«У кожної нації свої хвороби. У Росії — невиліковна». Да дня народзінаў Ліны Кастэнка
Сёння, 19 сакавіка, сваё 94-годдзе святкуе легендарная ўкраінская паэтэса мінуўшчыны і сучаснасці Ліна Васільеўна Кастэнка. Яна перажыла Другую сусветную вайну, савецкую акупацыю ды цяжкія нягоды. Але сёння за акном пісьменніцы зноў лётаюць не птушкі міру, а крылатыя ракеты і іншае расійскае смецце.
Ліна Кастэнка заўсёды іранічна каментуе ажыятаж, які штогод узнікае ва Украіне ў яе дзень народзінаў, і не любіць гучных фраз накшталт «каралева паэзіі» на свой адрас. Больш за тое, у 2005 годзе паэтка наадрэз адмовілася прымаць званне Герой Украіны.
«Паэтам для камунікацыі з Народам патрэбна толькі Слова. Я не вазьму ніякіх бразготак!» — сказала шасцідзясятніца. Наогул, наколькі іранічна гэта выглядае цяпер, калі парадная форма расійскіх акупантаў, марадзёраў і гвалтаўнікоў абвешана медалямі «За вяртанне Крыма» і «Аднаўленне вугальных шахт Данбасу», а жывы класік нацыянальнай літаратуры адмаўляецца ад заслужанага ўзнагароджання.
Безумоўна, Ліна Васільеўна зрабіла бясцэнны ўнёсак у развіццё ўкраінскай культуры, а таксама ў патрыятычнае выхаванне не аднаго пакалення ўкраінцаў, таму слава і прызнанне яе творчасці нацыянальным скарбам куды даражэйшыя за афіцыйнае ўганараванне.
Паэтка зусім юнай дзяўчынай перажыла Другую сусветную вайну, а ў мірныя часы свае шматлікія творы прысвячала цяжкім гадам, знявечаным нямецкімі захопнікамі і Чырвонай арміяй.
Пра выбухі, попел і ручаі крыві Кастэнка даведалася яшчэ ў дзяцінстве, знішчаным страшнай вайной, успаміны аб якой засталіся з ёю на ўсё жыццё. «Мій перший вірш написаний в окопі» — адна з яе ранніх работ, напоўненая цяжкімі перажываннямі і адсылкамі да жудасных карцін, якія адкрываюцца перад вачыма дзяцей вайны.
«Мій перший вірш написаний в окопі,
на тій сипкій од вибухів стіні,
коли згубило зорі в гороскопі
моє дитинство, вбите на війні.
Лилась пожежі вулканічна лава,
стояли в сивих кратерах сади.
І захлиналась наша переправа
шаленим шквалом полум'я й води».
У паэме адлюстраваны пачатак вайны: самыя першыя і балючыя дні, першыя крокі, што ператвараюць гарады і вёскі ў выпаленую ад вогнішча зямлю. Аўтарка падкрэслівае, што людзі жорстка пакутуюць не толькі праз самі ваенныя дзеянні, але ў першую чаргу праз успаміны, якія потым не адпускаюць нікога да апошняй хвіліны жыцця. Паэтка шчыра і праўдзіва апісвае ўбачаную вайну, раскрывае сваю душу, дзеліцца перажытым.
Напярэдадні свайго 92-годдзя, два гады таму, Ліна Васільеўна зноў прачнулася ад гукаў выбухаў а чацвёртай гадзіне ранку. Цяпер, кінуўшы нож у спіну, генацыд яе любай Украіны здзяйсняюць расійскія захопнікі.
«Я належу да пакалення, якое перажыло Другую сусветную вайну... І гэтыя бомбы ў чатыры гадзіны раніцы — я да іх звыкла з дзяцінства. Цяпер я зноў пачула тыя ж бомбы, але страшнейшыя, і мушу вам сказаць, я не спужалася. Ні разу не пайшла ў сховішча... Яно гудзе, думаю, ну няхай: заб'е — так заб'е... Першы месяц, праўда, не дужа пісалася. Першы месяц я сачыла за кожным крокам і нюансам гэтай вайны. А потым ўзяла сябе ў рукі і пачала пісаць, пісаць, і ўсё», — распавяла Ліна Кастэнка напачатку поўнамаштабнага ўварвання ў сваім першым за 12 гадоў інтэрв'ю кіеўскаму тэлеканалу «Київ».
Паэтка яшчэ ў раннім дзяцінстве засвоіла, што Расія — гэта агрэсар, які хоча здушыць і знішчыць любыя праявы ўкраінскасці. Калі маленькай Ліне было 6 гадоў, яе бацьку, настаўніка і паліглота, які самастойна вывучыў 12 моў, як «ворага народа» прысудзілі да 10 гадоў лагераў. Цэнзура забараняла пісьменніцу праз яе палітычную пазіцыю, але яна не прагіналася пад крывавым савецкім рэжымам.
У гады незалежнасці Ліна Васільеўна казала: «У кожної нації свої хвороби. У Росії — невиліковна». Словы мудрай жанчыны пацвердзіліся ў 2014 годзе, а пасля і ў 2022-ім.
Пісьменніца падтрымлівала вайскоўцаў на перадавой з самага пачатку вайны на ўсходзе Украіны. Яна далучылася да гуманітарнай акцыі «Другі фронт АТА», у рамках якой з мэтай матывацыі ды ўзняцця баявога духу перадавала жаўнерам зборнікі сваёй паэзіі.
«Гэта даўняя-даўняя імперыя, народ нявольны. Я ніколі не мела ніводнага паганага пачуцця ні да аднаго народа, а цяпер расійцаў цярпець не магу. Я ўсе трыццаць гадоў незалежнасці ведала, што Расія на нас нападзе», — расказала Ліна Кастэнка пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання.
Ці можна адным маленечкім творам апісаць тое, што назаўжды змяніла жыццё краіны?
Легендарная ўкраінская пісьменніца ўклала ўсю сутнасць ментальнасці расійцаў у 8 радкоў. Гэты верш яна ўпершыню апублікавала ў 2025 годзе, другі раз — 22 лютага 2022, за дзень да таго, як армія краіны-агрэсаркі ўварвецца ў незалежную дзяржаву па пяці асноўных напрамках.
«І жах, і кров, і смерть, і відчай,
І клекіт хижої орди,
Маленький сірий чоловічок
Накоїв чорної біди.
Це звір огидної породи,
Лох-Несс холодної Неви.
Куди ж ви дивитесь, народи?!
Сьогодні ми, а завтра – ви».
Праз некалькі тыдняў ва ўкраінскі палон трапіць першы жыхар горада на Няве, Польшча і краіны Балтыі пачнуць перадачу ўзбраення, а бацькі амаль тысячы акупантаў у інтэрв’ю журналісту Уладзіміру Золкіну два гады будуць расказваць, што яны «маленькія людзі» і «палітыкай не цікавяцца».
Сваім вершам, які таксама быў уключаны ў зборнік для перадачы вайскоўцам АТА, майстарка сучаснай украінскай літаратуры выказала сваю салідарнасць з тымі, хто змагаўся за Украіну і яе лёс. Словы твора прасякнуты агідай да тых, хто прыйшоў на яе радзіму з захопніцкімі і бесчалавечнымі жаданнямі сеяць смерць, руйнаванне, прыносіць «расійскі свет». Акрамя яскравага асуджэння дзяржавы-тэрарысткі, у тэксце ўтрымліваецца рытарычны заклік і пытанне да свету, які слепа ігнаруе пагрозу, якая сёння, ахапіўшы ўкраінскі народ, можа прыйсці і да іншых.
«Ми унікальна нація. У нас хліборобів морили голодом. Режисери ставили спектаклі у концтаборах. Поетів закопували у вічну мерзлоту. У кого ще є атомний саркофаг? А у нас є».
Са святам, Ліна Васільеўна!