МАК не дапусціць беларусаў і расійцаў да Алімпіяды-2024 у анансаваную дату 26 ліпеня
Пастанова прынятая ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі Міжнародным алімпійскім камітэтам у дачыненні да расійскага і беларускага спорту праз вайну ва Украіне. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу МАК.

Фота olympics.com
Міжнародны
алімпійскі камітэт (МАК) 26 ліпеня разашле запрашэнні на Алімпійскія Гульні
2024 года ў Парыжы 203 Нацыянальным алімпійскім камітэтам (НАК). Алімпійскі камітэт
Расіі і НАК Беларусі не ўвайшлі ў гэты пералік.
Такая пастанова
прынятая ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі МАК у дачыненні да расійскага і
беларускага спорту праз ваенны напад на Украіну ў лютым 2022 года. Таксама МАК
не накіруе запрашэнне на Алімпіяду НАК Гватэмалы, адхіленаму з верасня 2022
года.
У МАК адзначылі,
што канчатковая пастанова аб допуску расійскіх і беларускіх спартоўцаў будзе
прынятая арганізацыяй «ў адпаведны час».
Нагадаем, МАК 28 сакавіка рэкамендаваў дапускаць расійскіх і беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах выключна ў якасці нейтральных атлетаў, прычым толькі тых, хто публічна не выказваўся ў падтрымку «спецыяльнай ваеннай аперацыі» і не звязаны з узброенымі сіламі або органамі нацыянальнай бяспекі двух рэжымаў. Прапановы МАК носяць рэкамендацыйны характар і не датычацца маючых адбыцца Алімпійскіх гульняў. Крытэрыі допуску расійцаў павінны быць вызначаны міжнароднымі спартыўнымі федэрацыямі.
Глядзіце таксама

Што гэта азначае?
Цяжка сказаць,
чым выкліканы перанос вынясення рашэння датычна атлетаў з Расіі і Беларусі. Магчыма, у МАК
спадзяваліся, што напрыканцы ліпеня баявыя дзеянні ва Украіне калі не спыняцца,
то неяк лакалізуюцца. Але гэтага не адбылося. Хутчэй, наадварот, дзве
дзяржавы-агрэсары нарошчваюць эскалацыю, хай збольшага пакуль толькі ў
рыторыцы.
Так ці інакаш, але
заявы пра хуткае размяшчэнне расійскай ядзернай зброі не дадаюць спакою Захаду.
Як і анансаваная перадыслакацыя ў Беларусь галаварэзаў з прыгожынскай ПВК
Вагнера.
Кажучы цяпер, што
пытанне будзе разгледжана пазней («у адпаведны час»), МАК нібыта намякае на свій
спадзеў, што сітуацыя ва Украіне ўсё ж неякім чынам стабілізуецца. Характэрна,
што цяпер у Міжнародным камітэце не называюць канкрэтных датаў.
Відавочна, што ва ўмовах ядзернай рыторыкі і ваенных злачынстваў, якія працягваюць здзяйсняць акупанты ва Украіне, гасцінна запрашаць прадстаўнікоў дзяржаў-агрэсараў на Алімпіяду рызыкоўна. Гэта можа выклікаць розные эксцэсы як падчас спаборніцтваў, так і сярод заўзятараў. Пры гэтым пэўную ролю адыгрывае і пазіцыя Украіны, якая можа адмовіцца ўдзельнічаць у Гульнях у выпадку допуску да іх расійцаў і беларусаў.