Што насамрэч азначаюць заявы Макрона пра падтрымку Украіны? Тлумачыць палітолаг Яўген Магда

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што існуе высокая верагоднасць таго, што заходнія краіны накіруюць свае войскі ва Украіну. Пры гэтым ён зазначыў, што кансэнсусу наконт гэтага пытання пакуль няма. Навошта Макрон зрабіў такую гучную заяву — тлумачыць палітолаг Яўген Магда, піша «Салідарнасць».

Яўген Магда. Фота «Еўрарадыё»

Яўген Магда. Фота «Еўрарадыё»

Украінскі палітолаг распавядае пра апошнія заявы прэзідэнта Францыі наконт падтрымкі афіцыйнага Кіева.

— Гэта не эмацыйнае і не выпадковае выказванне, а добра і старанна прадуманая пазіцыя, — каментуе «Салідарнасці» апошнія заявы Эмануэля Макрона Яўген Магда. — У цяперашні час Германія, якая традыцыйна ў Еўропе была эканамічна і палітычна больш магутная, некалькі правісае, дапусцім, у пытанні перадачы Украіне ракет. 

І Макрон вырашыў вывернуць сітуацыю на сваю карысць. Робячы ўсе гэтыя недвухсэнсоўныя заявы, ён хоча прадэманстраваць, што можа быць еўрапейскім лідарам. У гэтым і ёсць разлік. Але гэта зусім не азначае, што прама заўтра французскія войскі высадзяцца на тэрыторыі Украіны. З боку Макрона, можна сказаць, гэта вялікая геапалітычная гульня.

Глядзіце таксама

З таго, што рэальна мог бы зрабіць Макрон, — напрыклад, пераканаць іншых лідараў не прызнаваць вынікі так званых прэзідэнцкіх выбараў РФ на акупаваных украінскіх тэрыторыях.

Нагадаю, Расія акупавала 20% Украіны, і гэта самая вялікая тэрыторыя Еўропы, якая трапіла пад акупацыю пасля 1945 года. Умоўна кажучы, на гэтай тэрыторыі можа размясціцца некалькі еўрапейскіх дзяржаў. І ўжо гэта само па сабе беспрэцэдэнтна. 

— Наколькі рэалістычнай выглядае перспектыва з'яўлення ва Украіне замежных войскаў, пра што казаў Макрон?

— Неабходнай для Украіны колькасці войскаў яны ўсё роўна даць не змогуць. Таму, паўтару, гэта хутчэй можна расцэньваць як сімвалічную акцыю.

Літаральна, нават калі французскія войскі апынуцца ва Украіне, гэта не будзе азначаць, што яны стануць змагацца на фронце. Яны проста падымуць свой сцяг, прадэманстраваўшы такім чынам рашучасць Макрона змагацца супраць Пуціна і не дазволіць яму перамагчы, як ён сказаў.

Яны не стануць ваяваць, на гэты конт ні ў каго нават ілюзій быць не павінна. Тым больш не варта спадзявацца на тое, што гэтыя заявы і нейкія наступныя дзеянні змогуць неяк змяніць ход падзей на фронце.

Разумееце, для таго, каб дапамагчы Украіне грашыма, трэба прымаць цяжкія пастановы, дамагацца выдзялення сродкаў з французскага або еўрапейскага бюджэту, або, дапусцім, паспрабаваць нават расійскія актывы канфіскаваць і перанакіраваць. Але гэта ўсё досыць складаныя задачы.  

Прадэманстраваць магчымасці свайго ўплыву з дапамогай абмежаванай колькасці людзей значна лягчэй. Тым больш, што ў Францыі ёсць замежны легіён, якія як раз можна выкарыстоўваць для гэтых мэтаў.

Гэта проста палітычны разлік. Таму што ў рэальнасці для Украіны пяць французскіх танкаў былі б больш карыснымі, чым нейкая колькасць жаўнераў.

Глядзіце таксама

— Наогул з нагоды паставак зброі сітуацыя цяпер не да канца зразумелая.

— Усё не настолькі трагічна, як магло б быць. Краіны ЕС узгаднілі выдзяленне 5 мільярдаў еўра на ваенную дапамогу Украіне. Іншая справа, што ў гэтай самай маштабнай сёння вайне немагчыма ўсё вырашыць нават вылучэннем астранамічнай сумы грошай.

Неабходна вырабляць зброю. Але, напрыклад, сітуацыя са снарадамі паказала, што ЕЗ не гатовы да такога маштабу. Яны абяцалі мільён снарадаў, а паставілі толькі палову, бо больш няма.

Таму што ніхто не быў гатовы да такой вайны. І такіх запасаў зброі, як у Савецкага Саюза, не было ні ў каго. І ўсе гэтыя запасы цяпер выкарыстоўвае Расія, плюс яна можа падсілкоўвацца з Паўночнай Карэі і Кітая.

А Еўропа пакуль толькі наладжвае вытворчасць, амерыканцы наогул цяпер затрымаліся ва ўнутрыпалітычнай спрэчцы. Таму, відавочна, перад Украінай стаіць досыць шмат праблем.

Глядзіце таксама