем для саміх сябе. У Польшчы я прыдумаў як беларус сабе такі вобраз — шляхціч, які прыбыў з-за ўсходняй мяжы Польшчы. Такі аўтатрэнінг важны, бо я, напрыклад, рэгулярна сутыкаюся са стэрэатыпамі пра беларусаў — у лепшым выпадку дзесяцігадовай свежасці.
Беларускі 2020-ты не асэнсаваны самімі беларусамі, што ўжо чакаць ад замежніка адэкватнага ўспрыняцця сучасных беларусаў. Усе або не ўсе, але большасць беларусаў моцна пракачаліся за апошнія тры з лішкам гады.
Калі ўжываць слова «шляхціч» як сінонім «крэатыўнага класа», то мой аўтатрэнінг не такі далёкі ад ісціны. Бо беларуская хваля вымушанай эміграцыі ад 2020 года і па сёння мае ўнікальны характар.
У Еўропе ніколі не бачылі адначасова такой вялікай колькасці людзей, якіх пераследуюць за іншадумства. Я сыходжу з меркаванага мінімуму ў 70% дарослых беларусаў, якія не падтрымалі Лукашэнку ў 2020-м.
Так, у СССР на ўсіх этапах яго існавання трываў пераслед самых розных сацыяльных і этнічных груп. І ў былых краінах сацлагера было штосьці падобнае да СССР — з улікам нацыянальных асаблівасцей.
Але ў савецкія часы гаворка не вялася нават пра дзесяць працэнтаў насельніцтва, якія б адкрыта выступілі супраць улады. У дыктатурах непадтрымка — гэта больш за няўдзел. Гэта акт варожасці.
У 2020 годзе адкрылася акно самых розных магчымасцей. У тым ліку стала агульнадаступным веданне прыблізных працэнтаў праціўнікаў дыктатара.
Не забудзем, што аграмадная колькасць людзей да жніўня 2020 года верыла ў прававое поле на тэрыторыі Беларусі.
Маўляў, раней апазіцыянераў саджалі не па законе, але гэта было выключэннем. Мы ж — большасць — жывём па законах і мусім мець з боку дзяржавы ўзаемнасць.
І калі пасля «ўключэння» інтэрнэту людзі ўбачылі той жах, які нарабілі карнікі Лукашэнкі за 8-12 жніўня 2020 года, з’явілася масавае абурэнне менавіта беззаконнем. Усе ўбачылі, ад чаго так блізка яны жылі ўсё сваё жыццё — ад магчымасці трапіць у катавальні Акрэсціна.
Пракачанасць беларусаў такая, што ў Польшчу ды іншыя краіны прыбываюць людзі, якія пабачылі пашчу нечысці зусім блізка, а дзясяткі тысяч пабывалі там, унутры. У былой палітычнай Усходняй Еўропе ўжо толькі людзі сталага і надта сталага веку памятаюць, што такое фашысцкія рэжымы з камуністычнымі лозунгамі.
Новая хваля беларускай эміграцыі на вялікі адсотак складаецца з людзей, якія пацярпелі за ідэалы. Найперш ідэалы справядлівасці.
Так, такія эмігранты былі заўжды, але не ў такой колькасці людзей, якімі можна засяліць цэлы абласны/ваяводскі горад.
Названая няпростасць беларусаў за мяжой — вялікі іміджавы капітал, які нельга растрэсці.
Хтосьці ў 2020 годзе заўважыў, як раптам у краінах, дзе здавалася, што няма беларускіх дыяспар, раптам выйшлі людзі з БЧБ-сімволікай.
Гэта беларусы, якія жылі ціхенька, мімікруючы пад мясцовых, якія не жадалі акцэнтаваць увагу на сваім паходжанні, каб не чуць у адказ штосьці пра Лукашэнку. Цяпер да суайчыннікаў хацелася далучыцца.
Стаць часткай феерыі паўсталай грамадзянскай супольнасці з максімальна пазітыўным іміджам. «Беларус» загучала годна.
Вось гэтае «годна» нам, беларусам, трэба калектыўна расшыфраваць, назваць больш дакладна. Гэта задача для паліттэхнолагаў у камандзе з сацыёлагамі, камунікацыйнікамі, рэкламістамі.
Што праўда, паліттэхнолагі — гэта для прававога поля ці хаця б падабенства чагосьці законнага. Ці ў мірны час, ці не ў зусім мірны.
Мае прапановы ў будучую агульную капілку:
- Беларусы тэхналагічна мегасучасныя (нагадаць пра 5-ю ІТ-краіну ў свеце да 2020-га);
- Беларусы амаль як першахрысціяне — настолькі іх пратэст без карыслівых матываў;
- Беларусы — Еўрапейцы з вялікай літары, бо Закон для іх — рэлігія;
- Беларусы мегаталерантныя (гісторыя без рэлігійных пераследаў, першыя праведнікі міру, пратэст 2020-га быў усіх і кожнага);
- У выпадку патрэбы беларусы мегасмелыя (проста праілюстраваць з 2020 года).
Як кажуць, дадай сваё.
Фактычна, варта ствараць імідж беларусаў у Еўропе як носьбітаў Веды — як сутыкнуцца з абсалютным Злом і застацца чалавекам.