Мажэйка: Вялікага парадку ва Усебеларускім народным сходзе пакуль не прадбачыцца

Стварыць стварылі, а як функцыянаваць — невядома. Ці можна тут разлічваць на «авось»?

Пакуль рэжым сам не разумее, як будзе працаваць іх так званы «УНС». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Пакуль рэжым сам не разумее, як будзе працаваць іх так званы «УНС». Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Учора Лукашэнка прызначыў намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерыя Міцкевіча начальнікам сакратарыята так званага «Усебеларускага народнага сходу».

Як вядома, вылучэнне ў дэлегаты УНС пачнецца з 12 сакавіка 2024 года і завершыцца 31 сакавіка. ЦВК плануе ўстанавіць вынікі выбараў дэлегатаў УНС не пазней за 18 красавіка 2024 года. Апошні тэрмін склікання першага пасяджэння УНС запланаваны на 25 красавіка.

Пры ўсім багацці выбару ў Лукашэнкі іншых прэтэндэнтаў не знайшлося. Вось як ён патлумачыў свой выбар:

— Я прыцягваю ўсіх дасведчаных людзей, каб у гэты складаны перыяд нам дзесьці не здзейсніць памылкі. Напэўна, сам адчуваеш, што ідзе такая перабудова, пертурбацыя органаў улады ў сувязі з наданнем Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйных паўнамоцтваў — становіцца канстытуцыйным органам. І, вядома, трэба гэтыя гады (год-два, можа, тры) са з'яўленнем УНС і пэўных сур'ёзных уладных канстытуцыйных паўнамоцтваў, нам бы ў гэты час не стварыць нейкі хаос ва ўладзе. Таму што сам ведаеш, хаос ва ўладзе — імгненна пераносіцца гэта ў грамадства, — даў наказ Лукашэнка свайму пратэжэ.

Якога хаосу баіцца Лукашэнка? І якая роля Міцкевіча ў прадухіленні хаосу? Пра гэта «BGmedia» пагаварылі з рэдактарам «Беларускага штогодніка» Вадзімам Мажэйкам.


Глядзіце таксама

— «Усебеларускі народны сход» дэкларуецца як вельмі моцны орган з вялізнымі паўнамоцтвамі. Але па сваёй форме гэта досыць непрацаздольны орган. Я маю на ўвазе, што УНС у поўным складзе не зможа дзейнічаць у штодзённым рэжыме: дэлегаты (члены) будуць збірацца разам раз на год, ды і то не ўсе. (Гэта ж не парламент, дзе дэпутаты працуюць на прафесійнай аснове, атрымліваючы зарплату). Адпаведна, для ажыццяўлення сваёй штодзённай дзейнасці рэальныя паўнамоцтвы будуць знаходзіцца ў прэзідыума, у сакратарыята УНС. Пры гэтым, калі мы валодаем хоць нейкай інфармацыяй пра парадак фармавання УНС (хоць па-ранейшаму няма канкрэтнай інфармацыі, хто і як будзе «абірацца»), то пра прэзідыум і сакратарыят УНС мы пакуль наогул нічога не ведаем. Лукашэнка агучвае нейкія ідэі, але яны і цыркулююць у выглядзе ідэй: у дакументах яны нідзе не прапісаныя.

Прызначэнне Валерыя Міцкевіча паказвае, што выкарыстоўваюцца зразумелыя і правераныя кадры, якія ўжо працуюць у «парламенце» Лукашэнкі. Роля Міцкевіча стане зразумелай, зыходзячы з магчымасцей сакратарыята, з арганізацыі яго працы; пакуль усё робіцца непублічна і незразумела.

— Лукашэнка прадказвае сістэме ўлады хаос у найбліжэйшыя два-тры гады. Дык які хаос у сістэме ўлады можа спарадзіць «Усебеларускі народны сход»?

— Аўтакраты наогул баяцца любога хаосу, гэта перастрахоўка. Гэта ў дэмакратычных парламентах суцэльны хаос: гавораць што хочуць, спрачаюцца, лаюцца, часам нават б'юцца — увогуле, суцэльны бардак. Таму што там дэмакратыя. А ў аўтарытарных уладных структурах — ніякага хаосу, выразны парадачак, усё акуратненька, толькі дэмакратыі ніякай няма. У фразе Лукашэнкі слова «хаос» можна замяніць словам «дэмакратыя» — і тады ўсё становіцца на свае месцы: важна не дапусціць дэмакратыі ва ўладзе, таму што дэмакратыя ва ўладзе перакінецца на грамадства.


Глядзіце таксама

Праца УНС будзе арганізавана выразна. А пакуль няма ніякіх дакументаў па працы прэзідыума або сакратарыята УНС, і наогул не зразумела, ці існуюць спісы людзей, якія будуць «абірацца» ва УНС. Вядома, адсутнасць выразных дакументаў і зразумелых схем не выглядае як вялікі парадак — трэба камусьці гэтым займацца. Цалкам магчыма, што таварыш Міцкевіч, у тым ліку, будзе разбірацца, як працаваць на такой пасадзе.

Тым больш, што справа сапраўды новая, і адладзіць працу сістэмы за адзін раз не спадзяюцца. Мабыць, будуць ісці «ад жыцця», як любіць казаць Лукашэнка, ад практыкі. Сапраўды спатрэбіцца некалькі гадоў пераходнага перыяду, пакуль уся сістэма ўлады Беларусі зразумее, што гэта за орган такі — УНС, як з ім працаваць, якімі фармальнымі і нефармальнымі паўнамоцтвамі валодаюць прадстаўнікі УНС. Усю сістэму ўлады давядзецца згладжваць.