Рада БНР заснавала медаль «Пагоні». Ім узнагародзяць беларусаў, загінулых падчас пратэстаў і ва Украіне

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціла пра заснаванне новай узнагароды — медаля «Пагоні». Першымі беларусамі, адзначанымі гэтым медалём, стануць ахвяры лукашэнкаўскага рэжыму падчас пратэстаў 2020 года і тыя, хто загінуў ва Украіне падчас Рэвалюцыі годнасці і ў наступным змаганні з расійскай агрэсіяй.

316414908_510403114450392_8010464164230056923_n.jpg

Пра заснаванне новай узнагароды паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Яна паведаміла, што медаль «Пагоні» вырашана заснаваць да чарговых угодкаў Слуцкага збройнага чыну.

«Хачу скарыстацца гэтай нагодаю, каб у гэты важны для кожнага беларуса дзень абвесьціць пра заснаваньне новай узнагароды Рады Беларускай Народнай Рэспублікі: мэдаля «Пагоні». Гэтым мэдалём Рада БНР да складаньня сваіх паўнамоцтваў будзе адзначаць выбітныя заслугі перад Беларусьсю і беларускім народам», — напісала Івонка Сурвіла.

Яна ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціла і пра першае ўзнагароджанне медалём. Яго атрымае 21 беларус, на жаль, пасмяротна. 

Лаўрэатамі сталі ахвяры лукашэнкаўскага рэжыму, якія загінулі ў перыяд паслявыбарчых пратэстаў альбо ў зняволенні: Вітольд Ашурак, Раман Бандарэнка, Мікіта Крыўцоў, Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Канстанцін Шышмакоў.

Таксама медалём «Пагоні» ўзнагароджаны беларускія ваяры, якія загінулі на вайне ва Украіне ў 2022 годзе: Зміцер Апанасовіч, Аляксей Вешчавайлаў, Павел Волат, Васіль Грудовік, Канстанцін Дзюбайла, Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Зміцер Рубашэўскі, Аляксей Скобля, Ілля Хрэнаў, Вадзім Шатроў.

Будуць адзначаны ўзнагародай БНР і беларусы, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасці і ў першай фазе вайны з расійскай агрэсіяй: Міхаіл Жызнеўскі, Мікалай Ільін, Алесь Чаркашын, Віталій Ціліжэнка.

«Наш абавязак — шанаваць памяць гэтых герояў і працягнуць іхную барацьбу», — адзначыла Івонка Сурвіла.