Колькі вайскоўцаў страцілі Расія і Украіна за час вайны?

Сабралі ацэнкі афіцыйных служб Украіны і Расіі, меркаванні незалежных экспертаў і арганізацый, а таксама даныя замежных выведак.

Фота Генштаб УСУ

Фота Генштаб УСУ

У нядзелю 25 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню за доўгі час агучыў лічбы стратаў у поўнамаштабнай вайне з Расіяй: паводле яго, загінула 31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў і 180 тысяч расійскіх. Гэтыя звесткі выклікаюць шмат пытанняў, аднак выглядаюць значна больш праўдападобна, чым афіцыйныя дадзеныя Мінабароны РФ. Belsat.eu сабраў і прааналізаваў усю даступную інфармацыю пра страты арміяў Расіі і Украіны.

Фота: Белсат

Фота: Белсат

Страты Украіны

Заява Уладзіміра Зяленскага наконт стратаў украінскага войска стала важнай падзеяй, бо афіцыйныя асобы не выказваліся на гэтую тэму са снежня 2022-га года. Тады дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк паведаміў, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання загінулі ад 10 да 12,5–13 тысяч вайскоўцаў.

Разам з тым, лічба, якую агучыў Зяленскі, выклікае шмат пытанняў. Некаторым яна паказалася заніжанай. Напрыклад, крыніцы выдання «The New York Times» яшчэ паўгода таму, у жніўні 2023-га, казалі, што Украіна страціла каля 70 тысяч жаўнераў забітымі і 100-120 тысяч параненымі. А праект «UALosses», які вядзе пайменны падлік, мае звесткі пра больш чым 42 тыс. загінулых.

Глядзіце таксама

Чаму ацэнкі настолькі моцна адрозніваюцца? Зяленскі адмовіўся называць колькасць зніклых без вестак і параненых, што дазволіла б скласці больш поўную карціну стратаў Украіны. Гэта пакідае прастору для розных інтэрпрэтацыяў агучанай лічбы.

Як патлумачыў у эфіры «Киів 24» афіцэр УСУ і вядомы валанцёр Міраслаў Гай, паводле закону Украіны, вайсковец не лічыцца загінулым, пакуль яго цела не забралі з поля бою. Калі цела ўкраінскага ваяра засталося на кантраляванай расіянамі тэрыторыі, то такі чалавек будзе лічыцца зніклым без вестак, нават калі ў ягонай гібелі няма сумневаў.

«На жаль, нават калі мы дакладна ведаем, былі сведкі ці нехта асабіста бачыў, што чалавек загінуў, атрымаў раненні, несумяшчальныя з жыццём, і яго не змаглі эвакуяваць праз тое, што гэта было немагчыма зрабіць пад агнём праціўніка, ён будзе лічыцца зніклым без вестак», — зазначыў Міраслаў Гай.

У кастрычніку 2023-га года намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны Леанід Цімчанка заявіў, што з пачатку поўнамаштабнай вайны зніклі 26 тысяч украінцаў — 15 тысяч вайскоўцаў і 11 тысяч цывільных. Натуральна, не кожны зніклы без вестак з’яўляецца загінулым: потым можа высветліцца, што чалавек проста трапіў у палон (Зяленскі як раз гэтым і патлумачыў сваё нежаданне называць колькасць зніклых без вестак). Аднак многіх з іх сапраўды няма ў жывых.

Дэпутатка Вярхоўнай Рады Марына Бязуглая распавяла, што чальцы парламенту атрымалі ад Генеральнага штабу УСУ тую лічбу загінулых (31 тысяча), аднак разам са зніклымі без вестак страты могуць дасягаць 50 тысяч чалавек. Дэпутат Раман Касценка ўдакладніў, што прадстаўнікі Генштабу ў Вярхоўнай радзе казалі толькі пра 7-8 тыс. зніклых — такім чынам, страты могуць складаць да 40 тыс.

Глядзіце таксама

Ёсць і іншыя асаблівасці, якія варта ўлічваць. Зяленскі казаў выключна пра баявыя страты. Тады як база праекту «UALosses» уключае ў сябе таксама выпадкі небаявых смерцяў вайскоўцаў — ад няшчасных выпадкаў, неасцярожнага абыходжання са зброяй, хваробаў, суіцыду і г.д. Як зазначыў намеснік дырэктара Нацыянальнага ваенна-гістарычнага музею па навуковай рабоце Яраслаў Цінчанка ў інтэрв’ю DW, колькасць небаявых стратаў можа дасягаць траціны ад баявых — то-бок каля 10 тысяч, у выпадку з данымі прэзідэнта.

Ілюмінацыя пад назвай «Прамень памяці» бачная над магіламі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне з Расіяй, падчас наведвання Лычакоўскіх могілак у Львове, Украіна. 23 лютага 2024 года. Фота: Yuriy Dyachyshyn / AFP / East News

Ілюмінацыя пад назвай «Прамень памяці» бачная над магіламі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне з Расіяй, падчас наведвання Лычакоўскіх могілак у Львове, Украіна. 23 лютага 2024 года. Фота: Yuriy Dyachyshyn / AFP / East News

Акрамя таго, расійскі незалежны вайсковы аналітык Ян Матвееў выказаў думку, што Зяленскі мог казаць толькі пра УСУ і не ўлічыць страты ў падраздзяленнях, падпарадкаваных МУС. Тады як падраздзяленні МУС складаюць да 20% усіх Сілаў абароны Украіны.

Незалежная аналітычная суполка «Conflict Intelligence Team» мяркуе, што не адпавядаюць рэчаіснасці ні лічба Зяленскага, ні ацэнкі крыніцаў «The New York Times». Паводле CIT, насамрэч страты Украіны з улікам зніклых без вестак можна ацаніць прыкладна ў 50-60 тысяч чалавек.

Страты Расеі

Зяленскі 25-га лютага агучыў таксама лічбу расійскіх страт: 180 тысяч толькі загінулымі, а разам з параненымі — паўмільёна.

Гэтая заява цікавая тым, што супярэчыць звесткам Генеральнага штабу Украіны. Генштаб у зводцы за 28-га лютага паведамляў, што страты расійскага войска з пачатку вайны склалі ўжо 412 610 асобаў. У зводках традыцыйна выкарыстоўваецца менавіта тэрмін «страты», які можа інтэрпрэтавацца як ў шырокім сэнсе (страты забітымі і параненымі), гэтак і ў вузкім (толькі забітымі або забітымі і скалечанымі). У першым выпадку ў параўнанні з заявай Зяленскага страты занадта маленькія, у другім выпадку — занадта вялікія. Аднак наколькі ў прынцыпе рэалістычныя ацэнкі ўкраінскага боку?

Глядзіце таксама

Журналісты выданняў «Бі-Бі-Сі» і «Медыязона» на люты здолелі высветліць імёны больш чым 45 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Гаворка выключна пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах. З улікам інфармацыі з могілак, якія таксама аналізуюць журналісты, «Бі-Бі-Сі» прыйшло да высновы, што паводле найбольш кансерватыўнай ацэнкі страты расійскага войска забітымі могуць быць удвая большыя – каля 90 тысячаў чалавек.

Яшчэ адно важнае даследаванне супольна правялі «Медыязона» і «Медуза». Яны разлічылі залішнюю смяротнасць расійскіх мужчынаў па рэестры спадчынных справаў і зрабілі выснову, што агульныя страты Расіі ў вайне да 1 студзеня 2024 году склалі 75 тысячаў чалавек (без уліку зніклых без вестак). Гэта не дакладная лічба, а статыстычная ацэнка, якая залежыць у тым ліку ад выпадковасці — то-бок найбольш верагоднае значэнне ўнутры даволі шырокага дыяпазону ад 66 да 88 тыс. чалавек. Прычым туды не ўвайшлі даныя за першыя месяцы 2024 года, калі працягваўся крывавы штурм Аўдзееўкі. Нават паводле некаторых расійскіх крыніцаў агульныя незваротныя страты Расіі пад Аўдзееўкай склалі 16 тысячаў асобаў (гэта больш, чым страціў СССР за 10 гадоў вайны ў Афганістане).

Усе гэтыя даследаванні не ўлічваюць салдатаў узброеных фармаванняў непрызнаных ЛНР і ДНР, а яны зазналі за час баявых дзеянняў вялізарныя страты. На аснове адкрытых крыніцаў журналісты зрабілі выснову пра гібель прынамсі 23 200 байцоў самаабвешчаных утварэнняў. Таму агульныя страты агрэсара ў поўнамаштабнай вайне «Бі-Бі-Сі» ацэньвае ў больш чым 113 тысяч чалавек.

Гэта зноў-такі вельмі кансерватыўная ацэнка. У жніўні 2023-га «The New York Times» са спасылкаю на афіцыйных асобаў ЗША паведамляла, што сумарныя страты РФ ва Украіне ўжо тады набліжаліся да 300 тысячаў асобаў: 120 тысячаў загінулых і 170–180 тысячаў параненых. Лічба ў 300 тысяч забітымі і параненымі восенню 2023-га года таксама фігуравала ў заяве генеральнага сакратара NATO Енса Стольтэнбэрга і даных брытанскай выведкі.

Незалежны аналітык Ян Матвееў мяркуе, што з улікам байцоў ЛДНР колькасць загінулых з расійскага боку цалкам можа дасягаць 150 тысяч чалавек.

Высновы

Такім чынам, лічбы Зяленскага, імаверна, з’яўляюцца заніжанымі адносна Украіны і, магчыма, завышанымі адносна Расіі. Аднак адарванымі ад рэальнасці іх назваць нельга. У адрозненні ад абсалютна фантастычных звестак Міністэрства абароны РФ, якое ацэньвае ўкраінскія страты ў 444 тысяч чалавек.

Вайскоўцы аднаго з мабільных падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны брыгады Нацгвардыі Украіны нясуць баявое дзяжурства ў невядомым месцы ва Украіне. 27 лютага 2024 года.Фота: Ukrinform / East News

Вайскоўцы аднаго з мабільных падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны брыгады Нацгвардыі Украіны нясуць баявое дзяжурства ў невядомым месцы ва Украіне. 27 лютага 2024 года.

Фота: Ukrinform / East News

Цалкам імаверна, што агульная колькасць забітых вайскоўцаў Украіны і РФ сапраўды набліжаецца да 200 тысяч чалавек ці ўжо перавысіла гэтую планку. Нават калі прыбраць максімальная і мінімальныя ацэнкі, якія выглядаюць найменш пераканаўча, рэальныя страты Украіны загінулымі за час вайны, імаверна, могуць складаць каля 40-60 тысяч вайскоўцаў. Страты Расіі – 110-150 тысяч.

Пры гэтым, паводле ранейшай ацэнкі эксперта Цэнтру вайскова-марскога аналізу Майкла Кофмана, падчас вайны на кожнага загінулага прыпадае ў сярэднім 3,5 параненых. Гэта значыць, што звесткі Зяленскага наконт 500 тысяч забітых і параненых з боку РФ, хутчэй за ўсё, цалкам адпавядаюць рэчаіснасці. Формула Кофмана дазваляе зразумець і прыкладную колькасць параненых з боку Украіны: нават калі абапірацца на заяву Зяленскага пра 31 тыс. загінулых, раненні мусілі атрымаць ніяк не менш за 100 тыс. вайскоўцаў.

Глядзіце таксама

Варта звярнуць увагу на два важныя моманты. Па-першае, фактычна ніхто не ставіць пад сумнеў, што страты ўкраінскай арміі ў гэтай вайне ніжэй за расійскія. Як мінімум, гаворка ідзе пра суадносіны 1 да 1,7 (калі абапірацца на звесткі NYT) або 1 да 2 (ацэнка CIT). Як максімум, суадносіны могуць дасягаць 1 да 5 (інтэрв’ю Зяленскага «Fox News») або 1 да 5,8 (заява Зяленскага 25-га лютага). Праўда, апошняе ўсё-ткі малаімаверна, бо інакш на такую каласальную розніцу звярнулі б увагу заходнія выведкі, а яны ніколі пра гэта не казалі.

Па-другое, ёсць падставы меркаваць што ў 2023-м годзе страты з абодвух бакоў былі істотна вышэй, чым у 2022-м (нягледзячы на тое, што лінія фронту цягам года змянілася нязначна). З украінскага боку на гэта ўказвае параўнанне цяперашняй лічбы Зяленскага і лічбы, якую ў снежні 2022-га агучыў Падаляк. З расійскага боку пра гэта сведчаць даследаванні незалежных журналістаў па адкрытых крыніцах. «Медуза» піша, што ў 2023-м колькасць загінулых у расійскіх падраздзяленнях павялічылася больш чым удвая, дасягнуўшы піку падчас бітвы за Бахмут. Тады кожны тыдзень гінула да 2 тысяч вайскоўцаў агрэсара.