719-ты дзень вайны: перастаноўкі ва ўкраінскай арміі і ваяры-непальцы на баку Расіі

Сабралі важныя звесткі з вайны: што адбылося на фронце за суткі.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

***

Зяленскі правёў кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве УСУ.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыўАляксандра Паўлюка камандуючым Сухапутных войскаў УСУ. Таксама ён правёў новыя перастаноўкі ў кіраўніцтве Узброеных сіл Украіны. Так, кіраўнік дзяржавы звольніў Сяргея Наева з пасады камандуючага Аб'яднаных сіл УСУ. На гэтую пасаду прызначаны Юрый Стадоль. Акрамя таго, Зяленскі змяніў камандуючага дэсантна-штурмавых войскаў УСУ. Гэтую пасаду займаў Максім Міргарадскі. Новым камандуючым стаў Ігар Скібюк. Таксама быў прызначаны новы камандуючы сіламі тэрытарыяльнай абароны. Пасаду атрымаў Ігар Плахута. 

***

Украіна дагнала Расію па колькасці дронаў-камікадзэ далёкага радыуса дзеяння. Пра гэта заявіў міністр па лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў. Паводле яго слоў, ва Украіне існуе да дзесяці вытворцаў, якія вырабляюць далёкія дроны-камікадзэ. Фёдараў дадаў, што вытворчасць такіх беспілотнікаў «упіраецца» толькі ў бюджэт. Пры гэтым ён сказаў, што Украіна таксама распрацоўвае метады радыёэлектроннай барацьбы, каб саджаць варожыя «шахеды», а не толькі збіваць. 

***

У ноч на 12 лютага ўкраінскія абаронцы знішчылі 14 «шахедаў» з 17 запушчаных расіянамі, а таксама кіраваную авіяцыйную ракету Х-59. Да адбіцця паветранага нападу былі прыцягнуты падраздзяленні мабільных агнявых груп паветраных сіл і сіл абароны Украіны.

***

У Днепрапятроўскай вобласці ў выніку дронавай атакі расіян узнік пажар на энергетычным аб'екце, цяпер тысячы абанентаў застаюцца без святла і без вады.

Кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак«Уначы над Новамаскоўскім раёнам нашы абаронцы знішчылі ракету. Над Паўлаградскім — 6 беспілотнікаў. У выніку атакі расійскіх дронаў на энергетычным аб'екце ўзнік пажар, які ратавальнікі ўтаймавалі. Без святла ў Паўлаградскім раёне застаюцца каля 29 тысяч абанентаў. У Цярноўцы — 10 тысяч абанентаў без вады».

Лысак дадаў, што энергетыкі ўжо чыняць пашкоджанае акупантамі абсталяванне, каб адрамантаваць інфраструктуру і дамы як мага хутчэй.

Таксама акупанты абстрэльвалі Нікапальшчыну, з цяжкай артылерыі білі па Марганецкай абшчыне. Абышлося без загінулых і пацярпелых.

***

Расійскія войскі пабудавалі 30-кіламетровы бар'ер, які атрымаў назву «царскі цягнік», у акупаванай Данецкай вобласці, магчыма, для таго, каб ён служыў абарончай лініяй супраць будучых украінскіх наступаў. 

Спадарожнікавыя здымкі ад 10 траўня 2023 года, 6 і 10 лютага 2024 года сведчаць, што за апошнія дзевяць месяцаў расійскія войскі пабудавалі доўгую лінію вагонаў, якая працягнулася ад акупаванай Аленеўкі да Валнавахі.

Паводле звестак Deep State, расійскі цягнік складаецца з больш як 2100 грузавых вагонаў.

***

На працягу мінулага дня расіяне здзейснілі 26 абстрэлаў Сумскай вобласці, на адну з абшчын скінулі 12 мін.

Абстрэлам падвергліся Хоцінская, Мірапольская, Краснапольская, Белапольская, Вялікапісароўская, Новаслабодская, Шалыгінская абшчыны.

***

За мінулыя суткі расіяне атакавалі на 8 напрамках, найбольш актыўна на мар’інскім і аўдзееўскім, усяго на фронце адбылося 100 баявых сутыкненняў; акупанты нанеслі 4 ракетныя і 110 авіяцыйных удараў, здзейснілі 95 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, паведамляе Генштаб.

***

Расія завербавала для ўдзелу ў вайне супраць Украіны каля 15 тысяч грамадзян Непала. За службу ім прапануюць 2 тысячы долараў

Усяго, як паведамляе CNN, каля 15 тысяч жыхароў Непала прынялі ўдзел у вайне на баку РФ. Прынамсі, 2000 з іх прапалі без вестак. Члены сем'яў наймітаў патрабуюць ад улад вярнуць іх мужоў дадому. Але палітыкі значна прымяншаюць колькасць непальскіх наймітаў, якія ўдзельнічаюць у расійска-ўкраінскай вайне. Паводле іх інфармацыі, у вайне ўдзельнічае каля 200 грамадзян Непала. 

***

Амерыканскі прадпрымальнік Ілан Маск зняпраўдзіў паведамленні ўкраінскіх вайскоўцаў пра тое, што ён нібыта пастаўляе Расіі тэрміналы спадарожнікавага інтэрнэту Starlink. У паведамленні, выкладзеным на платформе «Х» вечарам у чацвер, 11 лютага, бізнесовец назваў такія паведамленні «ілжывымі навінамі».

Глядзіце таксама

***

Расія працягвае несці страты ў захопніцкай вайне супраць Украіны — толькі за мінулыя суткі сілы абароны ліквідавалі 790 акупантаў, 10 танкаў і 6 артылерыйскіх сістэм.

Агульныя баявыя страты расіян з 24.02.22 па 12.02.24 арыенціровачна склалі:

асабовы склад — каля 395 990 (+790) чалавек,

танкі — 6 416 (+10) адз.,

баявыя браніраваныя машыны — 11 977 (+21) адз.,

артылерыйскія сістэмы — 9 481 (+6) адз.,

РСЗА — 981 (+0) адз.,

сродкі СПА — 666 (+0) адз.,

самалёты — 332 (+0) адз.,

верталёты — 325 (+0) адз.,

БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 7 302 (+45) адз.,

крылатыя ракеты — 1 882 (+1) адз.,

караблі / катэры — 24 (+0) адз.,

падводныя лодкі — 1 (+0) адз.,

аўтамабільная тэхніка і аўтацыстэрны — 12 599 (+7) адз.,

спецыяльная тэхніка — 1 514 (+1) адз.