Лёва з «Бі-2»: «Лукашэнка павінен сысці»

Лёва з «Бі-2» выказаўся пра сітуацыю ў Беларусі і растлумачыў, чаму гурт перанёс мінскі канцэрт на год, паведамляе afisha.tut.by

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY


Гурт «Бі-2» быў сярод першых публічных персонаў, што запісалі зварот у падтрымку беларускіх грамадзян. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю выданню «Труд».

Музыка сказаў, што ён паходзіць з Беларусі, і таму ўсё, што цяпер адбываецца там, успрымае як асабістую трагедыю:

Мы з Шурыкам родам з Беларусі: я — з Мінска, ён — з Бабруйска. Для нас, вядома, усё, што цяпер адбываецца ў Беларусі, — асабістая трагедыя. Думаю, Лукашэнка павінен сысці. Я ніколі не быў яго прыхільнікам, але тут ужо сітуацыя надзвычайная. Спадзяюся, неўзабаве яна вырашыцца. Папросту надышоў час, назад шляху няма. Выбары былі беспрэцэдэнтна сфальсіфікаваныя.

Ён таксама патлумачыў фармулёўку "з меркаванняў бяспекі", якой матывавалі перанос мінскага канцэрту гурта на стадыёне "Дынама". Мерапрыемства, нагадаем, спачатку перанеслі з-за каронавіруса з чэрвеня на верасень, а пасля зноў на чэрвень, але ўжо 2021 года.

Мы перанеслі канцэрт з меркаванняў бяспекі, але цяпер пагроза зыходзіць ужо больш не ад каронавіруса, а ад улады: сёння ў Беларусі любыя масавыя сходы могуць выклікаць яе непрадказальную і неадэкватную рэакцыю. І ад самой публікі паступалі просьбы пра перанос да лепшых часоў.

Паводле afisha.tut.by, www.trud.ru