Топ-10 фільмаў Жана Габэна, першай французскай суперзоркі
Ён пачаў здымацца ў 1928 годзе, а скончыў толькі разам са сьмерцю, 15 лістапада 1976 года. З гэтай нагоды мы склалі сьпіс з лепшых працаў актора, які значна раней за Алэна Дэлона і Бэльмандо прыцягнуў у шэрагі аматараў французскага кіно мільёны людзей з усяго сьвету. Прыемнага прагляду!
Нумар 10. Мэгрэ ставіць пастку (Maigret tend un piège). 1958
Адзін з самых знакамітых вобразаў вялікага Жана Габэна – гэта інспэктар Мэгрэ. Актор двойчы выконваў ролю таго, хто сваім розумам разблытвае самыя складаныя злачынствы ў Францыі. Габэн увасабляе парыжскага дэтэктыва з такой аўтэнтычнасьцю, што ёсьць небясьпека паверыць у тое, што кожны службіт закону выглядае і дзейнічае падобным чынам.
Сцэнар, створаны паводле раману Жоржа Сімэнона, надзвычай удалым чынам кіруе ўвагай гледачоў. Парыж, сэрыйны забойца забівае адну за адной жанчынаў. Яго неабходна спыніць – з такім справіцца толькі інспэктар Мэгрэ.
Нумар 9. Мэлёдыя са скляпеньня (Mélodie en sous-sol). 1963
У гэтай стужцы прысутнічае дуэт розных эпохаў французскага кіно, зь якім далей мы яшчэ сутыкнемся ў іншых фільмах нашага рэйтынгу: Алэн Дэлон і Жан Габэн. Слоганам карціны Анры Вэрноя, якая атрымала амэрыканскую ўзнагароду «Залаты Глёбус» за «Найлепшы замежны фільм» быў: «Не распавядайце пра фінал стужкі, вам усё адно ніхто не паверыць».
Чым скончыцца, казаць вядома ня будзем, але паверце, фільм больш чым варты вашага вечару. Рабаваньне казіно ў знакамітых Канах – гучыць ужо захапляльна. Галоўныя героі распрацоўваюць ідэальны плян, які прынясе доўгачаканую вялікую здабычу ў іх рукі. Прыгатаваньне і само рабаваньне – адно з найлепшых, зьнятых у кіно.
Нумар 8. Прысуд (Verdict). 1974
Андрэ Каят зьняў Жана Габэна ў адной з апошніх яго фільмаў. Разам з французам на экране зьзяе цудоўная Сафі Ларэн. Фільм паглыбляецца ў складанасьці судовага працэсу, дзе любая дробязь надае новыя сэнсы ў як меркавалася, зразумелай крымінальнай справе. Гісторыя, хоць і сканцэнтраваная на канкрэтнай справе абвінавачаньня маладога чалавека ў забойстве, становіцца больш глыбокім выказваньнем аб магчымай памылковасьці судовай сістэмы.
Абаронца, пракурор, таямнічы падсудны і яго маці – усе знаходзяцца пад пільным наглядам суддзі. Яго прысуд не можа пахіснуць ніводная ілжывая дэталь. Ці не магла?
Нумар 7. Клян сіцылійцаў (Le clan des siciliens). 1969
Крымінальная драма, у якой сышліся французскія зоркі кіно: акрамя Жана Габэна, у галоўных ролях задзейнічаныя Алэн Дэлон і Ліна Вэнтура. Вядома, зь іх траіх толькі адзін мог бы выканаць ролю кіраўніка сіцылійскага мафіёзнага кляну. І як выканаць! Жан Габэн паказвае на ўласным прыкладзе, што ўвогуле азначае быць акторам. Яго шырыня таленту зьзяе нават, калі ён маўчыць і не рухаецца. Адзін позірк, адна сэкунда на экране – і гледачы атрымліваюць менавіта тое пасланьне, якое было задуманае рэжысэрам.
Музыка Эніа Марыконэ дадае важкасьці фільму. Дарэчы, на мінулым тыдні ўзгадвалі вялікага кампазытара, яго іншыя выбітныя стужкі знойдзеце тут.
Сюжэт жа гэтай карціны разгортваецца вакол старанна расплянаванага рабаваньня.
Нумар 6. Не чапай здабычу (Touchez pas au grisbi). 1954
Жак Бэкер зьняў фільм, у якім герой Жана Габэна трапляе ў гангстэрскую заблытаную гісторыю, якую неабходна нейкім чынам скончыць. Састарэлы гангстэр, які набліжаецца да канца свайго злачыннага і жыцьцёвага шляху спрабуе пераасэнсаваць усё сваё ранейшае жыцьцё.
Вобраз Габэна паказвае эвалюцыю жанру ад некаторага рамантычнага праслаўленьня жыцьця па-за законам да развагаў аб жорсткім самотным існаваньні ўдзельнікаў злачынных груповак.
Стужка прасякнутая атмасфэрай пасьляваеннага Парыжу, дзе цёмныя кавярні і бары і слаба асьветленыя памяшканьні становяцца маляўнічым месцам для роздумаў аб выхадзе на пакой. Але перад гэтым, як заведзена, неабходна скончыць яшчэ адно рабаваньне. Простая і шчодрая справа прынясе сутыкненьні з новым, больш жорсткім пакаленьнем бандытаў.
Нумар 5. Узьбярэжжа туманаў (Le quai des brumes). 1938
Гэта кінематаграфічны шэдэўр, які зьяўляецца сьведчаньнем руху так званага паэтычнага рэалізму даваеннага французскага кіно. У гэтым напоўненым туманам фільме Жана Габэна ўвасабляе асуджанага жаўнера на імя Жан. Рэжысэр Марсэль Карнэ здолеў стварыць з тумана партовага горада Гаўр неад'емнага мэлянхалічнага героя, амаль раўназначнага з любым чалавекам у гісторыі.
Пад цяжарам ваеннага шыняля вочы героя амаль заўжды скіраваныя глыбока пад ногі ўсярэдзіну сябе. Доўгімі восеньскімі вечарамі гэтая стужка пакладзецца як мага ўтульней у вашае сэрца. Кранальныя сутыкненьні Жана Габэна з туманнай будучыняй прымусяць вас ухапіцца мацней за сёньняшнія даброты. Сьмела крочце разам з героем.
Дарэчы, гераіню Мішэль Сымон апранала сама Како Шанэль.
Нумар 4. Кот (Le chat). 1971
У гэтай змрочнай драме Жан Габэн грае сталага чалавека на пэнсіі, чый шлюб з жонкай, якую з надзвычайным талентам сыграла Сымона Сіньярэ, такі ж закінуты, як і месца пад Парыжам, дзе жыве пара.
Рэжысэр Гранье Дэфэр выкарыстоўвае маўчаньне паміж мужам і жонкай як гучны звон, каб асьвятліць іх сумеснае і асобнае жыцьцё. Герой Габэна - чалавек, які нібы ўвасоблены ў мармуры смутку, чалавек, захоплены тымі самымі эмоцыямі, якія ён не можа выказаць.
Некалі яны былі адным, а зараз – згубленыя часткі на агульных квадратных мэтрах.
Нумар 3. Гэта час забойцаў (Voici le temps des assassins). 1956
Фільм-нуар ад рэжысэра Жульена Дзювіўе распавядае пра інтрыгі і падман, у цэнтры якіх герой Жана Габэна, паважаны рэстаратар, жыьццё якога перкруціла з ног да галавы раптоўнае зьяўленьне маладой жанчыны, якая выдала сябе за дачку яго памерлай жонкі.
Назва фільма, якая паказвае на тое, што надышоў час для злосьці, адлюстроўвае сутнасьць гісторыі, якая спрабуе паказаць чалавечую прыроду ў яе самым злым выглядзе. Адносіны дваіх чалавек, напружаныя і загадкавыя, становяцца полем для маніпуляцыі маладой жанчыны. Што кіруе ёю, і чаму яна спрабуе злавіць у сваю сетку мужчыну?
Парыж, паказаны ў стужцы – ўжо легендарны, такіх вуліцаў, падобных размоваў і звычайнай гарадзкой мітусьні ўжо не знойдзеш у сталіцы Францыі. Краіна часоў Жана Габэна засталася хіба ў стужках зь яго ўдзелам.
Нумар 2. Двое мужчынаў у горадзе (Deux hommes dans la ville). 1973
Два галоўныя героі, дзьве абсалютна розныя эпохі ў францускім кіно, і можна доўга спрачацца, хто зь іх быў больш папулярны — Жан Габэн і Алэн Дэлон.
Перад тым, як глядзець фільм, будзе вельмі цікава даведацца наступны факт: рэжысэр Жазэ Джаваньні быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня, якое пазьней было замененае на 20 гадоў катаргі. Пасьля 11 гадоў зьняволеньня ён выйшаў на волю і стаў пісьменьнікам і рэжысэрам. Гэтая стужка будзе разглядаць якраз актуальную для тых часоў у Францыі, і для нашых часоў у Беларусі, праблему сьмяротнага пакараньня.
Алэн Дэлон грае рабаўніка банку, якога датэрмінова вызваляюць з-за кратаў, а Жан Габэн у якасьці былога паліцэйскага, а зараз супрацоўніка сацыяльнай службы, мусіць даглядаць за ім і дапамагчы ўладкавацца ў жыцьці. Плян добры, на яго згодныя абодва, але ў іх гісторыю трапляе іншы чалавек, які жадае нарабіць злога для вызваленага.
Нумар 1. Вялікая ілюзія (La grande illusion). 1937
Гэтая карціна — вяршыня творчасьці вялікага Жана Рэнуара. У галоўнай ролі зьняўся малады Жан Габэн. Напярэдадні Другой сусьветнай разьні рэжысэр зьвяртаецца да падзеяў, што адбываліся ў Першую сусьветную, калі два францускія пілоты трапілі ў нямецкі лягер для ваеннапалонных. Там яны сустракаюць брытанскіх афіцэраў, і пачынаюць рыхтаваць плян уцёкаў.
Гэта вялікае антываеннае кіно. Сама назва робіць спасылку на кнігу пачатку ХХ ст «Вялікая Ілюзія», у якой аўтар кажа, што вайна бескарысная праз агульныя эканамічныя зацікаўленасьці ўсіх эўрапейскіх краінаў. Жан Рэнуар паказвае нам прыклад чалавечнасьці ў змрочных умовах.
Рэжысэр выкарыстоўвае лягер для ваеннапалонных як мініятуру ўсяго сьвету. Абсалютна розныя людзі знаходзяцца пад адным дахам, што ахоўваецца нямецкай арміяй.
Рэнуар дае ясны адказ, што калі мы прагнем лепшага сьвету для сябе і ўсяго чалавецтва, патрэбныя не пачуцьці, але намаганьні і ўчынкі. Гэтая стужка выклікала захапленьне ў Франкліна Рузвэльта і была забароненая для паказу Гітлерам і Мусаліні.
Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.