Ілан Маск абвергнуў інфармацыю пра продаж Starlink Расіі

Украінская выведка заявіла, што Расія выкарыстоўвае спадарожнікі Starlink у вайне. Ілан Маск даў адказ у сацсетках.

Фота: Damian Jemioło, politykabezpieczenstwa.pl

Фота: Damian Jemioło, politykabezpieczenstwa.pl

Украінская выведка заявіла, што войскі РФ выкарыстоўваюць Starlink у зоне баявых дзеянняў ва Украіне. Ілан Маск у адказ падкрэсліў, што ні адзін Starlink не быў прададзены ў Расію прама ці ўскосна, паведамляе «Deutsche Welle».

Амерыканскі прадпрымальнік Ілан Маск зняпраўдзіў паведамленні ўкраінскіх вайскоўцаў пра тое, што ён нібыта пастаўляе Расіі тэрміналы спадарожнікавага інтэрнэту Starlink. У паведамленні, выкладзеным на платформе «Х» вечарам у чацвер, 11 лютага, бізнесовец назваў такія паведамленні «ілжывымі навінамі».

«У шэрагу ілжывых навін сцвярджаецца, што SpaceX прадае тэрміналы Starlink Расіі. Гэта катэгарычная няпраўда. Наколькі нам вядома, ні адзін Starlink не быў прададзены Расіі прама ці ўскосна, — напісаў Маск і дадаў у каментарах да свайго паста: — Нават калі Пуцін назваў мяне разумным чалавекам, я не дам яму тэрміналы Starlink».

Ілан Маск не адказаў прама на пытанне, ці можа Расія выкарыстоўваць тэрміналы Starlink, набытыя праз пасрэднікаў.

Украіна: расійскія вайскоўцы выкарыстоўваюць Starlink

Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны 11 лютага заявіла, што войскі РФ выкарыстоўваюць Starlink у зоне баявых дзеянняў, апублікаваўшы ў якасці доказу фрагмент перахопленых перамоў расійскіх вайскоўцаў. Выданні «Defense One» і «Astra» паведамлялі, што тэрміналы Starlink маглі быць пастаўлены ў Расію праз Дубай.

SpaceX у мінулым годзе забараніла ўкраінскім вайскоўцам выкарыстоўваць Starlink для наступальных мэт, у тым ліку для кіравання беспілотнікамі.

Глядзіце таксама

У біяграфіі Маска, напісанай Уолтжрам Айзексанам, сцвярджалася, што ў 2022 годзе Ілан Маск таемна даручыў адключыць спадарожнікі Starlink побач з узбярэжжам анексаванага Крыма, каб сарваць атаку УСУ на расійскі ваенна-марскі флот. У адказ Маск заявіў, што Starlink у Крыме не працуе, а ён адмовіўся ўключыць яго па просьбе ўкраінскіх вайскоўцаў, бо не мог дапусціць, каб яго кампанія была «наўпрост замяшана ў вайне і эскалацыі канфлікту».