«Бі-2» пакрыўдзілі літоўцаў «Родиной». Іронія not detected?
Пасля працяглага маўчання, якое рушыла ўслед за гісторыяй з затрыманнем у Тайландзе, музыкі з гурта «Бі-2» зноў паехалі па свеце з канцэртамі — цяпер ужо дакладна вядомыя як антыпуціністы. Але ў кагосьці засталіся сумневы.
Расійска-беларускі рок-гурт, які асуджае ўварванне Масквы ва Украіну, вярнуўся на гэтым тыдні на сцэну, выступіўшы ў шэрагу краін. Пасля таго, як у студзені музыкаў затрымалі ў Тайландзе і ім пагражала дэпартацыя ў Расію, гурт па-ранейшаму дэманструе адкрытае непадпарадкаванне Крамлю.
Гурт «Бі-2» быў заснаваны ў 1980-х гадах у Беларусі, калі тая была яшчэ часткай Савецкага Саюза. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ён на знак пратэсту пакінуў Расію і з тых часоў выступае ў краінах з вялікімі рускамоўнымі супольнасцямі, піша «Літоўскае радыё».
Перад канцэртам у Вільні сябры гурта сустрэліся з лідаркай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай і прыхільнікамі Аляксея Навальнага, які памёр у турме ў мінулым месяцы.
«Мы сталі закладнікамі расійскай гісторыі», — заявіў агенцтву AFP у суботу перад канцэртам у Варшаве Ягор Бортнік, адзін з двух заснавальнікаў знакамітага гурта.
Разам з тым 51-гадовы Бортнік, больш вядомы пад сцэнічным псеўданімам «Лёва Бі-2», заявіў, што ён «не супраць вайны»: «Наадварот, я за вайну. Я проста хачу, каб Украіна вызваліла сваю тэрыторыю. Пуцін павінен забраць сваіх оркаў і сысці з Украіны», — сказаў музыка, ужыўшы прыніжальны тэрмін, які ўкраінцы часта выкарыстоўваюць у дачыненні да расійскіх вайскоўцаў.
У студзені гурт быў арыштаваны ў Тайландзе па абвінавачанні ў парушэнні міграцыйнага заканадаўства. Гэты выпадак выклікаў занепакоенасць сярод расійцаў, якія жывуць за мяжой і крытыкуюць Уладзіміра Пуціна.
У той раз арганізатары канцэртаў заявілі, што ўсе неабходныя дазволы былі атрыманыя, проста ўдзельнікам гурта памылкова былі выдадзеныя турыстычныя візы, і абвінавацілі расійскае консульства ў правядзенні кампаніі па зрыве канцэртаў.
Пасля тыдня затрымання гурт быў вызвалены і адправіўся ў Ізраіль, дзе сустрэўся з міністрам замежных спраў Ісраэлем Кацам. Паводле слоў міністра, гэты эпізод даказаў, што «музыка пераможа».
У 2022 годзе ў Расіі былі адмененыя некалькі канцэртаў «Бі-2». Гэта адбылося пасля таго, як музыкі адмовіліся выступаць у месцы, дзе былі вывешаныя плакаты ў падтрымку вайны. У выніку артысты пакінулі краіну.
«Калі пачалася вайна, давялося ахвяраваць сваім дабрабытам і з'ехаць з Расіі. Гэта было нечакана, гэта быў не той працэс, да якога мы рыхтаваліся», — сказаў Ягор Бортнік.
Музыка сказаў, што ён да эміграцыі прывык больш, чым некаторыя з яго аднагодкаў, якія з'ехалі пасля пачатку вайны, паколькі эміграваў у Ізраіль, яшчэ будучы падлеткам.
Ён прызнаўся, што не з'яўляецца «геапалітыкам» і не піша адкрыта «палітычных песень», хоць тэксты гэтых песень могуць «трапіць у нерв».
Бортнік лічыць, што падзенне Пуціна можа быць раптоўным і гвалтоўным, а заадно яно можа прывесці і да звяржэння беларускага аўтарытарнага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо тры дзесяцігоддзі. «Калі з Пуціным нешта здарыцца, то можа пачацца грамадзянская вайна, але такі канец любой тыраніі», – сказаў ён.
Пасля канцэрта ў Вільні ў сацыяльных сетках з'явіліся розныя дыскусіі. Некаторыя людзі заўважылі, што на канцэрце выканаўцы дэманстравалі расійскую сімволіку і выканалі песню пра любоў да радзімы. Прэс-сакратар «Бі-2» Ігар Рубінштэйн сказаў журналістам, што не бачыў вялікай колькасці негатыўных каментароў пасля канцэрту. Ён сказаў, што абраная песня — іронія і сарказм, але не ўсе гэта разумеюць.
«Тэкст песні працяты іроніяй і сарказмам, зразумелы ўсім рускамоўным. Шкадуем, што некаторыя гледачы, якія не валодаюць рускай, няправільна інтэрпрэтавалі яе тэкст. Рэальны сэнс гэтай песні супрацьпастаўлены таму, як яе інтэрпрэтавалі», — сказаў ён.
Аднак некаторыя гледачы на канцэрце заўважылі расійскую сімволіку. Прыхільнік гурта Марус Галадаўскас падзяліўся сваімі думкамі пасля канцэрта ў сацыяльнай сетцы. Ён пісаў, што не разумее, навошта гурт спяваў пра любоў да Расіі.
«Ну, вось, еду з канцэрта "Бі-2" і, нягледзячы на тое, што канцэрт быў высокага ўзроўню як у музычным, так і ў візуальным плане, думаю, няўжо іх прадзюсары не папярэдзілі музыкаў пра сітуацыю ў Літве? Выбраць для выканання ў Вільні песню "Родина" з тэкстам пра любоў да радзімы да апошняга рубля і яшчэ дэманстраваць сімвал Расійскай імперыі, скажам так, ідыёцкае рашэнне. Па рэакцыі публікі было відаць, што многія гэтага не зразумелі. Больш непадыходзячага твора нельга было падабраць. Гэта злуе і здаецца дзіўным. Лыжка дзёгцю ў бочцы з мёдам. Дурны стрэл нават не ў нагу, а ў скронь», — пісаў ён.
«Delfi» Галадаўскас сказаў, што на канцэрце было шмат літоўцаў, палякаў, рускіх, сем'яў з дзецьмі. Але выкананне "Родины" выглядала дзіўна. «Такое ўражанне, што на іх падзейнічала затрыманне ў Тайландзе. Не было ніякай падтрымкі, украінскіх сцягоў, фраз. Поўная нейтральнасць. Я быў на трох іх канцэртах, гэты быў самым прафесійным і якасным, толькі каму стрэльнула ў галаву выконваць тут гэтую песню, вось у чым пытанне. Ды і людзі яе не прынялі. У іх жа ёсць маса выдатных твораў, любы з іх падышоў бы», – сказаў суразмоўца.
Кампанія, якая арганізавала канцэрт у Вільні, даслала журналістам адказ на пытанне, чаму «Бі-2» дазволілі выступіць у Літве. «Перад прыняццем рашэнняў аб канцэртах Валерыя Меладзэ і "Бі-2" мы ўлічылі той факт, што яны асудзілі ваенныя дзеянні і пакінулі Расію. Акрамя таго, ніякія афіцыйныя літоўскія законы такія выступы не забараняюць. Меладзэ цяпер выступае з канцэртамі ў розных заходніх краінах – ад Францыі да Латвіі», — сказалі арганізатары.