«Гэта была цэлая спецаперацыя». Як музыкаў «Бі-2» эвакуявалі з Тайланда
У расійскіх спецслужбаў літаральна з-пад носа ўвялі «здабычу». Цуд здарыўся дзякуючы супольным намаганням міжнароднай супольнасці.
Усе музыкі гурта «Бі-2» раніцай 1 лютага прыляцелі ў Ізраіль: другі саліст гурта Аляксандр «Шура» Уман, два гітарысты, бубнач, клавішнік і аранжыроўшчык гурта. З міграцыйнага цэнтра ў аэрапорт затрыманых суправаджаў ізраільскі консул у Тайландзе Элі Сена. Самалёт з Бангкока прызямліўся ў аэрапорце Бэн Гурыён у Тэль-Авіве ў раёне 6-й гадзіны раніцы па мясцовым часе.
Напярэдадні, 31 студзеня, у Тэль-Авіў прыляцеў саліст гурта Ягор Бортнік (Лёва Бі-2). Ён адзіны з гурта абвешчаны ў Расіі «замежным агентам».
Артыстаў затрымалі 25 студзеня пасля канцэрту на Пхукеце. Суд аштрафаваў іх за тое, што музыкі працавалі ў Тайландзе без працоўных віз, заехаўшы па турыстычных. Дачыненне да затрымання музыкаў «Бі-2», якія неаднаразова выказваліся супраць вайны ва Украіне, ускосна пацвярджала афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава. Расійскі палітык Дзмітрый Гудкоў казаў, што генеральны консул Расіі ў Пхукеце Уладзімір Сасноў раней выслаў уладам Тайланда «чорны спіс» расійскіх музыкаў, у забаронах на канцэрты і дэпартацыі якіх зацікаўлена Расія.
У эфіры «Настоящего времени» Дзмітрый Гудкоў, які ўвесь гэты час знаходзіўся на сувязі з артыстамі і адвакатам, расказаў падрабязнасці пра тое, як удалося не дапусціць дэпартацыі музыкаў у Расію.
— Вы бралі ўдзел у вызваленні музыкаў «Бі-2», каб іх не дэпартавалі ў Расію. Раскажыце пра гэта. З кім вы кантактавалі?
— Тут насамрэч ніякага эфіру не хопіць, каб усё расказаць. Магу сказаць, што ўсё атрымалася дзякуючы ўдзелу велізарнай колькасці людзей, дыпламатаў, як ужо сказалі музыкі, і спрыяльнаму збегу абставінаў. Таму што ўчора быў вырашальны дзень, і калі мы атрымалі ўсе ўзгадненні, на рэйс, на якім хлопцы прыляцелі, не было аніводнага білета. Потым нейкім цудам Максім Кац знайшоў тры.
Мы спачатку прынялі рашэнне купіць квіткі толькі тым, хто валодае выключна расійскімі пашпартамі. А наступныя тры мы арганізавалі літаральна проста за некалькі гадзін, звязаўшыся праз ізраільскіх дыпламатаў з авіякампаніяй, знайшлі трох пасажыраў, якія саступілі квіткі і гатовыя былі ляцець наступным днём, іх перааформілі на хлопцаў. Увогуле, цэлая спецаперацыя.
Я вельмі рады, што ўсё скончылася станоўча, але трэба разумець, што тут велізарная роля МЗС Ізраіля і асабіста консула, які быў з намі ўсе гэтыя пяць дзён і прадухіліў самае небяспечнае — дэпартацыю ў Маскву прамым рэйсам. Я так мяркую, яны хацелі проста з Пхукета іх вывезці, пакуль ніхто не зразумеў усю сур'ёзнасць сітуацыі. Мы гэта ўсё адбілі.
А далей ужо прыйшлося падключыць усіх, акрамя МЗС Ізраіля: і аўстралійскі МЗС, і консула, і пасла, і МЗС Германіі, і амерыканскіх дыпламатаў. Але, як мне ўжо ўчора сказалі, кейс «Бі-2» быў на ўсіх сталах ва ўсіх еўрапейскіх МЗС. Таму дзякуй богу, што нам удалося вырваць хлопцаў з пашчы гэтага, так бы мовіць, кракадзіла — літаральна ў апошні момант.
Я выдатна разумею, што гэта была спецаперацыя расійскіх спецслужбаў — для таго, каб прадэманстраваць усім нам, крытыкам Пуціна, якія знаходзяцца за мяжой, што яны могуць дастаць каго заўгодна дзе заўгодна. Ім патрэбны быў такі тоўсты трафей. Але вось, дзякуй богу, нам удалося гэта прадухіліць.
— Вы расказалі пра дзеянні МЗС Ізраіля, МЗС Аўстраліі. Ці быў нейкі супраціў з боку ўласна расійскіх уладаў? Што яны рабілі ў гэты момант?
– Безумоўна. Мы ж ужо ўзгаднілі на трэці дзень дэпартацыю ў Ізраіль, купілі квіткі ўсім, і ўсё было дамоўлена. А на раніцу проста прыходзіць высокапастаўлены дыпламат з расійскай амбасады, нешта з кімсьці перацерлі ў [міграцыйнай службе], і далей усе квіткі былі ануляваныя, акрамя квітка Лёвы.
Проста квіток Лёвы яны ніяк не маглі ануляваць, ён грамадзянін Ізраіля і прыляцеў па Ізраільскім пашпарце. А пяць музыкаў ляцелі па расійскіх пашпартах. Тут была галоўная дыпламатычная бітва менавіта адносна расійцаў, асабліва трох расійцаў, якія выключна грамадзяне Расіі: гэта Максім Лакмус, Глеб і Андрэй Званкоў – яны толькі грамадзяне Расіі.
— Як гэта працуе? Напэўна, нашы гледачы таксама не разумеюць, як урад краіны можа ануляваць авіябілеты?
— Не ўрад, а міграцыйная служба. Яна павінна ўзгадніць білет, каб цябе канваіравалі ў аэрапорт і пасадзілі на самалёт. Цябе даводзіць міграцыйная да пашпартнага кантролю, праводзіць на рэйс, і толькі там табе аддаюць пашпарт. То-бок, калі міграцыйная не прызнае гэтыя квіткі, цябе проста нікуды не павязуць ні на якім аўтобусе.
Тут трэба гэта разумець, усё вырашалася на ўзроўні прэм'ер-міністра Тайланда. Пра гэта сказаў Шура, якога праводзіў міністр замежных спраў Тайланда. Там былі паслы, усё ўзгаднялася, як мне сказалі, з прэм'ер-міністрам, які асабіста не стаў сустракацца, нават першапачаткова не планаваў з ім сустрэчу. Мабыць, яму патлумачылі, што гэта міжнародны скандал, што гэта ўдарыць па турыстычнай галіне, што ў Маскве, у Расіі музыкаў чакае палітычны пераслед.
Чаму ўключыліся астатнія дыпламаты? Таму што міжнароднае права прадугледжвае абарону ад палітычнага пераследу. А тут ён у наяўнасці: і абвінавачанні Захаравай у «спонсарстве тэрарызму», а дэпутат Лугавы проста прамым тэкстам паабяцаў музыкам турму. Гэта ўсё дыпламаты сабралі, перавялі, прынеслі, і гэта ўсё некалькі гадзін сур'ёзна абмяркоўвалася.
Нам трэба было тэрмінова іх эвакуяваць, бо мы асцерагаліся, што ўжо сёння будзе зваротны ход расійскіх спецслужбаў і расійскага МЗС разам з амбасадай, бо яны маглі падключыць якія заўгодна сувязі. Я нядаўна прачытаў, што ледзь не Кавальчук з'яўляецца ганаровым консулам у Тайландзе.
— Давайце пагаворым падрабязней пра пазіцыю ўладаў Тайланда. Чаму ўвогуле магчыма, што па нейкіх запытах Расіі яны затрымліваюць людзей?
— Тайланд зацікаўлены ў расійскіх турыстах, а расійская дыяспара пабіла ўсе рэкорды скупкі нерухомасці. Гэта значыць, яны ўносяць вялікі ўклад у эканоміку Тайланда. Таму калі дыпламаты цябе пра нешта просяць, то ты гэтую просьбу выконваеш. І калі генеральны консул Сасноў тэлефанаваў у міграцыйную службу і паліцыю, там жа не ведалі, пра што гаворка: «Ну, нейкія музыкі, ды і хрэн з імі, ну, просяць іх у Маскву адправіць, а чаго б не адправіць».
І толькі калі мы паднялі гэтую хвалю ў свеце, ва ўсіх заходніх СМІ, у самых рэзанансных, пасля гэтага нам удалося проста адбіць хлопцаў і вынесці гэта ўсё на палітычны ўзровень.
Я магу сказаць, што там першапачаткова планавалася. Было аб'ява ў тайскім чаце, прыхільнікі скінулі. Хлопцы спачатку не звярнулі ўвагу, але я адразу напружыўся. А там была такая аб'ява: «Плацім такія грошы, хто здыме музыкаў "Бі-2" сёння ў аэрапорце Пхукета, прыкладна дзяжурыць да 22:00». Я кажу: «Хлопцы, вы чаго, ну-ка, давайце глядзець». Я паглядзеў на авіясэйлз, а там прамы рэйс Пхукет – Масква роўна ў 23 гадзіны з чымсьці. Я кажу: «Трэба тэрмінова ізраільскаму консулу тэлефанаваць, трэба дзяжурыць, трэба кантраляваць».
Мы настойвалі на тым, каб іх прывезлі ў Бангкок, а ні ў які не аэрапорт. Нам удалося перадаць ім сумку, дзе быў тэлефон, і мы сачылі за аўтобусам у Тэлеграме live location [геалакацыя ў рэжыме рэальнага часу].