А калі ўсё па плане? Чаму Захад марудна выдае вайсковую дапамогу Украіне
Калі вы любіце тэорыі змовы, накшталт таго, што Амерыкай валодаюць Ротшыльды, ковід прыдумалі, каб чыпаваць насельніцтва, а 5G душыць волю, то мая тэорыя вам таксама спадабаецца, піша Валерый Віктаравіч у Plan.B.
![Ілюстрацыйнае фота з gagadget.com Ілюстрацыйнае фота з gagadget.com](/img/v1/images/794e8356f5c902483ae920f5e08899b4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота з gagadget.com
Але каб ацаніць яе па вартасці, патрэбен кантэкст.
А памятаеце, у 1979-м…
Такім чынам, на двары снежань 1979-га года. Спецпадраздзяленні савецкіх войскаў ліквідавалі кіраўніка Афганістана Хафізулу Аміна (цалкам лаяльнага СССР, дарэчы), каб замяніць на яшчэ больш лаяльнага Бабрака Кармаля. Аднаму богу вядома, навошта.
У гэты момант, па сутнасці, пачаліся дзве рэчы: вайна ў Афганістане (якую Саветы таксама аддавалі перавагу вайной не называць) і аперацыя ЦРУ ЗША па ўзбраенні афганскіх маджахедаў пад назвай «Цыклон».
Пра вайну ў Афганістане ўсе, вядома, памятаюць. Пазбаўлены ўсякага сэнсу канфлікт доўжыўся дзесяць гадоў, забраў мільёны жыццяў і выдатна пахіснуў савецкі калос, прывёўшы краіну да перабудовы, а потым і да распаду.
Пра аперацыю «Цыклон» у прыстойным грамадстве ўспамінаць не прынята, прыкладна як пра амерыканскую тушонку, якой накармілі савецкіх салдат у Другую сусветную.
Глядзіце таксама
![Загінулі ні за што. Нявывучаныя ўрокі афганскай вайны Загінулі ні за што. Нявывучаныя ўрокі афганскай вайны](/img/v1/images/_belarus_zbroja_vojska_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4___1_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Як гэта было
А было так.
Грубае ўмяшанне СССР у Афганістан вельмі не спадабалася прэзідэнту Картэру і не асабліва падабалася прэзідэнту Рэйгану, які змяніў Картэра. Таму ЗША вырашылі Афганістану дапамагчы.
Спачатку цішком і пакрысе. Скуплялі на чорным рынку зброю, якую маглі, і ціхенька адпраўлялі маджахедам. Ледзь не ў скрынях з апельсінамі. Халодная вайна ж! У адкрытую дапамагаць было не камільфо. Таму ў пачатку вайны афганцы ваявалі ледзь не музейнымі экспанатамі.
Але чым даўжэй працягваўся канфлікт, тым больш ахвотна ўхваляліся бюджэты на аперацыю «Цыклон», і ўсё больш і больш сучасныя штукі траплялі ў рукі «паўстанцаў».
У выніку дайшла чарга да знакамітых «Стынгераў». Гэта былі такія кампактныя ракетныя комплексы: закінуў на плячо, націснуў на кнопку і збіў непаражальны ўдарны верталёт. А тоё й цэлы самалёт.
Менавіта пастаўкі «Стынгераў» зрабілі магчымым пералом у вайне і ў выніку справакавалі вывад савецкіх войскаў з Афганістана.
Усяго на аперацыю «Цыклон» выдаткавалі каля 20 мільярдаў долараў, што зрабіла яе самай дарагой аперацыяй у гісторыі ЦРУ. Але ўсё роўна гэта было ў разы менш выдаткаў СССР на афганскую вайну.
А вынікам яе, няхай і не адразу, стаў распад Савецкага Саюза.
Гэта, так бы мовіць, кантэкст.
Глядзіце таксама
![Страты Расіі і Украіны ў вайне Колькі вайскоўцаў страцілі Расія і Украіна за час вайны?](/img/v1/images/3243579.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пазнаеце почырк?
А цяпер — тэорыя.
Ці не здаецца вам, што характар дапамогі Захаду Украіне вельмі падобны на тое, як ЗША падтрымлівалі Афганістан?
Вядома, і час цяпер іншы, і ўдзельнікі іншыя, і нават долары сталі ўжо трошкі іншыя. Але почырк як быццам вельмі падобны.
Хтосьці скажа, што ўсё ідзе, як ідзе, па аб'ектыўных прычынах. Маўляў, зброі не даюць адразу і шмат проста таму, што не могуць. Разумныя людзі пішуць, што заходняя прамысловасць не здольная нарабіць столькі снарадаў і ўсялякіх ваенных сістэм, колькі трэба.
Таксама ёсць меркаванне, што Захад дазуе дапамогу, каб не раззлаваць Пуціна звыш меры. Нібы ў іх ёсць у кабінетах нейкі прыбор, які дакладна паказвае ступень гневу расійскага прэзідэнта. Са шкалой ад «ціхамірны» да «націскае чырвоную кнопку».
Можа, шмат і адразу проста не хочуць? Можа, ідэя якраз і складаецца ў тым, каб зрабіць гэтую вайну доўгай і выматвальнай?
Бо як бы ні наважваліся расійскія ўлады, а доўгая вайна — гэта вельмі дрэнна. Грошай на яе трэба шмат (у 2024 годзе гэта траціна ўсяго расійскага бюджэту), людзей на яе трэба шмат і трупаў, на вялікі жаль, таксама атрымліваецца шмат.
Асабліва калі ваююць не ўменнем, а колькасцю.
Вядома, Украіне хацелася б зусім па-іншаму. Яны без стомы просяць і просяць і ЗША, і Еўропу, і Турцыю, і Саудаўскую Аравію, ды хоць чорта лысага: дапамажыце! Грашыма, зброяй, боепрыпасамі. Украінцы стаміліся ад вайны, якая стала вязкай, пазіцыйнай, павольнай.
І беларусам хацелася б па-іншаму. Бо параза Расіі ў вайне, па ідэі, моцна б паменшыла жаданне дапамагаць аднаму бульбяному дыктатару.
Здаецца, ну дайце ім F-16, авіяносцы дайце, бамбавікі «Стэлс», ATACMS, што там яшчэ ў калектыўнага Захаду ў рукавах ёсць. Хай ужо б надавалі так, каб інтэрвенты самі прапаноўвалі мір, рэпарацый і Белгарад да купы.
Але не даюць. Гэта значыць, даюць, але пакрысе.
Глядзіце таксама
![Вайна ва Украіне: Самыя вострыя на сёння пытанні Украіне зараз цяжка ваяваць з Расіяй, але ўсё яшчэ можа змяніцца](/img/v1/images/182503_1_large.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
А калі ўсё па плане?
Раптам вінаватыя не вытворчыя магутнасці, бюджэтныя абмежаванні і блізарукасць заходніх выбаршчыкаў, раптам гэта ўсё — тонкі разлік? Разлік на тое, што затрымаўшыся ў гэтай бессэнсоўнай вайне, як у мядзведжым капкане, Расія сама сябе давядзе да таго ж стану, што і СССР калісьці? Да крызісу, заняпаду і распаду?
Як вам тэорыя?
Мне з аднаго боку падабаецца, таму што, калі я маю рацыю, то дзяржава, якая ўвесь свет палохае ядзерным Армагедонам і на кароткім ланцужку трымае краіны былога СССР, уключаючы нашу Радзіму, нарэшце забудзе пра экспансію. У ідэальным выпадку яна наогул распадзецца на мноства незалежных частак. Гегемонія Масквы адыдзе ў нябыт, а новыя дзяржаўныя ўтварэнні, дай бог, больш цывілізаваныя і дамоваздольныя, зоймуцца дабрабытам уласных грамадзян, а не распаўсюджваннем «рускага міру».
Калі я маю рацыю, вайна ва Украіне будзе доўжыцца яшчэ доўгія гады. А кожны дзень гэтай вайны — гэта ўзарваныя школы і бальніцы, дэпартаваныя ўкраінскія дзеці, пакалечаныя і проста страчаныя чалавечыя жыцці.
І з гэтага пункту гледжання такі план быў бы верхам цынізму.
Але ў Афганістане гэта спрацавала.