Святлана Ціханоўская: Спартоўцы, якія падтрымліваюць вайну, не павінны выступаць на Алімпійскіх гульнях

«Спартоўцы, якія падтрымліваюць рэпрэсіі, фальсіфікацыі і вайну ва Украіне, не павінны ўдзельнічаць у Алімпіядзе. Ні пад якім сцягам — ні пад дзяржаўным, ні пад расійскім, ні пад нейтральным» — лічыць дэмакратычная лідарка Беларусі.

Фота: flickr.com/photos/tsikhanouskaya

Фота: flickr.com/photos/tsikhanouskaya


Святлана Ціханоўская ў нечым нават абурылася тым, што ўсур’ёз абмяркоўваецца допуск на Алімпіяду спартоўцаў з Расіі і Беларусі, якія падтрымліваюць рэжымы ў гэтых краінах — хай і пад нейтральным сцягам.

— У тыя дні, калі свабодную спартсменку Надзею Астапчук паўтара месяца ўтрымліваюць у катавальных умовах на Акрэсціна, а затым адпраўляюць на «пакаяльнае інтэрв'ю», у свеце сур'ёзна абмяркоўваюць, ці можна дапускаць спартсменаў рэжыму і Расіі на Алімпіяду.

З 2020 года беларускія спартсмены масава выказаліся супраць фальсіфікацый, рэпрэсій і катаванняў. На іх заводзілі крымінальныя справы, іх саджалі ў турмы, пазбаўлялі кар'еры. Яны выступілі супраць рэжыму — і страцілі магчымасць трапіць на Алімпіяду.

Прарэжымныя спартоўцы, такія, як Максім Недасекаў, не бачаць нічога дрэннага ў рэпрэсіях і катаваннях. Яны не бачаць злачынстваў Расіі ў вайне і адкрыта падтрымліваюць рэжым.

Нягледзячы на рэпрэсіі спартыўнай грамадскасці ў Беларусі, такіх спартсменаў дапусцілі на Алімпіяду ў Токіа. Нягледзячы на спробу гвалтоўна звезці ў Беларусь лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую, іх дапусцілі на Алімпіяду ў Пекін. І нават нягледзячы на саўдзел рэжыму ў вайне Расіі супраць Украіны, іх збіраюцца дапусціць на Алімпіяду ў Парыжы.

А сумленных беларускіх спартоўцаў, якія ўвесь гэты час змагаліся з рэжымам і выступалі супраць вайны, на Алімпіядзе не будзе — таму што рэжым не дае ім магчымасці браць удзел у спаборніцтвах.

Нічога агульнага са справядлівасцю тут няма. Я падтрымліваю пазіцыю фонду спартыўнай салідарнасці. Спартоўцы, якія падтрымліваюць рэпрэсіі, фальсіфікацыі і вайну ва Украіне, не павінны ўдзельнічаць у Алімпіядзе. Ні пад якім сцягам — ні пад дзяржаўным, ні пад расійскім, ні пад нейтральным.