Каманда Ціханоўскай прадставіла ўзнагароду за «выключную адданасць у служэнні Беларусі»

Аб'яднаны пераходны кабінет, які ўзначальвае Святлана Ціханоўская, прадставіла «серабрыстую «Пагоню» ў лаўровым вянку». Як адзначае прэс-служба АПК, гэтую ўзнагароду будуць уручаць асобам, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі.

Фота АПК

Фота АПК

Медаль называецца «Гонар і Годнасць», ён зацверджаны пастановай кабінету №3.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні АПК Аліна Коўшык, якой была даручана гэтая справа, пракаментавала пастанову:

— Медаль «Гонар і Годнасць», які мы ўжо вырабілі, — гэта медальён серабрыстага колеру з выявай «Пагоні» ў лаўровым вянку, з надпісам «Беларусь перадусім» на адваротным баку. Гэта адлюстроўвае гонар Айчыны за чалавека, які выключным чынам праявіў сябе ў служэнні ёй.

Галоўным элементам сюжэту медаля з'яўляецца герб «Пагоня» ў характэрнай ізаграфіі, якая прыпісваецца мастаку Язэпу Драздовічу. Лаўровы вянок узяты з найбуйнешага манетнага намінала часоў ВКЛ — залатога партугала Жыгімонта Аўгуста 1562 года, які выкарыстоўваўся пераважна ў якасці ўзнагароды за службу. Сабраныя разам яны звяртаюць увагу на пераемнасць паміж ВКЛ і Беларуссю, на наяўнасць у беларусаў сваёй даўняй традыцыі ўзнагародаў за заслугі перад радзімай. Надпіс «Беларусь перадусім» акцэнтуе ўвагу на заслугі перад Беларуссю і яе народам.

Блакітны колер стужкі медаля падкрэслівае чысціню неба над Беларуссю. Бела-чырвона-белая ўстаўка адсылае да колераў беларускага нацыянальнага сцягу. Срэбраны колер у геральдыцы азначае сумленнасць, ахвярнасць і бескарыслівасць.

Паводле слоў Аліны Коўшык, медаль распрацоўвалі «найлепшыя беларускія геральдысты, гісторыкі, дзеячы культуры». Фінансаваўся выраб медалёў за кошт дабрачыннага прыватнага ахвяравання, імя ахвярадаўцы не называецца па яго просьбе.

— Выбіраць тых годных асобаў, якія вартыя ўзнагароды, будзе адмысловая камісія, склад якой зацвердзіла кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, — паведаміла Аліна Коўшык. — Ужо зусім хутка мы абвесцім імёны  беларусаў, якія першымі атрымаюць гэтую ўзнагароду.  Некаторыя з іх, па меркаваннях бяспекі, будуць узнагароджаны непублічна.

Само ўзнагароджанне, згодна з пастановай Кабінета, мусіць адбывацца ў выглядзе ўрачыстай цырымоніі з удзелам кіраўніцы Кабінета Святланы Ціханоўскай.

Нагадаем, летась у лістападзе Рада БНР заснавала медаль «Пагоні». Тады паведамлялася, што гэтым медалём будуць адзначаны ахвяры лукашэнкаўскага рэжыму падчас пратэстаў 2020 года і тыя, хто загінуў ва Украіне падчас Рэвалюцыі годнасці і ў наступным змаганні з расійскай агрэсіяй.

Першымі лаўрэатамі медаля «Пагоні» сталі пратэстоўцы 2020 года, якія загінулі ў перыяд паслявыбарчых пратэстаў альбо ў зняволенні: Вітольд Ашурак, Раман Бандарэнка, Мікіта Крыўцоў, Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Канстанцін Шышмакоў.

Таксама медалём «Пагоні» ўзнагароджаны беларускія ваяры, якія загінулі на вайне ва Украіне ў 2022 годзе: Зміцер Апанасовіч, Аляксей Вешчавайлаў, Павел Волат, Васіль Грудовік, Канстанцін Дзюбайла, Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Зміцер Рубашэўскі, Аляксей Скобля, Ілля Хрэнаў, Вадзім Шатроў.