«Стійкість твоя — міцніша за зло, мій Миколаїв». 5 моцных кампазіцый украінскіх выканаўцаў за яшчэ адзін год зруйнаванага міру
Музыка — чароўны від творчасці, які дапамагае перажываць самыя цяжкія моманты жыцця. Роўна два гады таму, а 4-й раніцы, на лёсы ўкраінцаў выпала доля супрацьстаяць цемры, што не мае аніякіх каштоўнасцяў. Распавядаем, каму цяпер прысвячаюць свае трэкі ўкраінскія аўтары і аўтаркі.
«Миколаїв» — TANKATAKA
Надзвычай мілагучная кампазіцыя, ад якой сціскаецца сэрца ды бягуць дрыжыкі па скуры — бо яна пра родны дом.
Пра «Місто на хвилі», што вытрымала ўсе штормы. Мікалаеў адным з першых прыняў на сябе калоны расійскіх тэрарыстаў, перажыў сотні ракетных абстрэлаў, паветраных трывог ды адключэнняў святла праз непасрэдную блізкасць да фронту. Але ганарліва выстаяў.
Мы распыталі выканаўцу гэтага шэдэўра Таню Кажухарэнка пра тое, як ёй удалося падабраць настолькі далікатныя словы, а таксама распавесці пра свае адчуванні важнасці і асабістай каштоўнасці трэка.
«Я напісала песню «Миколаїв» восенню 2022 года, і прысвечана гэтая песня майму роднаму гораду. Я жыву ўжо больш за пяць гадоў за мяжой, і пачатак поўнамаштабнага ўварвання застаў мяне ўжо тут. Мне было вельмі балюча ад таго, што адбываецца з маім домам, і ад разумення таго, што я далёка і нічога не магу зрабіць. Шмат месяцаў запар мне сніліся кашмары пра Мікалаеў. У іх я часта хадзіла па горадзе і не пазнавала яго. Часам гэта была ноч, а ў горадзе не было ні святла, ні людзей. Часам гэта былі залпы ракет ды выццё паветраных трывог. Аднойчы мне прыснілася, што я хаваюся ў бамбасховішчы ў цэнтры горада і гляджу праз шчыліны, як падаюць ракеты. А аднойчы мне прысніўся страшны сон, у якім мой горад накрыла цунамі...
Нягледзячы на вялікую адлегласць, мой розум не адпускаў думкі пра родны дом», — дзеліцца Таня.
«Неяк я паглядзела фільм пра Мікалаеў з украінскага дакументальнага праекта «Хащі». Там горад майго дзяцінства паўстае мужным паўднёвым фарпостам, які з пачатку поўнамаштабнага ўварвання прымае на сябе асноўны ўдар варожых войскаў, каб яны не прайшлі далей углыб краіны. Я была настолькі ўражана ўбачаным, што падчас прагляду запісвала свае думкі ў вершаваных радках. Было неверагодна балюча бачыць задакументаваныя знаёмыя раёны, мясцовых жыхароў, якія жывуць ва ўмовах вайны, і трагедыі, што адбываліся на вачах здымачнай групы...
Усю гэтую купу эмоцый, свае сны і думкі ў мяне больш не было сілаў трымаць у сабе. Так я напісала песню «Миколаїв», у якой я выказала, як ганаруся сваім родным горадам і хварэю душой ад выпрабаванняў, што выпалі на яго долю. Вораг меў буйныя надзеі на Мікалаеў праз расійскамоўнае насельніцтва, але гэтыя надзеі не спраўдзіліся і не спраўдзяцца ніколі. Мой горды Мікалаеў паказаў сваю моц і нязломнасць», — падкрэслівае спявачка.
«Доля твоя нелегка і вночі, і вранці.
Слід від ракет та вогню
Омиєш водою.
Впертість та гордість свою
тримаєш за зброю».
«Фортеця Бахмут» — Антитіла
Легендарны рэліз мінулага лютага стаў сапраўдным увасабленнем украінскага духу і храбрасці, захаваў і ўвекавечыў гістарычныя падзеі супраціву 2023 года, высока падняў баявы дух байцоў і дапамог распаўсюдзіць атмасферу ўсяго таго пекла, у якім вымушаны жыць украінскія вайскоўцы. Такім чынам, «Фортецю Бахмут» можна па праве лічыць найбольш уплывовай кампазіцыяй апошняга года вайны.
Апроч матыву і слоў, што выклікаюць жаданне крычаць на ўвесь свет, зоркай рэлізу з’яўляецца кліп, зняты на бахмуцкім напрамку. Яго ідэя заключаецца ў тым, што снарады з напісанымі на корпусе радкамі песні жаўнеры адпраўляюць у бок праціўніка і нібыта знішчаюць яго словамі, знішчаюць культурай. На відэа можна ўбачыць рэальныя выхады снарадаў з гарматы М777 па пазіцыях і аб’ектах расійскіх тэрарыстаў.
«Амаль трое сутак пры мінусовай тэмпературы і неспрыяльных умовах надвор'я працягваліся здымкі відэароліка «Фортеця Бахмут» на рэальных пазіцыях падчас выканання баявых задач пад Бахмутам. Пад наглядам разведвальных апаратаў, БПЛА ды сталай пагрозай пападання касетнымі снарадамі, «ланцэтамі» ці ў выніку контрбатарэйнай барацьбы праціўніка», — піша саліст Тарас Таполя ў рэлізе.
«Фортеця Бахмут — всі молитви наші тут!
І сердець сталевий Дух, і Герої незламних Крут!
З неба нам сил дають. Волю, вогонь і лють!
Стіни горять в бою! Мамо, а я стою!»
«Брату» — Схожа
Вельмі цёплы ды ўтульны трэк, прысвечаны разлуцы з роднымі, якіх забрала вайна. Маладым хлопцам і дзяўчатам, якія замест насалоджвання маладосцю вымушаны жыць у складаных умовах далёка ад дома і кожнае імгненне рызыкаваць сваім жыццём праз імперыялістычную хваробу расійцаў.
«Гэтую песню я напісала пра і для маіх старэйшых братоў Вадзіма і Улада, якія сёння бароняць свабоду Украіны. У дзяцінстве і цяпер — яны мае сцены і апора.
Вокладка сінгла «Брат» — наша сумеснае фота дзяцінства. Гэта быў мой дзень народзінаў. Злева направа: Вадзім, Улад і я. Упэўнена, што гэтая песня адгукнецца многім з вас, бо ўсе мы чакаем сваіх блізкіх дома з перамогай.
Няхай гэтая песня прымусіць вас усміхнуцца на імгненне. Успомніце цёплыя гісторыі з блізкім братам або сястрой, дачкой або сынам, з бацькамі, сям'ёй», — піша аўтарка на сваёй Instagram-старонцы.
«А як на вєліку з’їжджать згори
Навпіл з тобою дідовой халви
Фотки з моря, де ми моряки
Мов магніт
Магнітик, де засмаглий погляд твій
Коліна здерті й вічно у землі
Я попросила неба і землі, щоб ти був живий
Щоб ти був живий».
«Київ вдень і вночі» — O.Torvald
Яшчэ адна кампазіцыя пра любоў і пачуцці да любімых мясцін — непараўнанага Кіева і яго летняй атмасферы. Лагодны матыў, што адлюстроўвае плынь горада каштанаў і мостаў у сінгле гурта O.Torvald заварожвае з першага праслухоўвання, а яго радкі запамінаюцца настолькі проста, што адразу хочацца напяваць іх днямі і начамі.
Кампазіцыя на расійскай мове была прадстаўлена яшчэ ў 2016 годзе, але летась хлопцы нарэшце пераклалі яе на родную. Бо, як напісалі выканаўцы ў публікацыі пад рэлізам: «Київ має звучати українською!»
«Як в столиці жити ти мене навчи,
Київ в день і в ночі,
Київ в день і в ночі,
Місто закоханих і місто мрій!
Як тебе не любити, Києве мій!»
«Непохитним» — Spiv Brativ
Бадзёрыя радкі, якія дакладна дапамогуць «залишитись непохитним під дощем метеоритним», хлопцы з гурта Spiv Brativ прысвячаюць усяму браваму ўкраінскаму народу. Кожнаму і кожнай, хто супрацьстаіць метэарытнаму дажджу з расійскіх «Шахедаў», крылатых і балістычных ракет ды іншага металічнага смецця, якое адлюстроўвае тэрарыстычны твар Расіі і расійскага супольства.
У кліпе хлопцы паказваюць кадры, што адпавядаюць радкам: так, на «Ні, життю ціни немає!» бацька-вайсковец сутракаецца з дачуркай, а «В ці часи непрості — щитом або на щиті, добровольцем в чоті чи дитям в укритті» на экране паказваюцца кадры эвакуацыі жаўнераў і цывільных грамадзян.
«Боже, якби
Залишитись непохитним
В центрі біди
Під дощем метеоритним».