Хронікі рэпрэсій за 8 жніўня: Азарава зноў хочуць судзіць, у «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 9 беларусаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ дзевяці чалавек. Сярод іх Глеб Сахар, Кацярына Новікава, Артур Пядзько, Уладзімір Нікіцін, Барыс Грынкевіч, Уладзімір Балабановіч, Віктар Мярзлікін, Сяргей Кулеш, Яўген Абрамовіч. Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1199 чалавек, з іх 459 — беларусы.
- У Беларусі заблакаваны шэраг анлайн-сэрвісаў
Сярод іх платформа для гульняў «Battle.nеt», анлайн-кінатэатр «Megogo» і сэрвіс для вандровак «Airbnb». З чым звязаны абмежаванні ў доступе, пакуль невядома.
- ЕС выступіў з заявай у 4-ю гадавіну фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў
«У апошняй справаздачы Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заявіў, што ёсць разумныя падставы меркаваць, што злачынства пераследу, якое з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці, магло быць здзейснена ў Беларусі.
Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення ўсіх палітзняволеных і несправядліва затрыманых.
Беларускі суверэнітэт і ідэнтычнасць знаходзяцца пад усё большай пагрозай.
ЕС застаецца з’яднаным у сваёй падтрымцы адважных людзей Беларусі, беларускага дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці ў іх імкненні да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай Еўропы.
Як толькі Беларусь пачне дэмакратычны пераход, ЕС прадаставіць падтрымку для стабілізацыі яе эканомікі і рэфармавання яе інстытутаў, у тым ліку праз Комплексны план эканамічнай падтрымкі ў памеры да 3 мільярдаў еўра. Мы і надалей будзем дамагацца таго, каб голас беларускага народу быў пачуты».
- Аляксандра Азарава будуць судзіць па новай завочнай крымінальнай справе
19 жніўня ў Мінгарсудзе будзе разглядацца чарговая крымінальная справа ў дачыненні да Аляксандра Азарава. Яму інкрымінаваныя ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 309 КК (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).
Характар высунутых абвінавачанняў дазваляе выказаць здагадку, што Азарава будуць судзіць за датычнасць да дыверсіі на вайсковым аэрадроме Мачулішчы ў лютым 2023 года, у выніку якой быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50, адзначае Позірк
Раней Азараву прызначылі 25 гадоў калоніі па «справе BYPOL». З Азаравым тады ж асудзілі і іншых удзельнікаў ByPol: Мацвей Купрэйчык, Уладзімір Жыгар, Ігар Лобан і Алег Талерчык — на 12 гадоў зняволення, Андрэй Астаповіч — на 11. Суд таксама пастанавіў спагнаць з Азарава штраф у памеры 10.000 базавых велічынь (400 тысяч рублёў), Купрэйчыка — 5.500 б.в. (220 тысяч рублёў), Жыгара, Лобана і Астаповіча — 5.000 б.в. (200 тысяч рублёў), Талерчыка — 1.000 б.в. (40 тысяч рублёў).
- КПЧ ААН прызнаў парушэнне Беларуссю правоў актывіста Кулакова па справе 2018 года
Улады Беларусі парушылі права актывіста Леаніда Кулакова на свабоду выказвання меркавання шляхам мірных сходаў, да такой высновы прыйшоў Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ), паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” праваабаронца Леанід Судаленка, піша Позірк
Паводле інфармацыі праваабаронцы, адпаведнае рашэнне было прынятае 24 ліпеня.
Кулакоў пратэставаў супраць блакавання сайта “Хартыя’97” у цэнтры Мінска 13 сакавіка 2018 года. Разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі ён павесіў на агароджу парка Чалюскінцаў банэр “Свабоду Хартыі’97” і запаліў улётку. Мужчыну затрымалі і арыштавалі на 10 сутак.
- 21-гадовага беларуса ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў» — раней яму прысудзілі 5 гадоў калоніі
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явілася прозвішча палітзняволенага Віктара Мярзлікіна.
Віктару 21 год, яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне варожасці), ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суддзя Святлана Чарапанава прызначыла хлопцу 5 гадоў калоніі.
- Нагляд за экс-палітвязнямі пасля вызвалення: «Прыязджаюць з праверкамі па два-тры разы за ноч»
Пасля вызвалення за некаторымі былымі зняволенымі ўстанаўліваецца прафілактычнае назіранне, радзей — прэвентыўны нагляд, які накладвае на чалавека жорсткія абмежаванні ды абавязальніцтвы.
Юрыст Павел Сапелка распавядае пра адрозненні паміж прэвентыўным наглядам і прафілактычным наглядам, пра ўзмацненне жорсткасці абавязкаў былых зняволеных у сувязі з новымі палажэннямі ў заканадаўстве і пра пакаранне за парушэнне забаронаў, а былыя палітвязні дзеляцца сваім досведам і распавядаюць пра праверкі і правакацыі супрацоўнікамі міліцыі.
«Прыязджаюць з праверкамі, бывала, па два-тры разы за ноч. Ты павінен адчыніць дзверы, яны даюць распісацца за тое, што яны прыехалі праверылі. Акрамя гэтага, не маеш права наведваць мерапрыемствы, дзе шмат людзей; крамы, дзе прадаецца спіртное».
- Затрымалі яшчэ чатырох жыхароў Фаніпаля
Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.
Паводле папярэдняй інфармацыі, сярод затрыманых Ілля ды Алеся Жыбурты.