Пераход вайны на тэрыторыю Расіі: якія шанцы мае Украіна?
Украіна паспяхова атакуе нафтаперапрацоўчыя заводы, ваенныя аб'екты і прамысловыя збудаванні на тэрыторыі РФ. Расійскія ўлады арганізавалі эвакуацыю мірных жыхароў Белгарадскай вобласці з-за наступстваў ваенных дзеянняў украінцаў. Што будзе далей? Ці зможа вайна часткова ці цалкам перайсці на тэрыторыю Расіі? Разбіраецца Глеб Нержын для Belsat.eu.
Як вайна прыйшла на тэрыторыю Расіі
Першыя сігналы, што расійская агрэсія вернецца бумерангам на тэрыторыю РФ, можна было заўважыць ужо на пачатковым этапе поўнамаштабнай вайны. 1 красавіка 2022 года два ўкраінскія верталёты Мі-24 на нізкай вышыні ўвайшлі ў паветраную прастору Расіі і атакавалі нафтабазу «Роснафты» ў Белгарадзе. Тады гэтая аперацыя ўспрымалася як нешта неверагоднае, але неўзабаве напады на тыя ці іншыя абʼекты на тэрыторыі РФ стануць звычайнай справай.
Інтэнсіўнасць, формы і геаграфія ўкраінскіх атак паступова пашыраліся. Паводле выдання «Вёрстка», калі ў красавіку-чэрвені 2022 года суадносіны дзён пад атакамі і без былі прыкладна 1 да 1 (1 дзень пад атакамі, 1 без нападаў), то пасля паўгода баявых дзеянняў яно стала 3 да 1 (тры дні пад атакамі, 1 без нападаў). Яшчэ праз 7 месяцаў напады сталі практычна штодзённымі, павялічыўшыся кратна з траўня 2023 года. Раней расійскія рэгіёны траплялі пад абстрэлы і напады БПЛА некалькі дзясяткаў разоў у месяц, а пасля траўня – па некалькі сотняў разоў.
Паводле выдання «Новая газета Европа», па стане на чэрвень 2023 года агулам «прылёты» былі зафіксаваны ўжо ў 16 рэгіёнах (без уліку акупаваных тэрыторыяў). Толькі ў траўні 2023 года стала вядома пра рэкордныя 280 абстрэлаў – гэта ў чатыры разы больш, чым было месяцам раней.
«У сярэднім атакам кожны дзень падвяргаецца 8 населеных пунктаў. Цэлямі «прылётаў» ужо сталі больш за дзве тысячы цывільных і прамысловых абʼектаў, сярод якіх нафтабазы, маскоўскія шматпавярхоўкі і купал Крамля», – пісала ўлетку 2023 года «Новая газета Европа».
На 16-м месяцы вайны страты РФ з-за абстрэлаў складалі 52 мірных жыхары, а 242 былі параненыя.
Вясной 2023-га да абстрэлаў і атак дронаў дадаліся дыверсійныя рэйды «Расійскага добраахвотніцкага корпусу» (РДК) і легіёну «Свабодная Расія» (ЛСР), якія ваююць на баку Украіны. Цягам года адбылося не менш за 6 такіх рэйдаў у Белгародскую і Бранскую вобласці: яны суправаджаліся інтэнсіўнымі баямі ў расійскіх памежных паселішчах.
Травень – верасень 2023 года ўвогуле былі найбольш «гарачымі»: у той перыяд адбыліся паспяховыя дыверсійныя рэйды РДК і пры гэтым назіраўся пік атак беспілотнікаў. Дакладную колькасць атак БПЛА падлічыць заўсёды цяжка, бо незразумела, якую лічбу браць за аснову: колькасць запушчаных або тых, што трапілі ў цэль. Напрыклад, выданне «Говорит НеМосква» паведамляла, што з траўня па жнівень 2023 года амаль 1000 дронаў даляцелі да расійскіх рэгіёнаў, а РБК падлічыла, што толькі ў жніўні іх было больш за 500.
«Вёрстка» ўлічыла ў сваім аналізе толькі тыя «прылёты», якія прывялі да пашкоджанняў будынкаў або чалавечых ахвяраў, і прыйшла да высновы, што рэкорд 2023 года быў дасягнуты ў верасні: 479 выпадкаў абстрэлаў і атак БПЛА. Потым наступіў невялікі спад, які ў канцы 2023 года змяніўся ростам.
Новае пашырэнне межаў вайны
У снежні 2023 года Расія распачала новую кампанію паветранага тэрору супраць гарадоў Украіны, а ўкраінскія вайскоўцы ў адказ сталі ўсё часцей атакаваць расійскія паселішчы. Паводле звестак уладаў РФ, 30 снежня ў выніку абстрэлу Белгараду загінулі 25 чалавек і каля 100 атрымалі раненні.
5 студзеня ўлады заявілі, што гатовыя дапамагчы цывільным эвакуявацца з Белгарада.
«Нам страшна, дапамажыце нам выехаць у бяспечнае месца», – пісалі мясцовыя жыхары губернатару.
Хаця масавага ад’езду не адбылося, гэта ўсё-ткі была знакавая падзея: упершыню з-за вайны ва Украіне расійскія ўлады вырашылі вывозіць жыхароў рэгіянальнай сталіцы ў міжнародна прызнаных межах Расіі. Раней яны ладзілі эвакуацыі толькі з акупаваных тэрыторыяў, а таксама з Шабекінскай і Грайваронскай акругаў Белгародскай вобласці.
У студзені адбылася яшчэ адна знакавая падзея: украінскія беспілотнікі ўпершыню паспяхова атакавалі аб’екты ў Ленінградскай вобласці. Ад украінскай мяжы да Пецярбурга — велізарная адлегласць, больш за 900 км. Раней настолькі далёка на поўнач дроны не заляталі.
На канец другога года вайны, паводле падлікаў выдання «Вёрстка», абстрэлы і атакі беспілотнікаў зазналі каля 400 паселішчаў у 17 рэгіёнах, а загінулі ад гэтых нападаў як мінімум 150 мірных жыхароў.
У сакавіку быў пабіты новы рэкорд: 12 сакавіка былі атакаваныя аб’екты ў 9 рэгіёнах РФ. У тым ліку «прылёты» фіксаваліся ў цэнтры Белгарада — беспілотнік ударыў па будынку гарадской мэрыі. Выданне DOXA падлічыла, што ў перыяд з 1 па 15 сакавіка Мінабароны Расіі заявіла пра 265 збітых беспілотнікаў. Гэта ў 3,5 разы больш, чым месяцам раней. Акрамя таго, у першай палове сакавіка аб атаках як мінімум аднаго дрона расейскія ўлады паведамлялі кожны дзень.
Адначасова ў сакавіку РДК, ЛРС і «Сібірскі батальён» учынілі новы рэйд у Белгародскую і Курскую вобласці, захапілі палонных і нават на кароткі час занялі некаторыя паселішчы. Паводле мясцовых уладаў, за апошні тыдзень толькі ў Белгародскай вобласці загінулі ад абстрэлаў 11 чалавек і 82 пацярпелі. Акрамя таго, былі пашкоджана 882 кватэры, 49 прыватных дамоў і 10 сацыяльных абʼектаў.
На што робіць стаўку Украіна
Перанос баявых дзеянняў на тэрыторыі РФ — свядомае рашэнне кіраўніцтва Украіны.
«Паступова вайна вяртаецца на тэрыторыю Расіі — у яе сімвалічныя цэнтры і вайсковыя базы, і гэта непазбежны, натуральны і абсалютна справядлівы працэс», – заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў ліпені 2023 года пасля серыі атак беспілотнікаў на Маскву.
«Вайна павінна быць перанесеная на іншую тэрыторыю, якой, зразумела, для нас з’яўляецца Расія і іншыя тэрыторыі, дзе знаходзіцца іхны ўплыў, для таго каб іх расцягнуць і скаваць», – заявіў у верасні 2023 кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў.
Пашыраючы атакі на расійскую тэрыторыю, Украіна імкнецца дасягнуць некалькі мэтаў. Па-першае, ваеннае аслабленне праціўніка. Часцей за ўсё цэлямі атак дронаў становіцца паліўная інфраструктура (НПЗ, тэрміналы, рэзервуары). Атакі на гэтыя аб’екты пераважна з’яўляюцца паспяховымі і цягнуць за сабой прамыя эканамічныя страты РФ. Каб абараніць паліва, якое ў тым ліку неабходна для вайсковай тэхнікі на фронце, расіяне вымушаныя ўмацоўваць супрацьпаветраную абарону. Пры гэтым колькасць комплексаў СПА ў іх абмежаваная, а геаграфія ўкраінскіх атакаў — вельмі шырокая (17 рэгіёнаў). Як вынік, расце імавернасць, што адзін з кірункаў акажацца агалённым.
Атакі на вайсковыя аэрадромы ўкраінскія вайскоўцы чыняць значна радзей, бо вакол гэтых аб’ектаў апрыёры мусіць быць моцная сістэма СПА. Аднак калі намацаць слабое месца ў абароне ўсё-ткі атрымоўваецца, удары часцяком маюць ашаламляльны эфект. Сярод найбольш яскравых прыкладаў: атака на базы стратэгічнай авіяцыі РФ у Энгельсе і Дзягілеве ў снежні 2022 года, удары па аэрадромах у Пскове, Сальцах і Шайкоўцы ў жніўні 2023-га.
Па-другое, вяртанне вайны на тэрыторыю РФ мае важнае палітычнае і псіхалагічнае значэнне. Сэнс некаторых украінскіх атакаў (напрыклад, на Маскву або на адміністратыўныя будынкі ў цэнтры Белгараду) заключацца не ў знішчэнні канкрэтных аб’ектаў, а ў псіхалагічным ціску: расейцы мусяць зразумець цану развязанай Крамлём агрэсіі і адчуць сваю неабароненасць. Адначасова адпаведныя атакі разлічаныя на тое, каб падбадзёрыць украінскае грамадства, якое павінна бачыць, што Украіна здольная не толькі абараняцца, але і контратакаваць.
Рэйды РДК пераследуюць адначасова і ваенныя, і палітычныя мэты. З аднаго боку, украінскае камандаванне разлічвае на тое, што расейцы будуць вымушаныя вылучаць больш сілаў на ахову памежных тэрыторыяў у Белгародскай, Курскай і Бранскай вобласцях, каб не дапусціць новых разбуральных прарываў з боку Украіны. Адпаведна рэзерваў для папаўнення войску непасрэдна на фронце ў РФ будзе менш.
З іншага боку, сам факт, што ўзброеныя фармаванні з разу ў раз прарываюцца з боку Украіны на тэрыторыю Расеі, а потым расійскія сілавікі па некалькі дзён выціскаюць іх назад, – наносіць вялікую рэпутацыйную шкоду Крамлю. Расія ў гэтай сітуацыі выглядае не звышдзяржавай, якая пагражае ўсяму свету, а краінай, якая не здольная забяспечыць ахову ўласных межаў і якую можна перамагчы.
Як далёка можа дацягнуцца Украіна
Фармальна радыус украінскіх атак надзвычай вялікі — больш за 900 км. Аднак гэтая лічба не мусіць уводзіць у зман. Насамрэч ільвіная доля атак і абстрэлаў прыпадае на памежныя рэгіёны — Белгародская, Бранская і Курская вобласці (па стане на лета 2023 года — каля 90%). Углыб расійскай тэрыторыі Украіна сёння здольная біць толькі пры дапамозе асобных відаў дронаў. Ракетаў вялікай далёкасці ў УСУ няма.
Беспілотнікі ў прынцыпе ніколі не заменяць ракеты. Па-першае, украінскія дроны нясуць малыя зарады выбухоўкі, якія не могуць прывесці да сур’ёзных разбурэнняў. Па-другое, дроны лягчэй знішчаць або збіваць з курсу. Задачу па знішчэнню ў глыбокім тыле штабоў, пунктаў кіравання, складоў узбраення, казармаў, аэрадромаў, камунікацыяў або буйных інфраструктурных аб’ектаў украінскія дроны вырашыць проста не ў стане. А без вырашэння гэтых задачаў атакі на расейскую тэрыторыю не здольныя паўплываць на ход вайны на стратэгічным узроўні.
Захад пакуль ухіляецца ад маштабных паставак Украіне дальнабойных ракетаў. Саюзнікі занепакоены тым, што Украіна пачне выкарыстоўваць іх на тэрыторыі РФ, а гэта ў сваю чаргу прывядзе да эскалацыі канфлікту. Таму ЗША дасюль не далі згоды на пастаўкі ракетаў ATACMS далёкасцю ў 300 км, а Нямеччына – авіяцыйных ракетаў «Taurus» далёкасцю да 500 км. Брытанія і Францыя наважыліся перадаць ЗСУ крылатыя ракеты класу «Storm Shadow» – SCALP-EG (далёкасць – 250 км), але ў невялікай колькасці. Акрамя таго, пакуль не фіксавалася выпадкаў, каб Украіна наносіла ўдары па расейскай тэрыторыі гэтымі ракетамі. Хутчэй за ўсё, адпаведную ўмову выставілі Лондан і Парыж.
Увогуле калі не ўсе, то большасць заходніх паставак зброі суправаджаецца патрабаваннем не выкарыстоўваюць яе на тэрыторыі РФ. Напрыклад, адпаведную ўмову агучыў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, калі вырашалася пытанне аб перадачы Украіне знішчальнікаў F-16. Хаця сказаць, што на гэты конт ёсць абсалютны кансэнсус, таксама нельга. Напрыклад, генеральны сакратара NATO Енс Столтэнберг нядаўна заявіў, што на ягоную думку Украіна мае права выкарыстоўваць самалёты F-16 для нанясення ўдараў па законных вайсковых цэлях па-за межамі Украіны.