Лёс «Би-2» яшчэ не вырашаны. Пасля ўмяшальніцтва дыпламатаў РФ дэпартацыю музыкаў у Ізраіль адмянілі

Гісторыя з музыкамі гурта «Би-2», якіх затрымалі пасля канцэрта ў Тайландзе, займела нечаканы працяг. Спачатку паведамлялася, што іх дэпартуюць у Ізраіль, але потым гэта рашэнне было адменена.

i_14_1_1005x731.jpeg

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал гурта.

«Паводле нашай інфармацыі, учора было прынята рашэнне аб дэпартацыі ўдзельнікаў групы ў Ізраіль. У адпаведнасці з гэтым рашэннем былі набыты авіябілеты, — гаворыцца ў допісе. — Сёння пасля візіту высокапастаўленых дыпламатаў з расійскага консульства прадстаўнікам гурта было абвешчана, што пастанова аб дэпартацыі ў Ізраіль скасавана. Удзельнікі групы адмовіліся размаўляць з расійскім консулам».

Адзначаецца, што музыкаў працягваюць утрымліваць у міграцыйным цэнтры ў агульнай камеры на 80 чалавек.

Раней ізраільскае выданне «Ynet» паведаміла, што чатырох удзельнікаў «Би-2», затрыманых у Тайландзе, дэпартуюць не ў Расію, а ў Ізраіль. Такое рашэнне было прынята пасля ўмяшання ізраільскага МЗС і пасольства Ізраіля ў Тайландзе.

У публікацыі ўдакладнялася, што ўсе сем удзельнікаў групы з'яўляюцца грамадзянамі Расіі, пры гэтым чацвёра маюць грамадзянства Ізраіля, адзін — Аўстраліі і яшчэ адзін — ЗША.

«Паводле працэдуры іх павінны дэпартаваць у краіну, па пашпарце якой яны заехалі ў Тайланд», — тлумачыць выданне.

Паводле звестак газеты, чацвёра музыкаў купілі квіткі ў Ізраіль, іх дэпартуюць у аўторак. Яшчэ адзін удзельнік будзе дэпартаваны ў Аўстралію, і, «мяркуючы па ўсім, ні адзін з сямі ўдзельнікаў групы не будзе экстрадзіраваны ў Расію».


Глядзіце таксама

Музыкаў «Би-2» затрымалі ў Тайландзе 24 студзеня. Прычынай, па версіі турыстычнай паліцыі, стала адсутнасць дазволу на працу (гэта значыць правядзенне канцэрта). Пры гэтым да выступлення на Пхукеце яны ўжо паспелі даць канцэрт у Патаі, куды прыбылі пасля выступлення ў Стамбуле. Пасля суда на Пхукеце музыкаў прывезлі ў Бангкок. Іх прысудзілі да штрафаў па 85 долараў на кожнага і дэпартацыі.

Генконсул Расіі ў Пхукеце Уладзімір Сасноў вельмі шчыраваў вакол сітуацыі і, паводле звестак медыя, дамагаўся, каб музыкаў адправілі ў Расію. Там за антываенную пазіцыю іх бы з вялікай верагоднасцю чакаў палітычны пераслед. Сасноў паведамляў РІА «Навіны», што пяцёра з сямі музыкаў з'яўляюцца грамадзянамі РФ, а двое заехалі ў Тайланд па пашпартах Ізраіля і Аўстраліі.

Варта адзначыць, што ў 2020 годзе гурт «Би-2» падтрымаў пратэсты ў Беларусі. Не ў апошнюю чаргу гэта адбылося таму, што фронтмэны калектыву, вядомыя як Лёва «Би-2» і Шура «Би-2», нарадзіліся ў Беларусі. Гурт яны стварылі напрыканцы 80-х гадоў яшчэ ў часы СССР.

Лідары гурта беларускага паходжання маюць грамадзянствы Ізраіля і Аўстраліі.

У верасні 2020 года Лёва «Би-2» казаў у інтэрв’ю, што Лукашэнка мусіць сысці.

— Мы з Шурыкам родам з Беларусі: я — з Мінска, ён — з Бабруйска. Для нас, вядома, усё, што цяпер адбываецца ў Беларусі, — асабістая трагедыя. Думаю, Лукашэнка павінен сысці. Я ніколі не быў яго прыхільнікам, але тут ужо сітуацыя надзвычайная. Спадзяюся, неўзабаве яна вырашыцца. Папросту надышоў час, назад шляху няма. Выбары былі беспрэцэдэнтна сфальсіфікаваныя, — сказаў музыка.

Тады ж стала вядома пра перанос канцэрта «Би-2» у Мінску на больш позні тэрмін. З той пары калектыў у Беларусі не выступае.