Чым продкі ўкраінцаў адпраўлялі на дно расійскія караблі? Артэфакты са дна магутнага Дняпра

У выніку леташняга тэрарыстычнага акта на дамбе ля Новай Кахоўкі крытычна абмялела не толькі Кахоўскае вадасховішча, але і рэчышча Дняпра ў іншых рэгіёнах Украіны. Нягледзячы на бяду мацерыковага маштабу, наступствы падрыву сталі сапраўдным падарункам для ўкраінскіх археолагаў, якія здзіўляюць грамадства сваімі знаходкамі.

Гарматы на выспе Хортыца. Фота: Ukrinform 

Гарматы на выспе Хортыца. Фота: Ukrinform 

Насамрэч найбольшы гістарычны інтарэс уяўляе не Кахоўское мора, якое зазнала наймацнейшае асушэнне, а прадмесці Запарожжа на поўнач ад дамбы. Побач з горадам размешчана Хортыца — нацыянальны запаведнік і найвялікшая выспа на Дняпры, што з’яўляецца скарбніцай ведаў і артэфактаў казацкай старадаўнасці. Хортыцу нездарма называюць «Сёмым цудам Украіны»: паводле археалагічных даследаванняў, чалавек на востраве атабарыўся яшчэ ў эпоху мезаліту, а ў IV стагоддзі да нашай эры тут ужо існавала казацкае ўрочышча Сярэдні стыг. Ад старажытных плямёнаў ямнай і катакомбнай культуры да незалежнай Украіны тут заўсёды віравала жыццё, што значна падвышае шанцы адшукаць якую-небудзь капсулу часу.

Выспа Хортыца. Фота: Pinterestbusiness

Выспа Хортыца. Фота: Pinterestbusiness

Хаця найбольшую перавагу канешне ж маюць мясцовыя краязнаўцы, археолагі і рэстаўратары з усёй Украіны прыязджаюць на тутэйшыя рэшткі былой роўнядзі Дняпра ў пошуках матэрыяльных сведчанняў старадаўнасці. Цікавяцца пошукам знаходак і жыхары прыбярэжжа: на YouTube можна знайсці шмат захапляльных ролікаў, на якіх местачкоўцы паказваюць абмялелыя выгібы ракі ў Запарожжы, Нікапалі і нават віды з сярэдзіны Кахоўскага вадасховішча ля сёлаў Мар’еўка і Ільінка, адкуль як на далоні бачна Запарожскую АЭС у акупаваным Энергадары.

Від на Запарожскую АЭС з правага берага Дняпра. Фота: «New York Times»

Від на Запарожскую АЭС з правага берага Дняпра. Фота: «New York Times»

Супрацоўнікі хортыцкага запаведніка выявілі ўжо больш за 3 тысячы экспанатаў, што нерухома ляжалі на дне ракі стагоддзямі. Напрыклад, зброя, якой калісьці казакі брава адбівалі атакі, была толькі злёгку прысыпана глеем — усё апынулася на паверхні. Андрэй Дзенісенка, рэстаўратар нацыянальнага запаведніка «Хортыца», расказаў выданню «Украінформ» пра свае прыгоды і досвед падчас работы з артэфактамі.

Андрэй Дзенісенка. Фота: Ukrinform

Андрэй Дзенісенка. Фота: Ukrinform

Працуе Андрэй у невялічкай майстэрні, дзе яго галоўныя «сябры» — скальпель і алмазны бор. Гэтыя інструменты спадар выкарыстоўвае штодзень падчас апрацоўкі любага экспаната, таму адзначае, што выглядае ён не то як хірург, не то як стаматолаг. Цяпер Андрэй рэстаўрыруе два мушкеты часоў казацтва: адзін з іх быў знойдзены спецыялістамі паблізу Хортыцы летась, а другі — яшчэ 50 гадоў таму. На жаль, стан захаванасці зброі ў большасці выпадкаў вельмі дрэнны, бо метал у адрозненне ад віна з гадамі лепшым не становіцца. 

— Пераважна да нас даходзяць толькі рулі. Замкоў, прыкладаў няма. Гэта даволі вялікая ды цяжкая пяхотная зброя. Калі параўноўваць з сучаснай, то недзе 12-ы калібр паляўнічай зброі. Гэта тагачасны кулямёт, з якім ішлі «шэраг на шэраг», калі да цэлі было метраў сто. Зброя была неакуратнай, але на той час нічога лепшага, акрамя снайперскіх вінтовак, не было, — распавядае Андрэй. 

Руля мушкета. Фота: Ukrinform

Руля мушкета. Фота: Ukrinform

Спачатку навукоўца паказвае першы мушкет, адшуканы ў 70-х гадах мінулага стагоддзя падчас экспедыцыі ля Хортыцы. Майстар тлумачыць, што ў савецкія часы аднаўленне матэрыяльнай спадчыны выглядала зусім не так, як цяпер: так званая «рэстаўрацыя» больш псавала прадмет, чым аскрабала з яго бруд ды іржу.

— Прадметы наўпрост акуналі ў кіслату. Пасля такіх «рэстаўрацый» вельмі цяжка нешта захаваць, бо застаецца толькі жалеза, кляймо не захоўваецца. Уласна кажучы, ужо нічога не зберагаецца, — дзеліцца спадар. 

Пасля Андрэй дэманструе такую ж знаходку, але ўжо адшуканую ў наш час. Верагодна, гэта першая яе рэстаўрацыя за ўсю гісторыю існавання. Па словах рэстаўратара, пяхотны мушкет належаў казацкаму жаўнеру: такія былі на ўзбраенні расійскага войска, але карысталіся імі і казакі. Метал тоўсты, але пагнуты — невядома, пры якіх абставінах ён дэфармаваўся.

— Тэарэтычна гэта можна выраўнаваць, але падчас рэстаўрацыі будзем глядзець, у якім стане метал, каб не сапсаваць яго. Ліквідаваць дэфармацыю — наша справа, геаметрыю пастараемся аднавіць, — каментуе майстар.

Работа ў Андрэя дужа карпатлівая: трымаць у руцэ скальпель і вельмі акуратна, міліметр за міліметрам, здымаць пласты карозіі. Але навукоўца дэманструе сапраўдны прафесіяналізм, уседлівасць ды стараннасць. Іржа то ператвараецца ў пясок, то адрываецца цэлымі кавалкамі. Але некаторыя ўчасткі ўвогуле нельга чысціць — там варта выкарыстоўваць бор-машынку ці дрыль. 

Увогуле такіх мушкетаў было знойдзена даволі шмат. Тлумачыцца гэта тым, што падчас расійска-турэцкай вайны на Хортыцы стаяла расійская армія. Раней тут былі знойдзены і перапахаваны астанкі больш як 50 расійскіх жаўнераў. 

Не менш цікавыя знаходкі зрабілі  мясцовыя краязнаўцы ў Нікапальскім раёне, ужо на дне былога Кахоўскага вадасховішча. Местачкоўцам пашанцавала знайсці казацкі магільны крыж і каменныя гарматныя ядры. Пра гэта расказаў намеснік дырэктара мясцовага краязнаўчага музея Міраслаў Жукоўскі, якому такія «падарункі» даставіў яго знаёмы.

Казацкі пахавальны крыж. Фота: Суспільне Дніпро

Казацкі пахавальны крыж. Фота: Суспільне Дніпро

— У нас такіх ядраў няма, для нас гэта артэфакты нумар адзін Тамакаўскай Запарожскай Сечы. Яны захаваліся таму, што былі ў глебе, у пяску. Там пясчаны бераг, рака праходзіла, паступова ўтвараўся глей, вось яны і пакрыліся рэшткамі глею. Я іх не мыю, — распавядае мужчына. 

Найбольш дзіўнай дэталлю з’яўляецца тое, што ядры выраблены з вапняку — іх ляпілі ўручную пад дыяметр гармат. Нягледзячы на прастакаватасць канструкцыі, гэтых камянёў было дастаткова, каб нанесці пашкоджанні варожаму караблю. У гармату запампоўваўся порах, пасля ядро, і, як правіла, хапала аднаго стрэлу, каб паспяхова прабіць корпус судна.

Гарматныя ядры. Фота: Суспільне Дніпро

Гарматныя ядры. Фота: Суспільне Дніпро

Пакуль берагавая лінія былога вадасховішча прастрэльваецца расійскай артылерыяй, навуковыя даследаванні на рэчышчы ўвогуле забаронены. Але калі чалавек усё ж парушае правілы і знаходзіць артэфакты, прадстаўнік музея заклікае людзей здаваць іх ва ўстановы для даследавання і захоўвання. Ад такога ўчынку будзе куды больш карысці, чым ад дарэмнага ляжання гістарычнай спадчыны ў кагосьці дома.