Рубель не пахне. Сусветны спорт вяртае беларусаў

Поўны агляд таго, што адбываецца ў свеце спорту адносна беларусаў. Нагадаем, яшчэ 28 лютага 2022-га МАК рэкамендаваў для іх поўную міжнародную ізаляцыю. Нешта пайшло не так.

sport_5_2.jpg

У статусе вайны нічога не памянялася, аднак з пачатку 2023-га камітэт рабіў заявы наконт магчымага вяртання атлетаў, а цяпер выдаў канкрэтны алгарытм: вярнуць у нейтральным статусе індывідуалаў (ніякіх каманд), якія не выказвалі «актыўнай падтрымкі» вайны і не маюць кантрактаў з ваеннымі і сілавымі ведамствамі, піша «Трыбун*».
Вядома, гэтага не мог ухваліць украінскі спорт — там застаюцца на пазіцыях за татальны бан на час вайны, а ўлады краіны збіраюцца пазбаўляць статусу і фінансавання тыя ўкраінскія федэрацыі, чые прадстаўнікі пагодзяцца спаборнічаць з беларусамі і расіянамі. Але тых, хто не гатовы вяртаць прадстаўнікоў краін-агрэсараў, хапае і па-за Украінай — недзе расіян і беларусаў не дапускаюць цэнтралізавана, а недзе адмаўляюцца мець з імі справу на месцах. Вось як не рады бачыць беларускіх (як і расійскіх) спартсменаў у свеце.

Бокс
У гэтым відзе спорту ёсць цікавы падзел на аматараў і прафесіяналаў — прычым у Алімпійскіх гульнях удзельнічаюць фармальна аматары. За іх турніры адказвае Міжнародная асацыяцыя бокса (IBA), якая з 2019-га знаходзіцца пад адхіленнем МАК. Тады асацыяцыю накрыў унутраны крызіс: функцыянеры вінавацілі адзін аднаго ў неэфектыўным кіраванні, тым часам у IBA раслі даўгі. У выніку вырашыць праблемы пагадзіліся простым спосабам — расійскімі грашыма.

У 2020-м IBA ўзначаліў прапуцінскі прамоўтар Умар Крамлёў — да вяселля ён насіў прозвішча Лутфулоеў і меў судзімасць за вымагальніцтва і пабоі.

Крамлёў прывёў у IBA ў якасці галоўнага спонсара блізкі да расійскага рэжыму «Газпрам», і фінансавыя праблемы былі вырашаны.

З пачаткам вайны IBA адхіліла беларускіх і расійскіх спартсменаў, але Крамлёў адразу пачаў казаць, што для яго гэта няправільна. У траўні 2022-га функцыянера пераабралі кіраўніком IBA, скандальна адхіліўшы ад выбараў адзінага суперніка, а ўжо 5 кастрычніка 2022-га IBA вярнула спартсменаў з краін-агрэсараў — у парушэнне галоўнага наказу МАК, з дазволам на дзяржсімволіку. Пры гэтым асацыяцыя Крамлёва раптам заявіла, што толькі жаночы і мужчынскі ЧС-2023, якія яна ладзіць, будуць кваліфікацыйнымі на АГ-2024. МАК, які не адмяняў адхілення IBA, такім «навінам» моцна здзівіўся і нагадаў, што для АГ-2024 камітэтам арганізаваны ўласны адбор, і ніякіх іншых адбораў не будзе. Больш за тое, бокс прыгразілі наогул выключыць з праграмы Гульняў, калі IBA перападпіша кантракт з «Газпрамам».
Аднак IBA ўсё яшчэ спрабуе змагацца з МАК: заклікала камітэт забраць кваліфікацыйны статус у Еўрапейскіх гульняў у Польшчы, куды не дапусцяць прадстаўнікоў Беларусі і Расіі, а калі зразумела, што наўрад ці даможацца гэтага, аб'явіла ўласны спіс «ухваленых» да ўдзелу ў ЕГ з чатырма прарэжымнымі падпісантамі (якіх, як і астатніх беларускіх і расійскіх баксёраў, палякі ўсё роўна не дапусцяць).
Але для нацыянальных федэрацый шмат якіх краін допуск беларускіх і расійскіх баксёраў стаў фактарам незадаволенасці. Гэтым і тлумачыцца тое, што чэмпіянат свету IBA наткнуўся на мноства байкотаў. На жаночы турнір, які прайшоў у сакавіку ў Індыі, не паехалі 20 краін. Многія з іх адразу аб'явілі, што адмаўляюцца ад удзелу і ў мужчынскім турніры, што запланаваны на май ва Узбекістане. Туды не адправяцца Украіна, Польшча, ЗША, Швейцарыя, Нідэрланды, Ірландыя, Чэхія, Швецыя, Канада, Германія і Нарвегія, а 4 красавіка да іх далучылася і Вялікабрытанія. Яе асацыяцыя нагадала, што «асуджае ўварванне Расіі ва Украіну і выказвае салідарнасць з народам Украіны». Краіны, якія пайшлі на байкот, плануюць правесці ўласныя альтэрнатыўныя спаборніцтвы.
Увогуле, белбокс удзельнічае ў чэмпіянаце свету ад IBA (у гэтыя дні стартуе мужчынскі), у апошні час у нейкіх «палітычных» выказваннях не заўважаны і, думаецца, дастаткова спакойна чакае запрашэння ад МАК у камітэцкую сістэму адбору на АГ — усё ж сам орган павінен выконваць свае рэкамендацыі па допуску беларускіх спартоўцаў, хіба што пару чалавек з «сілавікоў» са складу зборнай могуць «праляцець».
Фехтаванне
Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) рашэнне вярнуць беларускіх і расійскіх спартсменаў прыняла на агульным галасаванні 10 сакавіка, напярэдадні пачатку адбору да Алімпіяды, прычым як у індывідуальных спаборніцтвах, так і ў камандных. Праўда, ні ў якім заліку беларускія фехтавальшчыкі даўно нічога не паказваюць.

Фота: «Трыбун*»

Фота: «Трыбун*»

Шэраг спартсменаў высокага ўзроўню, у тым ліку ўкраінская чэмпіёнка АГ Вольга Харлан, абурыліся такому рашэнню і выступілі супраць яго (выніковы ліст у FIE падпісалі 318 чалавек). А ўсяго праз пару дзён аказалася, што афіцыйныя асобы расійскага фехтавання, з якіх таксама знялі бан, працягваюць адкрыта падтрымліваць вайну.
Наўпрост байкатаваць FIE не так лёгка, як у боксе: тут федэрацыя мае прызнанне МАК, кіруе адборам на АГ і можа адказаць дыскваліфікацыяй. Таму нацыянальныя федэрацыі абралі іншы шлях — яны масава адмяняюць спаборніцтвы, каб не пусціць расійскіх і беларускіх спартсменаў, прынамсі, на сваю тэрыторыю:
•‎ 16 сакавіка ў Германіі адмовіліся ад этапа жаночага Кубка свету па рапіры;
•‎ 20 сакавіка ў Фінляндыі паведамілі пра адмену турніру сатэлітнай серыі (на адну прыступку ніжэйшы за Кубак свету);
• 30 сакавіка ў Даніі адмянілі міжнародны турнір і заявілі, што ў цэлым не гатовы яго прымаць у сітуацыі допуску прадстаўнікоў краін-агрэсараў;
•‎ 31 сакавіка ў Францыі адмовіліся ад этапа мужчынскага Кубка свету па шпазе;
• 5 красавіка ў Польшчы заявілі, што не будуць праводзіць этап жаночага Кубка свету па рапіры.
Тым часам украінская федэрацыя падала пазоў у CAS для адмены рашэння FIE па допуску расіян і беларусаў — угледзелі ў галасаванні «шэраг працэдурных парушэнняў». Гэта цікава яшчэ і таму, што федэрацыю ва Украіне з нядаўніх часоў узначальвае адзін з найлепшых адвакатаў краіны Міхаіл Ільяшаў.
Што да беларускай рэакцыі, выканаўца абавязкаў кіраўніка беларускай федэрацыі фехтавання Віталь Сакалоўскі адразу пасля скасавання бана заяўляў, што «большасць федэрацый хочуць бачыць на спаборніцтвах» беларускіх спартсменаў, і з таго часу новай рыторыкі не выдаваў. З боку саміх фехтавальшчыкаў вядомы адзін каментар — беларускі шабліст Сяргей Кісель ніякага разбану асабіста для сябе не чакае. Такіх па статусе, як ён, у асноўным складзе зборнай пяцёра з дзесяці.
З улікам вынікаў Кісяля, ірвацца на міжнародную арэну яму і не варта.

Барацьба

Пра зняцце міжнароднага бана ў гэтым відзе аб'явілі 4 красавіка. Неўзабаве пасля гэтага прарэжымны кіраўнік беларускай федэрацыі Алім Сялімаў даў цынічны каментар, маўляў, барцы павінны сябраваць нягледзячы ні на што (відавочна, нават на тое, што адзін можа прагнуць забіць другога).
Праўда, «выразнае разуменне» пра допуск да гэтага часу ёсць толькі па юніёрах, ад якіх Сялімаў у абавязковым парадку чакае «медалі, пажадана золата», ужо на летніх ЧЕ і ЧС. Па дарослых, як заўважыў барэц з подпісам за рэжым Кірыл Маскевіч, «няма ніякай канкрэтыкі», але ён спадзяецца на допуск да АГ. З іншых каментароў (брыгада дзяржТБ прыйшла да барцоў на трэніроўку і наздымала адразу шмат) вылучаецца пафас прарэжымнага падпісанта Паўла Ляха наконт таго, што беларускі ўдзел патрэбны нібыта «для прыцягнення гледачоў, спонсараў». А натуралізаваны дагестанец Радзік Куліеў узгадаў мантру пра сем'і (рэжыму, за які ён падпісаўся, на гэты аргумент даўно пляваць).

Веславанне

У акадэмічным веславанні рашэнне пра допуск пакуль не пераглядаюць — толькі стварылі працоўную групу. А вось у веславанні на байдарках і каноэ 29 красавіка абвясцілі, што гатовы дазволіць спаборнічаць беларускім і расійскім спартсменам.

Адбылося гэта на фоне таго, што 28 красавіка расійская ракета разбурыла жылы дом ва Умані (загінулі не менш як 25 чалавек) — літаральна за некалькі сотняў метраў ад месца, дзе знаходзіліся члены вяслярнай зборнай Украіны, бо ў тым жа горадзе ў гэты ж дзень праходзіў Кубак краіны. Аднак трагедыя і новыя заклікі ўкраінскіх спартсменаў захаваць бан не кранулі «міжнароднікаў».


Міжнародная федэрацыя (ICF) пры гэтым будзе зацвярджаць для ўдзелу тых, хто падасць заяўкі — для гэтага беларускія і расійскія спартсмены павінны быць згодны на нейтральны статус і, паводле фармулёўкі ICF, «не падтрымліваць дзеянні сваёй дзяржавы ва Украіне». І тут становіцца цікава, ці будуць увогуле беларускія спартсмены падаваць такія заяўкі. Напрыклад, прарэжымная вяслярка Марына Літвінчук выказала нядаўна гарачае жаданне ехаць на АГ з дзяржсімволікай, бо «толькі на Гульнях не спявала гімн» (таму што не змагла там перамагчы ў свае пікавыя гады). А трэнер-дыктатар зборнай Уладзімір Шантаровіч, таксама падпісант за рэжым, дапускае нейтральны статус, але вельмі не хоча пагаджацца «нешта падпісаць, нешта заявіць» — для яго гэта «падобна да бязмежжа», і наогул «у свеце каля 70 узброеных канфліктаў, а акцэнт толькі на адным».

Сучаснае пяцібор'е

19 красавіка міжнародная федэрацыя пентатлона афіцыйна вырашыла, што будзе прытрымлівацца новых рэкамендацый МАК, і аб'явіла «поўную падтрымку структурнага вяртання да спаборніцтваў для індывідуальных спартсменаў з пашпартамі Расіі і Беларусі». Вось толькі камісія, якую павінны стварыць для праверкі на крытэры ад МАК, пагражае працягам бана зборнай Беларусі практычна ў поўным складзе, бо 11 з 12 членаў асновы маюць дачыненне да сілавых структур. Вядома, у іх лік уваходзяць і яркія прарэжымніцы кшталту Анастасіі Пракапенка і Вольгі Сілкінай, якія выдавалі бравыя спічы пра адхіленне: першая заяўляла, што беларуска-расійскія «спаборніцтвы лепшыя за міжнародныя», другая выказвала ўпэўненасць, што «тыя, хто прыняў рашэнне [пра бан], зрабілі горш найперш сабе». Праўда, з пачатку гэтага года ніхто з пяцібор'я гучных заяў не рабіў.


Іншыя віды

Ёсць спартыўныя падзеі, куды беларускіх і расійскіх спартсменаў адмаўляюцца дапускаць нягледзячы на рэкамендацыі МАК. Напрыклад, гэта Еўрапейскія гульні-2023 — спаборніцтвы, якія чатыры гады таму прымаў Мінск, цяпер запланаваны на чэрвень у польскім Кракаве. «Наша рашэнне не дапускаць да ўдзелу Расію і Беларусь з'яўляецца выдатным знакам для ўсіх відаў спорту ў Еўропе, мы не можам пагадзіцца з якой-небудзь агрэсіяй», — заявіў прэзідэнт аргкамітэта Еўрапейскіх гульняў Марцін Новак.
Супраць і некаторыя міжнародныя федэрацыі. Напрыклад, у біятлоне не збіраюцца тут жа пераглядаць рашэнне аб ізаляцыі нягледзячы на новыя рэкамендацыі МАК: у Міжнародным саюзе біятланістаў заявілі, што «прычыны, якія прывялі да рашэння [адхіліць], застаюцца ў сіле». З гэтага адказу вынікае, што IBU не хоча нічога мяняць да канца вайны. А 20 красавіка адмовілася здымаць міжнародны бан федэрацыя водных лыж — неалімпійскага віду, у якім у белспорта па жыцці была куча медалёў.

У конным спорце знайшлі іншую прычыну, каб не здымаць бан. Міжнародная федэрацыя гэтага віду спорту заявіла, што не можа ацаніць размытыя крытэры МАК для спартсменаў, такія, як «нейтральнасць» (у цэлым самае незразумелае — што такое «актыўная падтрымка» вайны і як вымераць гэтую актыўнасць). Зрэшты, і тут беларускім спартсменам асабліва няма чаго лавіць, а адну з найлепшых конніц краіны Вольгу Сафронаву проста выціснулі са спорту за грамадзянскую пазіцыю, таму цяпер яна бярэ медалі ў Польшчы.

Выклікае ўсмешку сітуацыя ў цяжкай атлетыцы — праз выказванні ў пачатку сакавіка намесніка старшыні беларускай федэрацыі Віталя Крэйдзіча. Функцыянер запэўніваў, што сусветнай федэрацыяй кіруе «вялікі сябар» і таму для штангістаў ледзь не спецыяльна выбудоўваюць праграму, каб беларускія спартсмены «маглі кваліфікавацца на АГ нягледзячы на ўсе забароны». Здаецца, калі ўсё так, то пасля новых рэкамендацый МАК цяжкаатлетаў з Беларусі і Расіі павінны былі адразу ж вярнуць. Але не — міжнародная федэрацыя толькі заявіла, што «ўважліва вывучыць» рэкамендацыі, каб «вызначыць, ці можна іх прымяніць да цяжкай атлетыкі». Пакуль жа бан застаецца ў сіле.

Недзе беларускіх спартсменаў збіраюцца дапускаць у хуткім часе. Фармалізаваць гэта рашэнне 18 мая гатовы ў парусным спорце. Пра тое, што пытанне адмены санкцый, хутчэй за ўсё, станоўча вырашыцца ў траўні, паведамілі ў настольным тэнісе. На травень спадзяецца і прарэжымная кіраўніца беларускага веласпорту Наталля Цылінская — ды яшчэ і лічыць, што яе падапечным міжнародная федэрацыя нешта вінаватая дадаткова. З нецярпеннем чакае вяртання і прарэжымны падпісант з веласпорту Яўген Каралёк — хоць яшчэ ў канцы 2022-га яму было добра і з банам.

Ёсць федэрацыі, у якіх з МАК у цэлым пагадзіліся, але выбудоўваюць працяглыя працэсы. Так, федэрацыяплавання заявіла пра падтрымку новых рэкамендацый яшчэ 6 красавіка — але адразу дадала, што спецыяльная працоўная група будзе фарміраваць парадак гэтага працэсу як мінімум да ліпеня. А Міжнародны саюз канькабежцаў і пачынаць абмеркаванне збіраецца ці то ў чэрвені, ці то ў кастрычніку. А ў стральбе (як спартовай, так і з лука) наогул не называюць дакладных тэрмінаў — проста паведамляюць, што пачынаюць працаваць над крытэрамі допуску і механізмам праверкі на нейтральнасць.

Яшчэ адзін прыклад: у пачатку красавіка кіраўнік федэрацыі гімнастыкі японец Марынары Ватанабе нават прыехаў ва Украіну і сустрэўся з мясцовымі ўладамі — заявіў ім, што палітычна падтрымлівае Украіну, а вось як функцыянер будзе абараняць «права ўдзелу ў спаборніцтвах для расійскіх і беларускіх гімнастаў, недатычных да вайны». Вось толькі за месяц правы не вярнулі, а «мастачка» з подпісам за рэжым Аліна Гарнасько ўсё часцей жаліцца, як ёй дрэнна без звыклай міжнароднай арэны. Хаця ўкраінская гімнастка Ганна Рызатдзінава такія «праблемы мірных людзей» не ўспрымае: «У Гарнасько і іншых спартсменак у сацсетках свая рэчаіснасць: кубачак кавы, новы добры дзень. Для мяне гэтых людзей ужо не існуе».

У некаторых федэрацыях пакуль акцэнтавана не зрэагавалі на новыя ўказанні МАК. Зрэшты, наперадзе ў іх усё роўна свае пасяджэнні выканкамаў і іншых органаў — і тэма непазбежна будзе паднята. Застаецца толькі дачакацца, якімі будуць рашэнні. Мы плануем абнаўляць гэты пост па меры паступлення новай інфармацыі.

МАК таксама заявіў, што не будзе прасіць у федэрацый мяняць сістэмы адбору на АГ-2024 пад беларусаў і расіян, калі нават ключавыя спаборніцтвы ў іх ужо прайшлі. А кіраўнік рэжымнага алімпійскага камітэта

Віктар Лукашэнка заявіў, што яго спартсмены будуць спаборнічаць толькі «пры павазе» да іх, абыходзячыся без таго, каб «кідацца ў вір, толькі б дапусцілі».