«МАК будзе шукаць кампраміс, каб дапусціць беларускіх і расійскіх спартоўцаў да Алімпіяды»
Такім кампрамісам можа быць допуск беларускіх і расійскіх спартоўцаў, якія адкрыта выказалі антываенную пазіцыю, да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях пад нейтральным сцягам, лічыць палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька.
ПАРЕ заклікала Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) і спартовыя федэрацыі, якія ўваходзяць у яго склад, забараніць удзел беларускіх і расійскіх спартоўцаў у наступных Алімпійскіх гульнях, а таксама ва «ўсіх іншых буйных спартыўных імпрэзах» да таго часу, «пакуль працягваецца захопніцкая вайна Расіі ва Украіне».
Але ПАРЕ ўпаўнаважана прымаць толькі рэкамендацыйныя рашэнні, у гэтым пытанні апошняе слова застаецца за Міжнародным алімпійскім камітэтам.
Пра магчымыя наступствы рашэння ПАРЕ «Новы Час» пагутарыў з палітычным дарадцам Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкай супрацы Анатолем Лябедзькам.
— ПАРЕ не прымае законаў прамога дзеяння, выдае толькі рэкамендацыі, таму апошняе слова застаецца за Міжнародным алімпійскім камітэтам.
ПАРЕ разглядала пытанне: дапускаць спартоўцаў з Беларусі і Расіі да Алімпіяды 2024 года ў Парыжы ці не дапускаць, дапускаць тых спартоўцаў, якія адкрыта выказалі сваю антываенную пазіцыю, ці ўсіх, дапускаць пад нейтральным сцягам ці пад любым? Калі гэта пытанне ўжо абмяркоўваецца на ПАРЕ, значыць існуе праблема. ПАРЕ прызнала, што спорт сёння — частка палітыкі, і заўсёды быў часткай палітыкі. Памятаеце, як ГДР ці іншыя краіны сацлагера ўкладваліся ў сваіх спартоўцаў, каб тыя далі прыкурыць амерыканцам? Памятаеце, як хваравіта дыхаюць у бок спорту беларускі правіцель і той жа Пуцін? Спорту па-за палітыкай няма.
Як паставяцца ўрады да прынятай рэкамендацыі ПАРЕ? Калі бельгійская дэлегацыя галасуе за забарону ўдзелу беларускіх і расійскіх спартоўцаў у Алімпіядзе, то гэта азначае, што еўрадэпутаты ад Бельгіі прыкладуць максімум намаганняў, каб давесці сваю пазіцыю да ўрада краіны.
Я б не перабольшваў, але і не стаў бы змяншаць значэнне гэтай рэзалюцыі. А ПАРЕ прагаласавала за поўнае табу для ўсіх спартоўцаў — і беларускіх, і расійскіх — для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях.
— Аднак канчатковае рашэнне прымае МАК, які, мяркуючы па ўсім, не згодны з ПАРЕ...
— Украіна паказала досыць рэзкую рэакцыю на магчымы допуск спартоўцаў з Беларусі і Расіі да Алімпійскіх гульняў, якая можа прывесці да байкоту Алімпійскіх гульняў. Фактычна прагучаў палітычны ўльтыматум.
Але МАК будзе шукаць кампраміс, сярэдняе рашэнне. Хутчэй за ўсё, яно будзе палягаць у тым, каб дапусціць беларускіх і расійскіх спартоўцаў, якія адкрыта выказалі антываенную пазіцыю, да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях пад нейтральным сцягам.