Якую мову мы называем «роднай» і ці сапраўды руская шкодзіць нам?

На важныя пытанні адносна таго, як мова ўплывае на ідэнтычнасць асобы і суверэнітэт дзяржавы, адказваюць мовазнаўцы.

_brest_horad_nabjareznaja_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___1__logo.jpg

«Media IQ» зрабіў цыкл дыскусій, дзе беларускія і ўкраінскія эксперты спрабавалі шукаць адказы на балючыя для беларусаў і ўкраінцаў пытанні. Яны звязаныя з саўдзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, з тым, як украінскае грамадства і ўлады ўспрымаюць рэжым Лукашэнкі і беларускія дэмакратычныя сілы, і не толькі.

Суразмоўцы гэтай дыскусіі — доктар філалагічных навук, акадэмік Ларыса Масенка (Украіна) і навуковец, мовазнавец і папулярызатар беларускай мовы Вінцук Вячорка.

Ці з’яўляюцца рускамоўныя беларусы беларусамі? А ўкраінцы — украінцамі?

Ларыса Масенка: Я думаю, што можам лічыць, тут асноўнае пытанне: як чалавек адказвае, якая яго родная мова. Гэта значыць, калі рускамоўны ўкраінец ці рускамоўны беларус адказваюць, што родная мова іх беларуская або ўкраінская ў гэтых выпадках, то тады можна лічыць іх беларусамі і ўкраінцамі.

Аднак, калі чалавек кажа, што родная мова яго руская, то гэты чалавек ужо страчаны для свайго народа.

Мы калісьці праводзілі такое, пры падтрымцы міжнародных арганізацый, вялікае апытанне, масавае па Украіне ў 2006 годзе, і калі браць Украіну, то атрымлівалася, што 15% украінцаў ўжо лічылі рускую мову роднай, але яны знаходзіліся пераважна на ўсходзе і поўдні краіны. А так, то і кіяўляне, на жаль, значная частка з якіх рускамоўная, усё роўна пераважна адказваюць, што родная мова іх ўкраінская. Па такім крытэры вось уласна і можна вызначыць, ці чалавек ёсць, і ідэнтычнасць мае ўкраінскую, нягледзячы на рускамоўнасць.


Глядзіце таксама

Вінцук Вячорка: У нас сітуацыя, відаць, больш заблытаная. У тым ліку таму, што мы не маем дакладных, пэўных адказаў на пытанне, колькі беларусаў лічаць роднай беларускую мову і што яны ўкладаюць у гэты панятак — родная мова. Рэч у тым, што ў міжнароднай сацыялінгвістыцы выкарыстоўваецца цэлая палітра азначэнняў для вызначэння моўнай ідэнтычнасці, моўных паводзінаў чалавека. Гэта mother tongue, альбо першая мова, мова маці. Гэта асноўная мова, якой чалавек рэальна найлепш валодае, гэта звычайная штодзённая мова. І гэта моўная ідэнтычнасць — з якой мовай чалавек атаясамлівае свой род, сваю будучыню, ну і, у рэшце рэшт, сваю нацыянальнасць.

А ў нас раней у перапісах задавалі пытанне «родная мова» без расшыфроўкі, што дазваляла чалавеку ўкладаць у гэтае паняцце ў тым ліку і сваё ўяўленне пра мову ідэнтычнасці. У сэнсе, чалавек мог не гаварыць штодня па-беларуску, альбо, прынамсі, на літаратурнай беларускай мове, але пры гэтым лічыць беларускую мову роднай — гэта значыць мовай свайго роду, і нават матчынай яе называць, нават калі яго маці ўжо з ім не гаварыла па-беларуску. Ну, гэта ахвяры русіфікацыі савецкай, 60-х — 70-х гадоў, але з яго маці яе маці гаварыла, бабуля яшчэ гаварыла па-беларуску. Ну і такім чынам ёсць перспектыва, што яго дзеці і ўнукі загавораць зноў па-беларуску. І гэта і адбывалася ў нас — вяртанне да беларускай мовы праз пакаленне ці два.

Але вельмі важна, што людзі, якія вярталіся самі і вярталі сваіх дзяцей да беларускай мовы, ўсведамлялі, што гэта мова іх роду. А вось у апошніх перапісах, ужо пры Лукашэнку, пачалі расшыфроўваць, што значыць родная мова. Маўляў, гэта тая мова, якую чалавек першай засвоіў у сям’і. І аказалася, што права дэклараваць мову ідэнтычнасці ў людзей як бы адабралі.

І адбыўся абсалютна катастрафічны абвал моўнай ідэнтычнасці паміж 1999 і 2009 гадамі, калі былі перапісы, — на 22%.

Гэта абсалютна нечувана, каб за 10 гадоў так змянілася моўная ідэнтычнасць цэлага народа! Гэта, з аднаго боку, і палітыка лукашэнкаўскай улады антыбеларуская і, з другога боку, гэта вось пазбаўленне людзей права дэклараваць беларускую мову як родную.

І яшчэ адзін важны момант. Што значыць — гаварыць па-беларуску? Як я ўжо сказаў, гэта ж не толькі карыстацца стандартнай мовай. Кожны чалавек, які гаворыць дыялектнай мовай, безумоўна, гаворыць па-беларуску. Чалавек, які гаворыць тым, што, як ён усведамляе як змешанай мовай: «Ну, знаеце, як мы гаворым. Слова беларускае, слова – польскае, слова беларускае, слова – рускае, слова – беларускае, слова – украінскае…» Гэта залежыць ад геаграфіі. Па праўдзе, гэта беларускія дыялекты. Толькі што ў людзей як бы забралі магчымасць прызнавацца ў тым, што яны гавораць па-беларуску – гэта як бы няёмка.


Глядзіце таксама

У савецкі час закладалася, што гэта няёмка. І гэта зноў і цяпер быццам бы няёмка. А між тым, нават чалавек, які пасіўна валодае беларускай мовай, проста яе банальна разумее і добра ёю валодае, ён жа таксама  беларускамоўны. Я да чаго вяду — што нават чалавек, які штодня гаворыць па-расійску, але пры гэтым беларускую мову ведае, валодае, устаўляе нейкія словы, ён патэнцыйна да яе заўсёды можа вярнуцца. Ён патэнцыйна беларускамоўны. І калі якія-небудзь дасужыя сацыёлагі кажуць, што ў нас толькі там 3 % ці 5 % гавораць па-беларуску, яны гэтай рэчы проста не разумеюць.

Так што, безумоўна, той, хто гаворыць па-расійску, але мае вось гэты фон, гэтую перадгісторыю, безумоўна, ён беларус. І прычым, я так падазраю, з вектарам вяртання да беларускай мовы.

Л. М.: тут важнае пытанне паднялі, што гэта мова роду, гэта значыць бацькі рускамоўныя. У нас больш за ўсё русіфікаваныя буйныя гарады, у гарадах шмат насельніцтва, тут адбывалася індустрыялізацыя, прыязджалі, і такі тут быў ужо кацёл русіфікацыі. Тады як невялікія мястэчкі і вёскі заставаліся ўкраінскамоўнымі. Вось гэтая генерацыя, якая ўжо прыехала ў гарады і русіфікавалася, іх дзеці — для іх ўкраінская мова часта быў мовай дзядулі і бабулі; гэта была мова іх роду, мова ўсіх папярэдніх пакаленняў. То, бясспрэчна, у такім значэнні то і ёсць іх родная мова. Я хачу яшчэ сказаць, што ў нашай сітуацыі мы давалі і такое вызначэнне: «Родная мова — гэта мова маёй краіны». Я разумею, што родная мова, вы вельмі добра пра гэта сказалі, яна па-рознаму тлумачыцца ў іншых краінах, найбольш распаўсюджана тое, што вы казалі — мова маці. Так, родная мова — гэта мова маці, з якім дзіця засвойвае гэтую мову. Аднак, улічваючы нашу сітуацыю, тут важна, я думаю, трактаваць родную мову як мову майго народа, мову маёй краіны.

Краін-білінгваў у свеце больш, чым тых, дзе ўзаконена адна мова. Ці пагражае беларускай і ўкраінскай мовам суседства з расійскай?

Л. М.: У нас часта не ўлічваюць розніцу паміж індывідуальным двухмоўем, індывідуальным білінгвізмам, і дзяржаўным двухмоўем. Гэта значыць калі чалавек валодае дзвюма мовамі, а цяпер часта і трыма — нашы вучні і студэнты цяпер актыўна вучаць яшчэ і англійскую мову, — у гэтым нічога дрэннага няма, наадварот.

Аднак надзвычай негатыўная з'ява — гэта дзяржаўнае двухмоўе, асабліва такое, якое склалася ў нас, у постімперскай прасторы, гэта значыць калі ўсё насельніцтва Украіны і Беларусі гэтак жа абавязкова павінна было вывучыць рускую мову ў савецкі час, без яе нельга было зрабіць кар'еру.

Гэтая мова выцясняла мясцовыя, гэта значыць гэта той білінгвізм, як нават замежныя навукоўцы вызначаюць: гэты стан няўстойлівай раўнавагі, калі ўвесь час паміж гэтымі дзвюма мовамі адбываецца канфлікт, паколькі адна мова хоча выцесніць іншую са сваёй тэрыторыі, родную. Гэты канфлікт затым вырашаецца альбо перамогай адной з моў, альбо распадам дзяржавы на дзве часткі, як гэта адбываецца, напрыклад, у Бельгіі.

Я, на жаль, не магу пагадзіцца і з тым, што большасць краін двухмоўныя, я не ведаю, у рэшце рэшт, як у свеце — Азія, Афрыка. Але калі браць Еўропу, то наадварот, там вельмі мала краін, дзе дзяржаўнае двухмоўе. З 47 еўрапейскіх краін, калі лічыць і Расію, і закаўказскія краіны, і Турцыю, у 41 краіне толькі адна дзяржаўная мова. Там, дзе дзве мовы, ужо часта існуе вельмі моцны канфлікт, такі як у Бельгіі, дзе фламандцы з аднаго боку, а з другога боку — валонцы, якія размаўляюць на французскім дыялекце. Вось у гэтай сітуацыі кожны, хто там бываў, ведае. Дарэчы, калі едзеце ў фламандскую частку, то ні ў якім разе не кажыце «мерсі», не кажыце «бонжур» і гэтак далей. Там надзвычай моцны канфлікт на гэтай глебе, урад прыдумляў ужо розныя меры, і пралічылі нават распад гэтай краіны, але, магчыма, у іх усё ж атрымаецца, пакуль яны трымаюцца.


Глядзіце таксама

Потым хачу назваць Швейцарыю. Нам прарасійскія сілы вечна прыводзяць гэты прыклад, што «вы, значыць, супраць двухмоўя, калі ў Швейцарыі тры, нават чатыры мовы», там яшчэ рэтараманская, невялікая па аб'ёме мова. Аднак, гэтыя людзі зусім не ведаюць сітуацыю, гэтая краіна падзелена моўнымі межамі: у нямецкамоўным кантоне толькі свая мова, у французскім — толькі французская, у італьянскім — італьянская, і для таго, каб атрымаць грамадзянства Швейцарыі, я ведаю, што прынамсі некалькі гадоў таму там быў такі закон, што там трэба пражыць не менш за 12 гадоў у кантоне і здаць экзамен на веданне гэтай мовы — не толькі экзамен, але і тое, што ты засвоіў мясцовы лад мыслення. Разумееце, гэтыя размовы пра тое, што нічога страшнага ў дзяржаўным двухмоўі няма, нічога не вартыя.

Я яшчэ хачу Фінляндыю згадаць, гэта таксама адна з нямногіх краіны, дзе дзве мовы: і шведская дзяржаўная, і фінская. Раней у мінулым шведская выцясняла фінскую, у гарадах вельмі мала людзей гаварылі на фінскай мове, затым яны правялі вельмі актыўную палітыку дзяржаўную, вярнулі фінскую мову і многія шведы адтуль з'ехалі. Увялі як дзяржаўную шведскую мову толькі ў 1919 годзе, таму што ў Расіі тады пачаўся бальшавіцкі пераварот, ён вельмі пагражаў і Фінляндыі, яны замахваліся на гэтую краіну. Тады аб'ядналіся ўжо ўнутры фінская і шведская эліты. Яны ўжо супраць уласна гэтай магчымай савецкай экспансіі, хоць там шведаў, здаецца, 7%. То-бок калі спасылаюцца то на Швейцарыю, то на Бельгію, заўсёды трэба дакладна ведаць сітуацыю гэтых краін.

В.В.: Дарэчы, дабаўлю, што ў Фінляндыі ёсць шведскамоўны рэгіён, Алянскія выспы, дзе сапраўды рэальна бальшыня шведскамоўная. Яны аточаныя морам, і гэтая шведскамоўнасць не пагражае моўным размываннем асноўнаму моўнаму масіву.

І я б яшчэ болей звузіў рэгіянальны падыход. Мы — Цэнтральна-Ўсходняя Еўропа, а для Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы дзяржаўная двухмоўнасць — увогуле экзотыка. Адзіны вынятак — гэта, на вялікі жаль, лукашэнкаўская Беларусь. Таму што хоць Лукашэнка сто разоў гаварыў, што «у нас языковой проблемы нет, нам её подбрасывают», тым не менш, прыйшоўшы да ўлады у 94-м годзе на папулісцкіх закліках,  атаясамляючы непазбежныя праблемы будаўніцтва эканамічнага і палітычнага маладой дзяржавы з моўнымі, ён жа ж казаў, што гэта ўсё «гэтыя свядомыя са сваим языком» вінаватыя ў гэтых праблемах. Ён пачаў з рэферэндума менавіта на моўную тэму. Заблытаўшы людзей і паставіўшы на галасаванне рэферэндумнае пытанне, звязанае з ідэнтычнасцю, якое, паводле тагачаснага заканадаўства беларускага, няможна было выносіць на рэферэндум. Ён меў быць кансультацыйным, ну але Лукашэнка ўжо тады пачаў адпаведна ставіцца да законаў і да Канстытуцыі. Ён зрабіў яго абавязковым, і мы сталі адзінай постсавецкай, і шырэй, цэнтральна-ўсходнееўрапейскай краінай з дзвюма дзяржаўнымі мовамі — і вынік не прымусіў сябе чакаць.

Ужо ў 2007 годзе ЮНЭСКА ўключыла беларускую мову ў сваю страшную Чырвоную кнігу моваў, якім пагражае знікненне.

Таму што адсотак людзей, якія ў наступных пакаленнях пераймаюць мову ад бацькоў ці ў школе, знізіўся да небяспечнага ўзроўню. Пакуль што мы як бы на першым узроўні — ну, тады былі, у 2007 годзе, а цяпер, можа, ужо і на другой ступені гэтай юнэскаўскай пагрозлівай чумной кнігі, так сказаць.

Прывяду прыклад не з нашага еўрапейскага рэгіёна, але з Еўропы — Ірландыя. Там дзве дзяржаўныя мовы: ірландская і англійская. Сітуацыя тыпалагічна чымсьці падобная да беларускай, таму што англійская мова ў параўнанні з расійскай куды больш статусная, яна сусветная мова. І вось гэтае двухмоўе дзяржаўнае, прытым што ірландскі ўрад дбае пра сваю мову, прытым што там ёсць праграмы яе аднаўлення, усё роўна не дае вярнуць ёй ключавыя сферы бытавання штодзённага. А з другога боку, ёсць Уэльс, які хоць не незалежная дзяржава, а складнік Вялікабрытаніі. Як ні дзіўна, там адзіная дзяржаўная мова — валійская. Англійская мова там не мае статусу. Прытым што ўсе яе ведаюць, але статусу не мае. І за ХХ стагоддзе, крок за крокам, валійская мова пачала вяртацца ва ўжытак.


Глядзіце таксама

Так што мы маем перад вачыма трагічны беларускі і трывожны ірландскі прыклады, каб зразумець, што гэтага нельга рабіць. Агітатары за двумоўе, двуязычнікі кажуць, што «никто не имеет права заставить человека разговаривать у себя в семье»… Глупства!

Дзяржаўнасць мовы азначае тое, што дзяржаўны чыноўнік абавязаны карыстацца гэтай мовай, што дзяржава абавязана бараніць правы гэтай мовы, што я як беларускамоўны маю права ў любую дзяржаўную ўстанову звярнуцца па-беларуску і яны мне па-беларуску адкажуць. І толькі.

Для сітуацый складаных, такіх як беларуская, можа быць пераходны перыяд. Ну, скажам, вось у Казахстане, да якога ёсць пытанні пра яго дэмакратычнасць, але дзяржаўны статус казахскай мовы нейкі час суправаджаўся так званым афіцыйным, але недзяржаўным статусам мовы расійскай, і паступова, спакваля, упэўнена яны ідуць да сітуацыі паўнавартаснага, усюдыіснага бытавання найперш казахскай мовы.

Так што прыпісваць людзям, якія выступаюць за беларускую мову як адзіную дзяржаўную, нейкія памкненні да гвалту, да прымусу — гэта папросту скажае рэчаіснасць. У 90-м годзе, калі было прынята рашэнне аб беларускай мове як адзінай дзяржаўнай, прымаліся  вельмі  мяккія тэрміны: 5-6, для юрыспрудэнцыі нават 10 гадоў, — поўнага пераходу на беларускую мову, маючы на ўвазе падрыхтоўку кадраў, тэрміналогію, адпаведныя кнігі, пераклад заканадаўства. Калі б не гэты папулісцкі пераварот 94-га года, у нас бы цяпер была сітуацыя, блізкая да ўкраінскай. Так што гэтую навуку трэба засвоіць і не паўтараць памылак.

Цалкам дыскую пра мовы можна пачытаць тут.