Дапамагаць беларусам праз BYSOL цяпер можна з дапамогай Patreon

Фонд салідарнасці BYSOL паведаміў, што дапамагаць беларусам цяпер можна праз Patreon. Гэта сервіс дазваляе ахвяраваць фонду на рэгулярнай аснове, што дапамагае закрываць зборы былым палітвязням, сем'ям палітзняволеных, а таксама працы каманды эвакуацыі і іншых кірункаў працы. Жадаючыя рабіць ахвяраванні такім чынам могуць абраць напрамак дзейнасці, які лічаць вартым падтрымаць.

Фота bysol.org

Фота bysol.org

Фонд BYSOL быў створаны ў жніўні 2020 года ў адказ на хвалю рэпрэсій, якія захапілі Беларусь. Фонд увесь час пашырае спектр дзейнасці, дадаючы новыя напрамкі ў адказ на выклікі часу. Каб мець такую магчымасць і надалей, BYSOL прапануе беларусам за мяжой аформіць платную падпіску на профіль у Patreon, гаворыцца ў прэс-рэлізе, які атрымаў «НЧ».

«Сярод беларускіх грамадскіх структур, якія прыцягваюць прыватныя грошы людзей, BYSOL з'яўляецца самай буйнай. І агульная сума, якую ў нас атрымліваецца сабраць штогод, добра ілюструе нашы фандрайзінгавыя магчымасці як фонда, які дапамагае людзям у цяжкай сітуацыі, — дзеліцца стваральнік фонда Андрэй Стрыжак. — Я хацеў бы падзякаваць усім, хто дапамагае нам, кожнаму і кожнай, хто робіць ахвяраванні людзям у бядзе. І я хацеў бы запрасіць вас аформіць падпіску на наш Patreon. Гэта важна для нас, таму што нават самае маленькае ахвяраванне, якое прыходзіць да нас рэгулярна, дазваляе планаваць нашу працу на будучыню. Памятайце, што працаваць далей і абараняць сваіх — гэта не проста слоган, а нашыя з вамі дзеянні».

З дапамогай Patreon можна ахвяраваць невялікія сумы, але рэгулярна. Разам з гэтым падпісчыкі маюць магчымасць дасылаць ці атрымліваць асабістыя паведамленні ад фонда. «Каманда BYSOL заўсёды ўдзячная водгукам і прапановам і прыслухоўваецца да іх», — адзначае фонд.


Глядзіце таксама

У акаўнце фонда на Patreon карыстальнікі могуць абраць узровень падтрымкі (10-19,5 еўра ў месяц) і напрамак дзейнасці, які хочуць падтрымаць:

— сродкі, сабраныя ад падпіскі на ўзровень «Люблю Беларусь!», пойдуць у «агульны збор» фонда. З дапамогай яго BYSOL дапамагае сем'ям палітычных зняволеных і былым палітвязням — гэтым людзям патрэбная не толькі фінансавая, але і псіхалагічная дапамога, а часта яшчэ і прафесійная перападрыхтоўка;

— узровень «Мне дапамаглі і я дапамагу!» збірае грошы на тэрміновую эвакуацыю. Камандзе эвакуацыі BYSOL важна мець «у запасе» дастаткова сродкаў, каб хутка зрэагаваць і вывезці ў бяспечнае месца чалавека ці цэлую сям'ю;

— з дапамогай ўзроўню «Мне не ўсё роўна!» фонд збірае грошы на аплату работы сваёй каманды. Яна не аплочваецца ні са сродкаў «агульнай скарбонкі», ні з грошай, сабраных на эвакуацыю. Таксама BYSOL не бярэ камісію са збораў.

На дадзены момант у BYSOL ужо 95 платных падпісчыкаў. Стаць адным з патронаў можна па спасылцы.