Фрыдман пра кейс «Бі-2»: На месцы праціўнікаў Лукашэнкі я б задумаўся
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у сваёй калонцы на «Deutsche Welle» піша пра тое, што рэжымы Лукашэнкі і Пуціна ў сваёй помслівасці не спыняцца ні перад якімі захадамі. Нават у замежжы.
24 студзеня ў Тайландзе былі арыштаваныя сямёра ўдзельнікаў рок-гурта «Бі-2», якіх мясцовыя ўлады абвінавацілі ў правядзенні канцэрту на востраве Пхукет без неабходнага дазволу на працу. Кур'ёзная гісторыя магла скончыцца грашовым штрафам і хуткай дэпартацыяй музыкаў, але доўжылася амаль тыдзень і перарасла ў палітычную драму са шчаслівым канцом: удзельнікі калектыву не былі высланы ў Расію, дзе ім з вялікай верагоднасцю пагражала б небяспека праз іх антываенную пазіцыю, і ў выніку адправіліся ў Ізраіль.
Навошта Крэмль справакаваў скандал вакол «Бі-2»? Як гэты казус быў успрыняты ў Беларусі і якія наступствы ён можа мець для беларускіх палітычных актывістаў і грамадскіх дзеячаў за мяжой?
Драма са шчаслівым канцом
За амаль 25 гадоў творчай дзейнасці ў Расіі і на постсавецкай прасторы рок-гурт «Бі-2» набыў культавы статус сярод рускамоўнай публікі па ўсім свеце. Удзел у легендарным фільм «Брат-2» рэжысёра Аляксея Балабанава праславіў калектыў і зрабіла яго творчасць адным з сімвалаў эпохі.
Гісторыя «Бі-2» пачалася напрыканцы 1980-х у Савецкай Беларусі, а стваральнікі групы, ураджэнец Бабруйска Аляксандр Уман (Шура Бі-2) і мінчук Ягор Бортнік (Лёва Бі-2) яшчэ ў 1991 годзе перабраліся ў Ізраіль, а затым — у Аўстралію. Напрыканцы 1990-х яны працягнулі сваю кар'еру ў Расіі, дзе заставаліся да 2023 года.
Усе гэтыя гады гурт «Бі-2» актыўна ўдзельнічаў у музычным жыцці гэтай краіны, застаючыся пры гэтым па магчымасці па-за палітыкай. Яны, як правіла, не каментавалі палітычныя падзеі і трымаліся ў баку ад прапагандысцкіх праектаў Крамля. Пасля анексіі Крыма калектыў больш не выступаў на паўвостраве, але тым не менш устрымаўся ад публічнай ацэнкі дзеянняў расійскіх уладаў ва Украіне. Наглядным пацвярджэннем дыстанцыяванага стаўлення артыстаў да Расіі з'яўляецца той факт, што грамадзянін Ізраіля і Аўстраліі Уман і ізраільцянін Бортнік так і не сталі падданымі гэтай дзяржавы і не перавезлі свае сем'і ў Расію.
«Раман» «Бі-2» з Расіяй канчаткова завяршыўся пасля шырокамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Лідары гурта заявілі пра сваю антываенную пазіцыю, сутыкнуліся з шалёным цкаваннем з боку «Z-супольнасці», скасаваннем канцэртаў і іншымі перашкодамі і ў выніку пакінулі Расію. Лёва Бі-2 і зусім дазволіў сабе няўхвальныя выказванні пра Пуціна і «ўсю яго разумова адсталую шваль», а таксама падкрэсліў, што ў Расію больш вяртацца не збіраецца.
Рэакцыя Крамля не прымусіла сябе чакаць: Міністэрства юстыцыі РФ прызнала Бортніка ў траўні 2023 года «замежным агентам». Пракрамлёўская прэса, у сваю чаргу, стварыла Лёву Бі-2 і Шуру Бі-2 вобраз «няўдзячных замежнікаў», якія многія гады «паразітавалі» на расійскай публіцы, а ў цяжкую хвіліну здрадзілі краіне, што прытуліла іх. Пасля арышту музыкаў у Тайландзе афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава абвясціла іх творчасць «антыкультурай», а адыёзны дэпутат Дзярждумы Андрэй Лугавы заклікаў да крымінальнага пераследу артыстаў у Расіі. Такі сцэнарый сапраўды мог стаць рэальнасцю, калі б расійскім уладам удалося дамагчыся дэпартацыі музыкаў у Расію, дзе іх часта абвінавачваюць у фінансаванні УСУ.
Наўмысная эскалацыя канфлікту вакол «Бі-2» у Тайландзе тлумачыцца не столькі жаданнем Крамля пакараць сваіх праціўнікаў і банальнай прагай помсты канкрэтным артыстам, колькі жаданнем прадэманстраваць сваю ўласную сілу і ўплыў. У выбары ахвяры, несумненна, адыграў сваю ролю і той факт, што лідары групы з'яўляюцца замежнікамі, а яшчэ двое ўдзельнікаў калектыву, нароўні з расійскім грамадзянствам, маюць таксама і ізраільскія пашпарты. Сувязь «Бі-2» з Ізраілем і габрэйскія карані музыкаў даўно выкарыстоўваюцца іх крытыкамі з «Z-супольнасці» і праўладных беларускіх Telegram-каналаў, што адкрыта або намёкамі злучаюць «русафобію» музыкаў з іх паходжаннем.
Справа «Бі-2» з'яўляецца яшчэ і працягам канфлікту паміж Ізраілем і Расіяй, які абвастрыўся ў кантэксце адкрыта прапалесцінскай пазіцыі Крамля. У такіх умовах дэпартацыя ўдзельнікаў гурта з расійска-ізраільскім грамадзянствам у Расію стала б вялікім знешнепалітычным поспехам для Масквы і адначасова адчувальным паразай для ізраільскага боку, які не здолеў адстаяць правы сваіх грамадзян, а таксама праваабаронцаў, што перасцерагалі ўлады Тайланда ад падобнага кроку.
У беларускай прапаганды асабістыя прэтэнзіі да «Бі-2»
Ліхтугі музыкаў «Бі-2» у Тайландзе могуць, на першы погляд, падацца падзеяй, якая для Беларусі сур'ёзнага значэння не мае, а калі і заслугоўвае згадкі ў беларускім кантэксце, то толькі ў сувязі з паходжаннем лідараў гурта Бортніка і Умана.
Лёва Бі-2 і Шура Бі-2 сапраўды ніколі не хавалі сваіх каранёў, а да 2020 года часта і ахвотна выступалі з канцэртамі на радзіме. І хоць большую частку свайго жыцця яны правялі па-за Беларуссю і грамадзянамі гэтай краіны не з'яўляюцца, але на радзіме яны карыстаюцца папулярнасцю і там іх часам нават называюць «беларускімі музыкамі». У 2020 годзе лідары «Бі-2» падтрымалі пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, а Лёва Бі-2 заявіў пра сваё негатыўнае стаўленне да Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта грамадзянская пазіцыя Ягора Бортніка прывяла да таго, што гурт трапіў у няласку дзяржаўнай прапаганды, якая абвясціла «Бі-2» «змагарскім калектывам».
Значэнне справы «Бі-2» для Беларусі крыецца, аднак, зусім не ў паходжанні музыкаў і іх крытычным стаўленні да Лукашэнкі. Для беларускіх уладаў падзеі ў Тайландзе цікавыя і як новы досвед барацьбы з супернікамі рэжыму па-за межамі краіны.
Расійскі досвед для Лукашэнкі?
У эпоху Уладзіміра Пуціна расійскія ўлады не саромеюцца ў метадах расправы над праціўнікамі за мяжой. У выпадку былога падпалкоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі ў Лондане (2006 год) і грузінскага афіцэра Зелімхана Хангашвілі ў Берліне (2019 год) справа дайшла да фізічнага знішчэння, а былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль цудам выжыў пасля атручвання ў 2018 годзе.
Беларускія ўлады да такіх радыкальных захадаў пакуль не звярталіся, а ў выпадку загінулага ў Кіеве ў жніўні 2021-га актывіста Віталя Шышова версія пра беларускі след свайго пацвярджэння так і не знайшла. І тым не менш, кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель неаднаразова абяцаў «дабрацца да ворагаў рэжыму за мяжой», а сам Аляксандр Лукашэнка не стварае ўражанне лідара, у якога не хопіць рашучасці санкцыянаваць такія аперацыі.
Прымусовая пасадка самалёта «Ryanair» з журналістам Раманам Пратасевічам на борце ў траўні 2021 года і гісторыі ўдзельнікаў пратэстаў, якія заплацілі працяглымі турэмнымі тэрмінамі за вяртанне ў Беларусь, гавораць самі за сябе. І хоць магчымасці і рычагі ўплыву беларускіх уладаў абмежаваныя, але за іх спінай стаіць расійскі хаўруснік, на дапамогу і падтрымку якога ў Мінску могуць разлічваць.
Расійская аперацыя вяртання музыкаў «Бі-2» правалілася, але яна павінна паслужыць урокам для апанентаў Пуціна і Лукашэнкі: на месцы артыстаў, пра якіх пісала сусветная прэса і за якіх змагаліся Ізраіль і праваабаронцы, мог апынуцца любы іншы чалавек. Параза ў баі за «Бі-2» наўрад ці ацверазіць расійскія і беларускія ўлады. «Злосны кракадзіл, які атрымаў па зубах», як трапна заўважыў расійскі палітык Дзмітрый Гудкоў, «стаў яшчэ больш агрэсіўным».