Лёва «Би-2»: «Як пачалася вайна, для мяне нармальнае жыццё скончылася». Інтэрв'ю пасля вызвалення.

Увесь свет уважліва сачыў за развіццём сітуацыі, у якую трапілі ўдзельнікі гурта «Би-2». Ім пагражала дэпартацыя ў Расію быццам з-за няправільна аформленых дакументаў для канцэрта ў Тайландзе. Як аказалася, сітуацыю фарсіраваў расійскі консул. Дзякуючы намаганням замежных консулаў і розгаласу ў СМІ ўсетмузыкі гурта былі вызвалены і паляцелі ў Ізраіль. Расійская служба Бі-бі-сі пагаварыла з Лёвам «Би-2» аб далейшых планах групы.

Фота: alexorg.biz

Фота: alexorg.biz

Нагадаем, пасля канцэрта ў Тайландзе музыкаў абвінавацілі ў незаконным правядзенні мерапрыемства, таму што ў іх былі турыстычныя візы. «Би-2» заплацілі штраф, але пасля іх пасадзілі ў турму Пхукета, пасля Бангкока, пагражаючы высылкай у Расію. За антываенную пазіцыю музыкаў там чакала б шматгадовае зняволенне.

— Калі слухаеш вашу гісторыю, яна здаецца падобнай на трылер. Ці былі моманты, калі вам здавалася, што ўсё на мяжы? Якія былі самыя страшныя моманты?

— Я ведаў дакладна, што мяне мая краіна Ізраіль не кіне. Таму за сябе я наогул не перажываў. Для мяне самае страшнае было з'язджаць, пакідаць там нашых музыкаў, у якіх было Лесе-Пасе (часовы ізраільскі замежны пашпарт, па якім нельга ўехаць у Тайланд без візы — Бі-бі-сі) і таму яны заехалі па расійскіх пашпартах, і тых, у каго няма, акрамя расійскага грамадзянства, больш нічога.

Я вельмі ўдзячны консулу Элі Аснэ, які спачатку да гэтага пытання паставіўся скептычна — і гэта зразумела. Але для нас было вельмі важна, каб выратавалі ўсю групу цалкам. Я не ведаю дакладна ўсіх падрабязнасцей, як гэта адбывалася, таму што да нас прыходзілі і амерыканскія прадстаўнікі, і аўстралійскае пасольства. Гэта, мабыць, вынік агульнай такой працы.

Глядзіце таксама

З нашага боку, калі я адчуў, што запахла смажаным — гэта такая метафара, я паспеў, калі ў нас яшчэ былі тэлефоны ў руках, проста перадаць свайму сябру Ігару Рубінштэйну, сябру дзяцінства і сааўтару некаторых песень, што ў нас [праблемы], што трэба раздзімаць інфармацыйны шторм. Для таго, каб звярнуць увагу на тое, што адбываецца беззаконне непасрэдна на Пхукеце, дзе, як аказалася, кіруе адміністрацыя прэзідэнта [Расіі Уладзіміра] Пуціна, а не дзяржава Тайланд.

— Як вас спрабавалі дэпартаваць? Ці ўжывалі гвалт?

— Гэта ўсё мяккая сіла. Арганізатар канцэрта не заплаціў за працоўную візу. Але сама па сабе аперацыя [па затрыманні групы], мабыць, рыхтавалася загадзя. Проста яны знайшлі слабое месца, за якое можна было ўхапіцца. Ёсць нейкі дакумент, які дазваляе на абмежаваны тэрмін, на адзін дзень, напрыклад, працаваць у гэтай краіне.

І, натуральна, пасля канцэрта мы ўжо не вылазілі з турмаў. Спачатку гэта быў Пхукет, потым нас перавезлі ў Бангкок.

З кожным разам умовы станавіліся страшнейшыя і страшнейшыя. На Пхукеце яшчэ было больш-менш цярпіма, скажам. Але калі мы прыехалі ў Бангкок і ўбачылі ў 100-метровым пакоі 80 з чымсьці чалавек, якія ляжаць на падлозе штабелямі, трэба [праз іх] пераступаць, каб прайсці ў туалет... Дзе ўвесь час уключана святло, і ты не ведаеш, які час сутак, таму што няма вокнаў, а ёсць такія маленькія рашоткі ў самой столі — пыльныя, брудныя. Ты не разумееш, там святло сонечнае ці гэта начны ліхтар свеціць.

Па-першае, у любым выпадку, СІЗА гэта ці турма, ці нешта яшчэ — гэта заўсёды дрэнна. Скажам, мы не разумелі, чаму такое дзіўнае пакаранне, якое становіцца ўсё больш і больш жорсткім, нягледзячы на тое, што мы заплацілі штраф. Мы не маглі зразумець, адкуль растуць гэтыя ногі. Але тады мы не ведалі, што гэта загад расійскага консула.

— Як вы даведаліся пазіцыю консульства?

Нам проста сумленна пра гэта казалі людзі, якія нас трымалі. Там не было ніякіх таямніц, канкрэтна казалі, адкуль ідзе загад.

— Думаеце, што выбралі менавіта вас ці з іншымі групамі такое таксама можа адбыцца?

— У нас антываенная пазіцыя, мы супраць вайны, мы супраць рэжыму Пуціна. Мы не пайшлі ні на якія кампрамісы з уладай. Мы проста пакінулі краіну, хоць у нас некаторыя музыкі яшчэ працягвалі жыць у ёй. Наша пазіцыя ў нейкі момант стала проста небяспечнай для нашага жыцця. Цяпер можна любых падлянак чакаць ад расійскіх улад. Мы проста будзем цяпер асцярожней выбіраць месцы [для канцэртаў]. Такая сітуацыя.

— Цяпер толькі ў Еўропе будзеце выступаць?

— Еўропа, Амерыка, краіны, дзе існуюць дэмакратычныя законы.

— Што будзе з удзельнікамі групы, у якіх толькі расійскае грамадзянства? Яны вернуцца ў Расію?

— Не, яны не вернуцца ў Расію. Дзякуючы таму, што адбыўся такі рэзананс у сусветнай прэсе, яны атрымалі запрашэнне ад некалькіх краін. У бліжэйшы час ім трэба вызначыцца, дзе яны будуць жыць. У Расію ніхто не будзе вяртацца.

Глядзіце таксама

— Якія былі сёння адчуванні ў аэрапорце? Ці былі сумневы, калі вы расставаліся?

— Я з'язджаў з цяжкім сэрцам, вядома. Але я прыехаў сюды і падключыўся адразу да працы над тым, каб хлопцаў вызваліць. Хоць, вядома, мая роля ў гэтым плане наогул абсалютна нязначная. Ёсць людзі, пачынаючы ад Ігара Рубінштэйна, гэта і Максім Кац, і Дзмітрый Гудкоў, і [Ілля] Варламаў, і Абас Галямаў — гэта велізарная колькасць людзей, якія дапамаглі гэта ўсё вывесці на такі ўзровень, дзе нас заўважылі ў вялікай палітыцы.

І пасля гэтага наступіла бітва палітыкаў, у якой, я думаю, ізраільскі МЗС атрымаў знішчальную перамогу.

— Які цяпер стан? Маральна і фізічна, напэўна, цяжка такое перажыць?

— Я хлопец моцны, я на каменяломнях працаваў у Ізраілі паўтара года, калі толькі прыехаў. Таму запас здароўя, дзякуй богу, у мяне ёсць.

Псіхалагічна гэта было цяжка, таму што мы ўсе жывём у стане дэпрэсіі. Як пачалася вайна, для мяне нармальнае жыццё скончылася, таму што пакуль забіваюць людзей, я не магу сябе адчуваць спакойна — тым больш людзей, блізкіх мне. І я аднолькава перажываю і за тых, хто застаўся ў Расіі, і перажываю, натуральна, за тых людзей, якія гінуць праз агрэсію Расіі супраць Украіны.

Расійская служба Бі-бі-сі накіравала запыт у амбасаду Расіі ў Тайландзе і Генеральнае консульства Расіі на Пхукеце. Мы не атрымалі прамога адказу, але ўвечары 1 лютага на сайце МЗС Расіі з'явілася камюніке з загалоўкам «аб хлуслівых Інтэрнэт-публікацыях датычна сітуацыі з затрыманнем у Тайландзе ўдзельнікаў групы «Бі-2». «Ніводная з «сенсацыйных» нататак не мае пад сабой падстаў, а інсінуацыі ў адрас расійскіх дыпламатаў — хлусня ад пачатку і да канца», — гаворыцца ў гэтай публікацыі.