Сяргей Навумчык: У імперскім стане Расія заўсёды застанецца пагрозай найбліжэйшым суседзям
Імперская ментальнасць не дазволіла і не дазволіць рускаму народу самастойна пабудаваць дзяржаву, якая не з'яўлялася б пагрозай існавання чалавецтва, лічыць публіцыст і экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі. І прапануе глядзець на рэформы ў Расіі, як на знішчэнне Трэцяга Рэйху.
Заходнія лідары, якія яшчэ ўчора шукалі сяброўства з Крамлём, якія глядзелі скрозь пальцы на паўзучае паглынанне Масквой Беларусі, на агрэсію супраць Грузіі, анексію Крыма, закліналі «не раздражняць» Пуціна, — сёння ўсё часцей кажуць аб вайсковым супрацьстаянні з Расіяй.
Не выключаючы і «гарачую» яго фазу, іншымі словамі — непасрэднае баявое сутыкненне Расіі і НАТА. Паўночнаатлантычнаму альянсу, зразумела, адводзіцца роля абарончая — бокам, які будзе атакаваць, будзе Масква. З гэтым, падобна, змірыліся як з непазбежнасцю.
Называюцца розныя тэрміны: ад двух да сямі гадоў. Найбольш аптымістычным выглядае сцэнар кіраўніка абароннага ведамства Германіі: ён не кажа пра непазбежнае баявое сутыкненне, але затое саму працягласць ваеннага супрацьстаяння Захаду і Расіі вызначае ў некалькі дзясяткаў гадоў.
Такія прагнозы, спадзяемся, нарэшце ставяць кропку ў дабрадушным успрыманні Расіі і надзеях на хуткую яе дэмакратызацыю, якія з 1991 года зусім беспадстаўна валодалі розумамі абсалютнай большасці тых, хто вызначаў палітыку заходняга свету.
Але адкрытым застаецца пытанне: а што хацеў бы бачыць Захад на месцы цяперашняй Расіі?
І вось тут мы па-ранейшаму сутыкаемся ці то з неразуменнем сутнасці Расіі, ці то з нежаданнем вымавіць услых тое, што не раз і не два пацвярджалася гісторыяй. А менавіта: у імперскім (або, як гэта прыгожа вызначана ў Канстытуцыі РФ, «федэратыўным») стане Расія ніколі не будзе ні прававой, ні дэмакратычнай дзяржавай — але заўсёды застанецца пагрозай найбліжэйшым суседзям.
Хто б ні спрабаваў за апошняе стагоддзе перарабіць краіну, — і ў бальшавікоў, і ў дэмакратаў вынік быў адзін і той жа: дыктатура. Прычын гэтаму хапала, але галоўная — сфармаваная стагоддзямі імперская свядомасць.
Варта, нарэшце, прызнаць, відавочную рэч: імперская ментальнасць не дазволіла і не дазволіць рускаму народу самастойна пабудаваць дзяржаву, якая не з'яўлялася б пагрозай існавання чалавецтва. І якую ж недаравальную памылку зрабіў Захад у пачатку 1990-х, не паставіўшы поўную ліквідацыю ядзернай зброі ўмовай эканамічнай дапамогі Расіі!
Асобная тэма — згода на сяброўства Расіі ў Радзе Бяспекі ААН, куды Масква пралезла шляхам банальнага шарлатанства; нагадаем, што асноўным прэтэндэнтам на месца СССР у Радзе Бяспекі была дэмакратычная Японія.
Сусветныя лідары не хлусяць ні секунды, калі запэўніваюць Крэмль, што Захад не хоча распаду Расіі — так, сапраўды, тыя, хто сягоння кіруе цывілізаваным светам, не жадаюць гэтага. Яны не бачаць, не хочуць заўважаць прамых паралеляў паміж Расіяй і Трэцім Рэйхам.
А немагчыма ўявіць, каб Чэрчыль або Рузвельт запэўнівалі Гітлера, што не хочуць знішчэння Трэцяга Рэйха, і што іх мэта — толькі вызваліць заваяваныя нацыстамі тэрыторыі. Успомнім: у 1945-м адбыўся не проста крах нацысцкага рэжыму — быў знішчаны і Трэці Рэйх.
Прычым знішчаны не толькі як дзяржаўнае, але і як тэрытарыяльнае ўтварэнне. Германія была падзелена паміж саюзнікамі на чатыры зоны адказнасці. Фарміраванне новых дзяржаўных інстытутаў узялі на сябе іншыя дзяржавы. Пакінем па-за межамі тэмы той факт, што адна з іх перайшла пад кантроль не менш бесчалавечнага, чым нацысцкі, рэжыму — важны гістарычны і прававы прэцэдэнт.
Цяпер усё часцей пішуць пра непазбежны распад Расіі — як той казаў, «добра, але мала». Лепшым рашэннем было б знешняе кіраванне дэмакратычнымі дзяржавамі зонамі адказнасці, па прыкладзе пасляваеннай Германіі. Тэрмін — мінімум адно, а лепш два пакаленні, каб паспела выветрыцца са свядомасці ўся гэтая фашысцкая дур накшталт «вялікай Расіі» і «гістарычнай місіі рускага народа». І як жыхароў нямецкіх гарадоў прымусова абавязвалі хаваць целы закатаваных у канцлагерах — так і масквічы, і пецярбуржцы павінны будуць адпрацаваць належны час на аднаўленні разбураных украінскіх гарадоў.
Магчыма, пасля нейкія часткі цяперашняй Расіі захочуць аб'яднацца ў канфедэрацыю, а нейкія застануцца незалежнымі. Гэта ўжо вырашаць самім народам цяперашняй РФ — але толькі пасля таго, як асэнсуюць тое, што з імі адбылося і набудуць навыкі элементарнай палітычнай адказнасці.
Лічыць, што варта толькі выдаліць Пуціна, спыніць вайну з Украінай, і ўсё паступова ўтрасецца — небяспечная ілюзія, якая гарантуе паўтарэнне пакут суседніх з Расіяй народаў. І, магчыма, не толькі суседніх.