«Фанатцы расійскага тэрарызму не месца ў Каўнасе». Літва жорстка адрэагавала на публікацыю спявачкі LP

Сёння стала вядома, што «Жальгірыс Арэна» ў Каўнасе, дзе на 4 сакавіка быў запланаваны канцэрт амерыканскай выканаўцы LP, забараніла выступ праз яе пост у худзі з расійскім трыкалорам. Тысячы літоўцаў атакавалі сацыяльныя сеткі спявачкі, каб выказаць, што цяпер для іх краіны яна персона нон грата.

vokladka_64.jpg

Што адбылося?

26 лютага амерыканская выканаўца Лаура Пергаліцы, больш вядомая пад ініцыяламі LP, апублікавала відэа ў сацыяльных сетках: на ім яна апранутая ў белы швэдар з выявай карабля ў адценнях расійскага трыкалора і надпісам «LP Russia Official». Артыстка з вялікай удзячнасцю прыняла падарунак ад расійцаў і выказала словы падзякі сваім расійскім фанатам.

Такі ўчынак спявачкі чакана абурыў многіх яе падпісчыкаў, фанатаў, якія абвінавацілі яе ў цынізме і падтрымцы дзяржавы-тэрарысткі ў вайне супраць Украіны.

 LP у худзі з выявай расійскага трыкалора. Фота: Instagram @iamlpofficial

 LP у худзі з выявай расійскага трыкалора. Фота: Instagram @iamlpofficial

Украінцы, латвійцы і, у асаблівасці, літоўцы, якія чакалі спявачку ў госці праз некалькі дзён, выказалі свае думкі наконт яе пазіцыі і магчымасці праводзіць выступ на каўнаскай арэне ў каментарах пад апошнімі публікацыямі артысткі.

«Прэч з Літвы са сваім крывавым світэрам», «Фанатцы расійскага тэрарызму не месца ў Каўнасе», «Адно худзі каштавала вам кар’еры ў прагрэсіўнай Еўропе», «Зладзьце канцэрт Пуціну — ён будзе вам апладаваць»,  «Расійскі карабль пайшоў НА***, цяпер вы ідзяце за расійскім караблём», «Вам на Чырвоную плошчу, але не Літву», «Можаце прапускаць Каўнас і следаваць адразу ў Маскву», — пішуць літоўцы ў Instagram LP. Каментары збіраюць сотні і тысячы падабаек.

Каментары пад апошняй публікацыяй LP у Instagram

Каментары пад апошняй публікацыяй LP у Instagram

Пасля настолькі адмоўнай рэакцыі, якой відавочна варта б было чакаць пасля другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання, LP запісала новае відэа, дзе патлумачыла сваю пазіцыю. Яна не папрасіла прабачэння за публікацыю, але адзначыла, што цяпер у Балтыйскіх краінах шмат украінскіх бежанцаў, якіх яна падтрымлівае і чакае сустрэчы з імі на сваіх канцэртах у сакавіку. Разам з тым спявачка не прызнала сваю памылку і сказала, што ганарыцца сваімі слухачамі ва ўсім свеце. 

Падпісчыкі з Літвы адказалі, што ім не патрэбна любоў чалавека, які надзявае худзі з сімвалам генацыду ўкраінскага народа, а пасля пачалі заклікаць байкатаваць спявачку ды патрабаваць адмяніць канцэрт, на якім артыстка збіралася прэзентаваць альбом «Love Lines».

 Увечары стала вядома, што «Жальгірыс Арэна» адмяніла канцэрт LP, які павінен быў адбыцца 4 сакавіка ў Коўне. Па выніках аб’ектыўнага разбору сітуацыі прадстаўніцтва арэны паведаміла, што канцэрт адменены ў адказ на апублікаванае выканаўцай у сацыяльных сетках відэа.

«"Жальгірыс Арэна" ў Каўнасе займае выразную грамадзянскую і каштоўнасную пазіцыю — мы моцна падтрымліваем Украіну. Разам з арганізатарамі мерапрыемства мы разбіраліся з сітуацыяй з учорашняга вечара, але, як мы паведамлялі ў сацыяльных сетках, наша пазіцыя засталася цвёрдай — канцэрт трэба адмяніць. Пасля пацвярджэння фактаў мы разам з арганізатарамі мерапрыемства «Medusa Concert» прынялі сумеснае рашэнне аб адмене канцэрта.

Гэтым рашэннем мы хочам звярнуць увагу як лонгплеяў, так і іншых артыстаў, якія плануюць мерапрыемствы ў Літве, што мы не будзем цярпець паведамленняў у падтрымку краіны-агрэсара», — гаворыцца ў анонсе Мантаса Ведрыцкаса, кіраўніка арганізацыі мерапрыемстваў арэны «Жальгірыс».

Жальгірыс Арэна, Каўнас

Жальгірыс Арэна, Каўнас

Супраць выступу выказаліся ў тым ліку вядомыя літоўскія грамадскія і культурныя дзеячы.

Як распавёў тэлеканалу LRT палітолаг і дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага Ігнас Калпокас, паведамленне арэны ў гэтай сітуацыі вельмі канкрэтнае, Літва першай у свеце прызнала Расію дзяржавай-тэрарысткай, таму тым, хто яшчэ «не вызначыўся» ці «ўсёй праўды не ведае» — не месца ў Літве.

«Гэта вельмі іранічная і парадаксальная сітуацыя, калі выканаўца пазіруе з атрыбутыкай краіны, дзе праз непрызнанне яе сэксуальнай арыентацыі і бінарнай гендарнай ідэнтычнасці яна, напэўна, даўно б сядзела ў турме», — адзначыў палітолаг.

Лаура Пергаліцы — адкрытая лесбіянка. Некаторы час таму яна была ў адносінах з актрысай і мадэллю Тэмзін Браўн, якой прысвечана яе найбольш вядомая кампазіцыя «Lost on You».

LP з чэскай мадэллю Іветай Маурэравай. Фота: Instagram @iamlpofficial

LP з чэскай мадэллю Іветай Маурэравай. Фота: Instagram @iamlpofficial

«Наіўнасць у дадзеным выпадку не абараняе ад адказнасці, і мне здаецца, што калі выканаўца сама не разумее, то, магчыма, пасля адмены канцэрта ў яе ўзнікне пытанне, якая сітуацыя адбываецца ў свеце», — падкрэсліў Калпокас.

Нагадаем, раней, 16 верасня 2022 года, на канцэрце ў Варшаве спявачка трымала ў руцэ сцяг Украіны. Што стала прычынай кардынальнай змены пазіцыі, пакуль невядома, але ніякі зыход ужо не пазбавіць артыстку адказнасці за ўчынак у выглядзе адмены канцэртаў і магчымай забароны ўезду ў дзяржавы ЕЗ.