Як пры Напалеоне ў Беларусі вырашалі побытавыя праблемы
У 1812 годзе звычайныя пытаньні, далёкія ад армейскіх атакаў ці абароны ад ворага, былі неад’емнай часткай жыцьця беларускіх жыхароў у тыя месяцы, калі расейская акупацыя скончылася дзякуючы Напалеону Банапарту. Як вырашаліся такія рэчы, кажуць дакумэнты таго часу.
![Пераправа празь Нёман Напалеона і ягонай арміі Пераправа празь Нёман Напалеона і ягонай арміі](/img/v1/images/peraprava_praz_njoman_logo.jpg.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пераправа празь Нёман Напалеона і ягонай арміі
Як вядома, Напалеон паабяцаў аднавіць акупаванае напярэдадні Вялікае Княства Літоўскае. Фармальна справа ажыцьцявілася, імпэратара радасна віталі ў Вільні і іншых гарадох нашай дзяржавы. На мейсцах ствараліся органы ўлады, якія мусілі выконваць самыя звычайныя функцыі і вырашаць штодзённыя пытаньні.
Некаторыя рапарты, загады, рэкамендацыі ліпеня-лістапада 1812 году мы ўключылі ў гэты матэрыял.
Расьсьледаваньне справы пра двубой між французскім і італьянскім жаўнерам у Вітунічах
5 лістапада 1812 году
Рапарт у падпрэфектуру Барысаўскага павету ад падкамісара Шклянскага кантону.
3 лістапада рэгент Фэлікс Трацэўскі паведаміў пра забітага на паядынку італьянца Раймунда Скароніма, якога забіў Шарль Масоні: «У сувязі з гэтым я прыехаў на мейсца здарэньня ў Вітунічы. Там зрабіў допыт селяніна Янука Куцейкі, які стаў сьведкам двубою. Пасьля агляду нябожчыка загадаў ксяндзу Хруцкаму, пробашчу Вітуніцкага касьцёлу, пахаваць італьянца, а Шарля Масоні, які ўжо быў арыштаваны сяржантам Рыкэ, скіраваць да пляц-камэнданта гораду Докшыцы.
У дапамогу сяржанту даў некалькі стражнікаў. З Докшыцаў Масоні быў скіраваны пляц-камэндантам Фантэнам да прэфекта ў Барысаў дзеля экзэкуцыі. У Барысаве ж пан Ігнацы Козел быў знойдзены хворым, а пан Жэлязоўскі ў старым веку. Таму на экзэкуцыю не было каго паставіць.
Паведамляю таксама і аб уласным нездароўі і, як неаднаразова ў рапартах пісаў, прашу звольніць мяне з маіх абавязкаў».
![3_673.jpg 3_673.jpg](/img/v1/images/3_673.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аб спраўленьні ўрачыстых малебных сьпеваў з нагоды перамогі Напалеона над расейцамі і займаньня Масквы
24 верасьня 1812 году.
Ад Духоўнай Камісіі Менскай дэканам Менскай дыяцэзіі рэкамендацыя.
Яго міласьць Пастыр атрымаў паведамленьне аб перамозе Вялікага Імпэратара і караля Напалеона над ворагам наступнымі словамі: «Яго Імпэратарская Вялікасьць загадаў падзякаваць Госпаду Ўсемагутнаму ва ўсіх касьцёлах па ўсёй дзяржаве праз урачысты сьпеў «Te Deum» за пасьпяховую пераправу празь Нёман, Дзьвіну і Дняпро, за пасьпяховыя бітвы пад Магілёвам, Дрысай, Полацакам, Астроўнай і Смаленскам. І нарэшце за слаўную бітву пад Масквой, між іншым пасьля перамогі над ворагам непераможныя французскія шэрагі пад кіраўніцтвам Вялікага Напалеона ўвайшлі ў Маскву 14 верасьня.
Ён даручыў Камісіі выканаць распараджэньне, якое рэкамендуе дэканам, каб ва ўсіх касьцёлах духавенства сьвецкае і законнае абвесьціла такое паведамленьне сабранаму народу, кажучы: "Te Deum laudamus са звычайным набажэнствам за шчасьлівы посьпех у справе Айчыны нашай Вялікага Цэзара каб адправілі".
Аб рэкамендацыі гэтай каб данесьлі.
Камісар, канонік Менскі, ксёндз Ігнацы Кандратовіч».
Глядзіце таксама
![Як жанчына паўплывала на рашэньне Напалеона аднавіць ВКЛ Чаму Напалеон аднаўляў Рэч Паспалітую? Шэршэ ля фам](/img/v1/images/800px_napoleonalps_detail.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Аб стане смалявіцкай правіянтнай крамы
2 верасьня 1812 году.
Рапарт да падпрэфектуры Барысаўскага павету ад падкамісара смалявіцкай крамы:
«Прызначанага фуражу для дастаўкі ў смалявіцкую краму некаторыя грамадзяне нават у найменьшай меры не прывезьлі, аб чым я 26 жніўня справаздачыўся падкамісару Пляваку дзеля выкананьня.
Я да гэтага часу не магу дачакацца патрэбнай экзэкуцыі. І ў сувязі з такім прыходам партыяў фуражу вымушаны быў па вёсках сам езьдзіць. І ўжо другі дзень быў прыкуты да ложка па хваробе, і не было кім мяне замяніць, што напэўна плёну краме не прынясе. У гэтым выпадку прашу падпрэфектуру, як чулага і справядлівага органа, аб прызначэньні камісара крамы, як даўно ўжо павінна было быць.
А таксама прашу аб сродках для лекаваньня.
Падкамісар Мікалай Яноўскі».
Аб наборы 1000 чалавек шляхты ў гвардыю
26 верасьня 1812 году.
«Адміністратыўная Камісія Менскага Дэпартамэнту па даручэньні Найясьнейшага імпэратара Напалеона загадвае Барысаўскай падпрэфектуры прыцягнуць тысячу шляхетнай моладзі ў імпэратарскую гвардыю. Неабходна, каб падпрэфект барысаўскі раздрукаваў гэтае даручэньне і заахвоціў маладзёнаў далучыцца да службы.
Адміністратыўная Камісія спадзявалася, што ўжо такая колькасьць была назьбіраная, але ня бачыць у той справе посьпеху. І штодзённыя намаганьні палкоўніка Красінскага, які прыехаў з гэтай нагоды, не прыносяць плёну.
Таму Камісія вымушана загадаць падпрэфектуры нагадаць жыхарам свайго рэгіёну аб удзячнасьці да Найвялікшага з манархаў і ў дадатак да выстаўленьня тысячы чалавек шляхетнай моладзі ўзгадаваць іх патрыятызм, каб ішлі да славы на голас Напалеона Вялікага.
Падпісалі: Юзэф Валадковіч, Ксаверы Абуховіч, Раман Іваноўскі».
![Адзін з дакумэнтаў часоў Напалеона ў Беларусі Адзін з дакумэнтаў часоў Напалеона ў Беларусі](/img/v1/images/1_832.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адзін з дакумэнтаў часоў Напалеона ў Беларусі
Просьба Барысаўскага магістрату аб заахвочваньні хрысьціянскага насельніцтва горада пастаўляць французам розныя прадукты на роўных умовах з габрэямі
11 жніўня 1812 году.
Рапарт ад Павятовай камісіі барысаўскай да барысаўскага магістрату:
«Вядома Павятовай камісіі, што Павятовая камісія неаднаразова рэкамендавала, каб для патрэбаў існуючай часткі французскай арміі ў Барысаве вылучыць генэралам, камэндантам, афіцэрам, жаўнерам і хворым у лазарэце вайсковым у Барысаве розныя харчовыя прадукты, каву, цукар, ячмень, мёд, аліўкавы алей, воцат, муку пшанічную штодзень па 300 фунтаў, 3 бочкі піва кожны дзень.
Акрамя гэтага неабходныя людзі для пабудовы моста, для аховы складоў і жывёлы і людзі ў згаданы лазарэт. Такіх людзей неабходна, прынамсі, 150 штодзень. А таксама розны посуд, сталовыя прылады для генэралаў, камэндантаў і іншых афіцэраў.
А горад выносіць гэты цяжар выключна дзякуючы габрэйскай супольнасьці і невялікай частцы хрысьціянаў. У вырашэньні вышэйзгаданых пытаньняў мы задавальняем іх уласна. А хрысьціяне як далі напачатку 2 бочкі пшаніцы, болей нічога не давалі. І габрэйская супольнасьць выдала на гэтыя патрэбы ўжо суму да 1000 рублёў срэбрам, а хрысьціяне з дапамогай грошай нічога не рабілі.
А таму барысаўскі магістрат Павятовай камісіі даносіць рапарт, у якім ласкава просіць, каб хрысьціяне таксама рабілі ўнёскі долі іх жыхароў. І каб па-роўну рэестр утрымліваў усе выдаткі.
Мэер Гіршовіч, Лэйба Мардуховіч».
Глядзіце таксама
![Напалеон Банапарт у Беларусі: віталі як вызваліцеля. Дзе ў Беларусі шукаць месцы Напалеона Банапарта?](/img/v1/images/00_vokladka_17.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пастанова губэрнатара Менскага дэпартамэнту Бранікоўскага аб працэдуры разгляду скаргаў на марадзёраў
1 жніўня 1812 году.
«У скарзе на паручніка Фантана, напісанай барысаўскай камісіяй, даецца адказ, што ў Барысаве знаходзіцца генэрал Барбанэгрэ, якому я ўжо пісаў і была ўжо выкладзеная справа гэтага афіцэра.
І калі выявіцца, што Фантан вінаваты, згаданы генэрал выканае поўную справядлівасьць. І ва ўсіх сытуацыях, якія яшчэ могуць узьнікнуць з боку марадзёраў і іншаземцаў, жыхары няхай зьвяртаюцца да гэтага генэрала.
Генэрал і губэрнатар Менскага дэпартамэнту Бранікоўскі».
![Адзін з дакумэнтаў часоў Напалеона ў Беларусі Адзін з дакумэнтаў часоў Напалеона ў Беларусі](/img/v1/images/2_759.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адзін з дакумэнтаў часоў Напалеона ў Беларусі
Пра прыбіраньне з дарогаў мёртвых коней і скаціны
17 ліпеня 1812 году.
Ад Аддзелу камісіі Галоўнай Паліцыі да Павятовай камісіі Барысаўскага павету:
«Даходзіць інфармацыя, што на дарогах валяецца шмат дохлай жывёлы і коней, і каб яны не забруджвалі паветра і не было небясьпекі для здароўя жыхароў, Павятовая камісія дасылае паведамленьне акруговым падкамісарам, каб рэкамендаваць пераслаць яе тым, каму належыць. Каб усе трупы, дзе б яны не ляжалі, былі прыбраныя з дарогаў вёсак і гарадоў і пахаваныя глыбока ў зямлі. І з гэтага часу сачыць за тым, каб Галоўная Паліцыя ня мела патрэбы зноў абвяшчаць гэтую рэкамендацыю.
Граф Ксаверы Ліпскі».
Зімою 1812 году Напалеон, а разам зь ім і мары пра аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага былі вымушаныя зьбегчы з нашых земляў.