«Пекін адправіў свайго прадстаўніка ў Мінск, каб той патлумачыў хлопцам, чаму не трэба ствараць праблемы»
Прэм'ер Дзяржсавета КНР Лі Цян напярэдадні сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам і Раманам Галоўчанкам. Афіцыйныя вынікі сустрэчы выглядаюць дзяжурна і скупа.

Фота Knews.kg
Пра тое, што маглі абмяркоўваць з высокім госцем за зачыненымі дзвярыма, «Филин» паразмаўляў з палітычным аналітыкам, каардынатарам «Нашай Візіі» Вадзімам Мажэйкам.
— Дыпламатычная
частка — гэта адно, а неафіцыйная — іншае, — кажа Вадзім Мажэйка. — На
мой погляд, дыпламатыя такіх краін, як Беларусь, у першую чаргу накіраваная на тое, каб заваяваць любую, хоць
сімвалічную падтрымку. А дыпламатыя такіх сур'ёзных краін, як Кітай, займаецца
тым, што абараняе інтарэсы сваёй краіны.
У гэтым сэнсе, гледзячы на Беларусь, дастаткова відавочна, што з'яўляецца асноўнай кітайскай цікавасцю. Гэта свабодны і надзейны транзіт грузаў, які стаў яшчэ важнейшым у кантэксце вайны, у кантэксце абвастрэння адносін Расіі на поўначы.
Гэта значыць, каштоўнасць беларускага транзіту яшчэ больш узрастае. І, зразумела, гэта самы відавочны прыярытэт для Кітая.
Астатняе — эканамічныя інтарэсы, перспектывы «Вялікага каменя», інвестыцыі, футбольны стадыён і іншае — усё гэта пытанні нават не другога, а наступных узроўняў. Першачарговая задача — вядома, транзіт.
Палітычны аналітык нагадаў, што ў канцы чэрвеня пытанне транзіту кітайскіх грузаў праз Беларусь абмяркоўвалі падчас сустрэчы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і старшыня КНР Сі Цзіньпін.
— І тады польскі прэзідэнт досыць адкрыта казаў пра праблемы, якія стварае ім на мяжы Беларусь. Гэта і міграцыйны крызіс, і палітвязні, сярод якіх ёсць і тыя, хто асабліва хвалюе палякаў.
Зразумела, усе зацікаўленыя ў нармальных стасунках з Кітаем і, не абмеркаваўшы, проста так секчы Кітайскі транзіт палякі не стануць. Але сітуацыя выглядае так, што яны выкарысталі гэты кітайскі дыпламатычны інструмент для таго, каб уздзейнічаць на афіцыйны Мінск.
І мы ўбачылі, як з аднаго боку значна сціх мігранцкі крызіс пасля гэтай сустрэчы, у дачыненні да палітвязняў пачаўся нейкі рух па вызваленні. Але Анджэй Пачобут, вызвалення якога патрабуе Польшча, усё яшчэ не на волі.
Глядзіце таксама

Атрымліваецца, што Польшча атрымала не ўсё, што хоча. Адпаведна, кітайскі транзіт у Еўропу працягвае заставацца пад пагрозай. Прычым пад пагрозай, з пункту гледжання КНР, нейкага даволі выпадковага фактару.
Таму што для Кітая і Беларусь, і Польшча — даволі далёкія краіны. Наўрад ці яму падабаецца, што праз тое, што гэтыя краіны паміж сабой не магу парашаць нейкія пытанні, могуць пацярпець інтарэсы Кітая.
Яго відавочнае жаданне праглядаецца: вы там дамовіцеся ўжо, усіх, каго трэба, выпусціце, міграцыйны крызіс спыніце, і не падвяргайце пагрозам наш транзіт.
Польшча прад'явіла Беларусі гэтыя ўмовы ў выглядзе ультыматуму, практычна пагрозы. Але пакуль да канца як бы не спрацавала.
І вось Кітай зрабіў спробу яшчэ раз давесці інфармацыю, верагодна, больш дыпламатычна.
Мне здаецца, гэта добры прыклад спалучэння: з аднаго боку, відавочны ціск Польшчы, з другога, гнуткая дыпламатыя пасярэдніка, якога слухаюць абодва бакі, з якім абодвум незазорна сустрэцца і які можа дапамагчы. Хочацца паглядзець, да чаго гэта прывядзе.
— Гэта значыць, гэты візіт кітайскага прэм'ера ў Мінск, на вашу думку, ідзе ў кантэксце сустрэчы лідараў Польшчы і КНР?
— Для мяне гэта выглядае абсалютна так. Дуда ў Пекіне пазначыў пагрозу для інтарэсаў Кітая ў рэгіёне. Пагроза за гэты час не была ліквідаваная цалкам. Вось Кітай адправіў свайго прадстаўніка, каб той патлумачыў хлопцам, якія праблемы і чаму не трэба іх ствараць.
— Ці прыслухаюцца «хлопцы»?
— Не будзем забываць, што сёння Кітай — другая краіна пасля Расіі, якая можа відавочным чынам і ціснуць на Лукашэнку, бо ім ёсць чым прыстрашыць, і ў той жа час у самога беларускага кіраўніка з імі нармальныя стасункі і ён не зацікаўлены іх абвастраць.
У гэтым сэнсе Кітай нават цікавей Расіі, таму што з Расіяй перыядычна ўзнікаюць нейкія рознагалоссі. З Кітаем канфліктаў у афіцыйнага Мінска няма, выключна сяброўства і любоў.
І, нарэшце, трэці момант, чаму Пекін лепш падыходзіць на ролю пасярэдніка ў дадзеным выпадку. З Сі Цзіньпінам сустрэцца не сорамна не толькі Лукашэнку, але і Дудзе. Да Пуціна ён так не паляціць.
Ды і Кітаю, наколькі я разумею, прыемна ўсведамляць, што ён адыгрывае такую вялікую дыпламатычную ролю. Гэта значыць, атрымліваецца, што ўсім бакам лепш. Таму чакаем вынік.