Такі Банапарт нам не патрэбны! Чаму французам не зайшоў фільм пра імператара

Французы эмацыйна адрэагавалі на новы фільм Рыдлі Скота «Напалеон», прэм'ера якога адбылася на мінулым тыдні. Стужку ахарактарызавалі як «вельмі антыфранцузскую».

Кадр з фільма «Напалеон» (2023)

Кадр з фільма «Напалеон» (2023)

Напалеон прысутнічае на вялікім экране ад пачатку ўзнікнення кінематографа. Яшчэ да Першай сусветнай вайны (гэта значыць, у эпоху нямога кіно) у Францыі, Італіі, Германіі, Расіі, ЗША гэты гістарычны персанаж можна было ўбачыць прыкладна ў 180 фільмах. А паводле сайта www.napoleon.org, да 2015-га колькасць фільмаў пра Банапарта пераваліла за тысячу.

З улікам такой статыстыкі ідэю вядомага рэжысёра Рыдлі Скота зняць чарговы біяпік пра Банапарта можна лічыць вельмі амбіцыйным праектам. Экранізаваць біяграфію Напалеона ў новым незвычайным разрэзе было апрыёры цяжкай справай.

У выніку першыя рэцэнзіі на карціну аднадушныя ў пахвале маштабных батальных сцэн. Усё астатняе, уключаючы ігру Хаакіна Фенікса (акцёр, выканаўца ролі «Джокера»), які грае імператара, асабліва кінакрытыкаў не ўразіла.

Сваю ролю, вядома, адыгралі і ляпы, без якіх гістарычны фільм увогуле зняць вельмі цяжка. Насуперак таму, што адбываецца ў фільме, Напалеон ніколі не страляў па пірамідах у Егіпце і не прысутнічаў пры пакаранні Марыі-Антуанэты (з гэтай сцэны пачынаецца фільм). Дарэчы, сам Скот на старонках часопіса «New Yorker» адрэагаваў на такі фактчэкінг словамі: «Лепш атрымлівайце асалоду ад жыцця».

Зрэшты, на радзіме Напалеона рэакцыя на стужку яшчэ горшая. Тут аўтары шматлікіх рэцэнзій увогуле абвінавацілі рэжысёра ў тым, што ён зняў… антыфранцузскі пасквіль.

Гісторык Патрыс Геніфі распавёў часопісу «Le Point», што 85-гадовы брытанскі рэжысёр Рыдлі Скот, вядомы такімі сваімі працамі, як «Чужы», «Беглы па лязе» і «Гладыятар», «яўна не любіць Напалеона».

«Перад намі паўстае карыкатура на амбіцыйнага карсіканца. На экране мы бачым панурага грубіяна, які таксама агідна ставіцца да сваёй жонкі Жазэфіны», — лічыць гісторык. Ён таксама не пагадзіўся з «мудрагелістай» статыстыкай у канцы фільма, якая сцвярджае, што Напалеон быў адказны за тры мільёны смерцяў. Тое, што фільм завяршаецца кадрамі з паражэннем Напалеона ў бітве пры Ватэрлоа, тым жа Геніфі ўспрымаецца як доказ «вельмі антыфранцузскага і вельмі праанглійскага» падыходу англічаніна Скота.

Па меркаванні іншых французскіх крытыкаў, Напалеон у выкананні Хаакіна Фенікса не падобны да свайго прататыпа. «Напалеон аказваецца занадта сумным і дыдактычным, каб адпавядаць сваёй асобе», — піша «Les Numeriques». Газета« Le Figaro» наогул заявіла, што фільм можна было б назваць «Барбі і Кен у часы Імперыі». Французскі часопіс «GQ» заявіў, што фільм — «нешта вельмі нязграбнае, ненатуральнае і ненаўмысна пацешнае, асабліва, калі бачыш у 1793 годзе французскіх салдат, якія крычаць «Vive La France» з амерыканскім акцэнтам».

У прынцыпе, такую негатыўную ацэнку твора Рыдлі Скота можна растлумачыць традыцыйна ўласцівай французам імпульсіўнай англафобіяй. Аднак эксперты лічаць, што гэта не ксенафобскі рэфлекс. Два гады таму, у гадавіну 200-годдзя з дня смерці Напалеона Банапарта, Эмануэль Макрон заявіў Францыі, што імператар «з'яўляецца часткай кожнага з нас».

Падобная гларыфікацыя імператара мае супярэчлівыя наступствы. У той час як некаторыя французы бачаць у Напалеоне геніяльнага ваеннага лідара і палітычнага стратэга, які заклаў асновы французскай адміністрацыі, іншым французам імпануюць яго антысемітызм, ксенафобія (Напалеон, нагадаем, аднавіў рабства, забароненае пасля рэвалюцыі), аўтарытарная мадэль кіравання. Фактычна супернікі дэмакратыі атрымалі ў асобе Напалеона алібі для прасоўвання сваіх наратываў. Так ці інакш, дыскусія аб спадчыне Напалеона ў Францыі аднавілася.

Застаецца прагназаваць, што самае цікавае, верагодна, наперадзе. 22 лістапада адбудзецца сусветная прэм'ера «Напалеона». Пасля гэтага фільм убачаць таксама ў Расіі, дзе зашкальваюць шавінісцкія настроі. Няма сумневаў, што расійскія патрыёты выставяць Рыдлі Скоту свой пакет арыгінальных прэтэнзій за недастатковае або скажонае выяўленне ролі Расіі ў гісторыі Наполеона.