Макрон: Расійскаму сцягу няма месца на Алімпіядзе ў Парыжы

Расіі як краіне няма месца на Алімпіядзе ў Парыжы, пакуль яна здзяйсняе ваенныя злачынствы і дэпартуе дзяцей, заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Карыкатура пра Алімпіяду ў Сочы, адразу пасля якой РФ захапіла Крым.

Карыкатура пра Алімпіяду ў Сочы, адразу пасля якой РФ захапіла Крым.


Расійскаму сцягу няма месца на Алімпійскіх гульнях у Парыжы, пакуль Расія здзяйсняе ваенныя злачынствы ва Украіне. Пра гэта заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у інтэрв'ю французскай спартыўнай газеце «L'équipe».

«Відавочна, што на Гульнях у Парыжы не можа быць расійскага сцяга, я думаю, што з гэтай нагоды ёсць кансэнсус, — сказаў Макрон. — Расіі як краіне няма месца ў той час, калі яна здзяйсняе ваенныя злачынствы і дэпартуе дзяцей».

Увесну Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў дазволіць спартсменам з Расіі і Беларусі выступаць на міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе ў індывідуальных дысцыплінах.

Спартсменам таксама неабходна выканаць пэўныя ўмовы: яны, у прыватнасці, не павінны былі выступаць з падтрымкай уварвання Расіі ва Украіну і мець сувязі з расійскай або беларускай арміяй, а таксама з сілавымі структурамі абедзвюх краін.


Глядзіце таксама

«Сапраўднае пытанне, якое трэба будзе вырашыць алімпійскаму свету: якое месца адвесці расійскім спартоўцам, якія часам рыхтаваліся [да спаборніцтваў] усё жыццё, але могуць аказацца ахвярамі гэтага рэжыму», — сказаў Макрон у інтэрв'ю «L'équipe».

Паводле яго, важна адрозніваць спартоўцаў, якія фактычна з’яўляюцца саўдзельнікамі дзеянняў расійскіх улад, і тых, хто стаў ахвярай рэжыму. У гэтым сэнсе МАК павінен прыняць справядлівае і зразумелае ўкраінцам рашэнне.

«Гэта той баланс, які нам трэба будзе забяспечыць», — дадаў французскі прэзідэнт.

Летнія Алімпійскія Гульні пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня 2024 года.

Паводле ВВС