МЗС Расіі заклікаў пераследаваць за мяжой зорак, якія падтрымалі Украіну, — Bloomberg
Расійскім спецслужбам быў патрэбны адзін гучны кейс, каб прадэманстраваць здольнасць дастаць каго заўгодна і дзе заўгодна. Для гэтага паспрабавалі скарыстаць музыкаў «Би-2».
Міністэрства замежных спраў Расіі запатрабавала ад сваіх дыпламатаў пераследаваць за мяжой расійскіх знакамітасцяў і дзеячаў культуры, якія выступілі супраць вайны ва Украіне і з'ехалі з РФ, піша «Медуза».
Пра гэта Bloomberg распавялі дзве крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
З іх слоў, МЗС РФ патрабуе пераследаваць расійскіх знакамітасцяў у так званых дружалюбных краінах, кіраўніцтва якіх пасля поўнамаштабнага ўварвання войскаў РФ ва Украіну не асудзіла дзеянні Масквы.
Іншыя падрабязнасці распараджэння МЗС Расіі ў артыкуле Bloomberg не прыводзяцца.
У якасці аднаго з прыкладаў такога пераследу Bloomberg згадвае затрыманне «Би-2» у Тайландзе. Музыкаў аштрафавалі за канцэрты без дазволу на працу ў краіне і адправілі ў міграцыйную турму, каб вырашыць пытанне аб дэпартацыі.
Паведамлялася, што расійскія дыпламаты ў Тайландзе спрабавалі дамагчыся, каб удзельнікаў гурта, які выступаў супраць вайны, адправілі ў Расію. У выніку 31 студзеня музыкі паляцелі ў Ізраіль.
Сябар удзельнікаў гурта, палітык Дзмітрый Гудкоў распавёў «Дажджу», што супраць музыкаў «працавала ўся расійская дзяржаўная машына».
«Расійскім спецслужбам быў патрэбны адзін гучны кейс, каб прадэманстраваць здольнасць дастаць каго заўгодна і дзе заўгодна. Зрабіць так, каб многія музыкі і дзеячы культуры баяліся ездзіць у цэлы шэраг краін», — заявіў Гудкоў.
З ягоных слоў, прадухіліць дэпартацыю ўдзельнікаў групы «Би-2» у Расію дапамагла неверагодная ўдача, рэзананс, збег абставінаў і ўзаемадзеянне велізарнай колькасці людзей, у тым ліку дыпламатаў.
Амбасадар Расіі ў Тайландзе Яўген Таміхін адмаўляў, што Масква датычная да пераследу музыкаў «Би-2»: «Не ў нашай практыцы камусьці ўказваць».
Улады Тайланда заяўлялі, што затрыманне музыкаў не звязанае з палітыкай.
Кіраўнік МЗС Ізраіля Ісраэль Кац пракаментаваў сітуацыю з музыкамі «Би-2»: «Я рады, што дзякуючы разумнай і ўпартай дыпламатычнай працы нам удалося вызваліць грамадзян Ізраіля, арыштаваных у Тайландзе, разам з іх калегамі — замежнымі грамадзянамі. Усе яны на шляху ў Ізраіль і адчуваюць сябе добра. Хто ратуе адну душу, нібы выратаваў цэлы свет».
Затрыманне гурта «Би-2» стала адным з самых рэзанансных выпадкаў пераследу расійскіх артыстаў, якія выступілі супраць вайны.
У пачатку студзеня ў Тайландзе таксама адмянілі канцэрты стэндапераў Руслана Белага і Максіма Галкіна, якія выступілі супраць вайны ва Украіне. Паводле неафіцыйных даных, гэта было зроблена па асабістай просьбе генконсула Расіі ў Пхукеце Уладзіміра Саснова.
На іншым папулярным у расійскіх турыстаў востраве ў Паўднёва-Усходняй Азіі — на Балі — таксама адмянялі выступленні артыстаў з Расіі. «РБК» звязваў гэтыя падзеі з абмеркаваннем магчымага ўзмацнення жорсткасці візавага рэжыму для расіян і ўкраінцаў. Мясцовыя жыхары скардзіліся, што турысты з гэтых краін прыязджаюць не толькі адпачываць, але і займаюць працоўныя месцы ў сферы турызму і забаў. Максім Галкін казаў, што яму адмовілі ва ўездзе ў Інданэзію на патрабаванне расійскіх уладаў.