Усе музыкі «Би-2» ужо ў Ізраілі. Тайланд не выдаў іх Расіі
Усе музыкі гурта «Би-2», затрыманыя міграцыйнай паліцыяй Тайланда, вылецелі ў Ізраіль. Пра гэта «Медузе» паведаміў юрыст групы.
У самалёт у Ізраіль селі шэсць музыкаў, у тым ліку адзін з лідараў «Би-2», ураджэнец Беларусі Аляксандр Уман (Шура), у якога, апроч іншага, ёсць грамадзянства Аўстраліі.
Паводле слоў юрыста групы, 31 студзеня ў Бангкоку прайшла сустрэча консулаў Ізраіля і Аўстраліі з МЗС Тайланда. Таксама тайландскія дыпламаты павінны былі сустрэцца з расійскім консулам, але, як мяркуе юрыст, асобна ад прадстаўнікоў Ізраіля і Аўстраліі.
Сустрэча ізраільскіх, аўстралійскіх і тайландскіх дыпламатаў доўжылася некалькі гадзін, прадстаўнікі групы ў ёй не ўдзельнічалі. «У выніку было абвешчана, што музыкі могуць пакінуць Тайланд і паляцець у Тэль-Авіў, паколькі такім было іх агульнае пажаданне», — распавёў юрыст музыкаў.
«Я рады, што дзякуючы разумнай і ўпартай дыпламатычнай працы нам удалося вызваліць грамадзян Ізраіля, арыштаваных у Тайландзе, разам з іх калегамі — замежнымі грамадзянамі. Усе яны на шляху ў Ізраіль і адчуваюць сябе добра. Хто ратуе адну душу, нібы выратаваў цэлы свет», — пракаментаваў сітуацыю кіраўнік МЗС Ізраіля Ісраэль Кац.
30 студзеня стала вядома, што ў Ізраіль паляцеў іншы лідар «Би-2», таксама беларускі ўраджэнец Ягор Бортнік (Лёва) — у яго ёсць грамадзянства гэтай краіны. Раней юрыст гурта паведамляў, што Расія патрабавала дэпартацыі траіх музыкаў, у якіх ёсць толькі адно грамадзянства — расійскае. Паводле звестак выдання, гаворка ішла пра бас-гітарыста Максіма Андрушчанку (Лакмус), гітарыста Андрэя Званкова (Званок) і запрошанага клавішніка Глеба Калядзіна.
Семярых удзельнікаў «Би-2» затрымалі пасля канцэрта на Пхукеце, які прайшоў 24 студзеня, праз тое, што яны выступалі без дазволу на працу. Арганізатары канцэртаў «Би-2» прызналі, што некарэктна аформілі візы для музыкаў. Удзельнікі групы былі аштрафаваны і амаль тыдзень правялі ў цэнтрах для мігрантаў.
Па адной з версій, дэпартаваць групу ў Расію запатрабаваў асабіста генеральны консул РФ у Пхукеце Уладзімір Сасноў. Амбасадар Расіі ў Тайландзе Яўген Таміхін у адказ на гэта заявіў «Камсамольскай праўдзе»: «Не ў нашай практыцы камусьці ўказваць». Улады Тайланда заяўлялі, што затрыманне музыкаў не звязана з палітыкай.
Пасля расійскага ўварвання ва Украіну «Би-2» выступілі
супраць вайны, а Ягора Бортніка ў траўні 2023 года Мінюст РФ абвясціў «замежным агентам».